Суббота, 10 апреля 2021

Цыклон «Ларс»: пашкоджана 13 ліній электраперадач, чатыры аўтамабілі апынуліся ў кювеце. Расказваем, як з непагаддзю спраўляліся раённыя службы

616

Цыклон «Ларс», які на пачатку гэтага тыдня прынёс у заходнія рэгіёны Беларусі моцныя снегапады, стаў сапраўдным экзаменам на трываласць для шэрагу службаў. У гэтым плане Пружаншчыне і суседнім з намі раёнам «пашанцавала» больш за іншых. Напрыклад, у іншых рэгіёнах на адлегласці 100-200 кіламетраў увогуле ішлі праліўныя дажджы.


У нас жа парывы ветру, моцныя снегапады і парывісты вецер замяталі дарогі, ламалі дрэвы і абрывалі правады. Але да разгулу стыхіі практычна ўсе службы падрыхтаваліся загадзя, таму аператыўна прыступілі да ліквідацыі наступстваў.

Як расказвае старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Сяргей Мышкевіч, усе інспектарскія групы неслі ўзмоцненыя дзяжурствы на найбольш запоўненых трасах з мэтай аказання своечасовай дапамогі. Апошняя часцей за ўсё была запатрабавана на аўтадарозе Пружаны-Ружаны на ўчастку паміж Купліном і Кабылаўкай. З-за няправільнай ацэнкі сітуацыі на праезнай частцы ва ўмовах пагоршанай бачнасці і павышанай коўзкасці 26 студзеня ў кювеце апынуліся адразу чатыры аўтамабілі — фургон «ГАЗ», дзве фуры і адзін легкавік. Усе аварыйныя здарэнні абышліся без сур’ёзных наступстваў і пацярпелых. Як зазначае інспектар, сітуацыя магла быць горшай, калі б не аператыўныя дзеянні дарожных службаў, якія займаліся ачысткай дарог ад сумётаў.


Напрыклад, дарожныя брыгады ДЭУ-25 прыступілі да ўборкі снегу з праезнай часткі падведамасных дарог з вечара 25 студзеня, калі толькі пачаліся першыя снегапады. І на працягу трох дзён тэхніка літаральна не сыходзіла ў парк, людзі працавалі на ёй пазменна. Усяго на ачыстцы рэспубліканскіх аўтатрас было задзейнічана тры дзясяткі грузавікоў, грэйдэраў, пагрузчыкаў і трактароў. Як адзначыў начальнік упраўлення У.І.Пунько, найбольш складанымі ў першыя два дні праходжання цыклону сталі дарогі Р78 Поразава-Пружаны і Р85 Слонім-Высокае, асабліва на адкрытых участках, якія даводзілася ачышчаць ледзь не кожную гадзіну.


На дарогах раённага значэння працавалі брыгады ДРБУ-140. Як расказвае начальнік дарожнай арганізацыі А.В.Субота, тэхніка выйшла з парку таксама ўвечары панядзелка. Усяго працавала на ўборцы снегу спачатку 12 транспартных адзінак, а падчас завірух іх колькасць была павялічана да 20. Людзі ў аўральным рэжыме працавалі некалькі сутак, у тым ліку і рамантуючы тэхніку, якая з-за моцных нагрузак выходзіла са строю. Самымі складанымі ўчасткамі сталі дарогі Дабучын-Сілічы, асабліва на пад’ездзе да сіліцкага кальца, а таксама Янаўшчызна-Мурава.


У райцэнтры снегаўборачная тэхніка прыступіла да работы, як толькі снежнае покрыва на пружанскіх вуліцах стала большым за некалькі сантыметраў. З вечара 25 студзеня ўсе працавалі ў экстраным рэжыме некалькі сутак з кароткатэрміновымі перарывамі на адпачынак. Не даваў расслабіцца і моцны вецер, які літаральна задзьмуваў сляды трактароў, пакрываючы двары і тратуары сумётамі. Як паведаміў дырэктар КУВП «Камунальнік» С.В.Бабрук, такая сітуацыя назіралася на працягу аўторка 26 студзеня не толькі ў Пружанах, але і ў Ружанах, Шарашэве, Слабудцы і Новых Засімавічах, дзе давялося працаваць камунальнікам.


Дзякуючы аператыўнай дзейнасці дарожных і камунальных службаў падчас праходжання цыклону не было зарэгістравана сур’ёзных затрымак грамадскага, гандлёвага транспарту, а таксама аўтамабіляў іншых абслугоўваючых арганізацый.


З электразабеспячэннем узніклі чакаемыя праблемы. У выніку наліпання снегу на дрэвы і правады ў шэрагу населеных пунктах былі зафіксаваны абрывы ліній і выпадкі абясточвання жылых і вытворчых аб’ектаў. Як паведаміў дырэктар філіяла Пружанскія электрасеткі А.А.Усік, найбольш пацярпелі высакавольтныя лініі, якія праходзяць праз участкі, пакрытыя лесам. Часцей за ўсё 26 студзеня абрывы адбываліся ў раёне Шарашэва і паўднёвай частцы Пружанскага раёна, а таксама на захадзе ад Ружан. Падчас моцных снегападаў было пашкоджана 13 ліній электраперадачы, без святла засталіся больш паўсотні населеных пунктаў, а таксама вытворчыя аб’екты сельгаставарыстваў. На раніцу наступнага дня большая частка аварый была ліквідавана.
Алег Сідарэнка. Фота Уладзіслава Шпарлы.