Суббота, 10 апреля 2021

Ад спрашчэння вучэбнай праграмы да выкарыстання чэкаў «Маёмасць». З такімі прапановамі звяртаюцца ў «грамадскія прыёмныя» жыхары Пружаншчыны

218

У Пружанскім райвыканкаме, Ружанскім і Шарашэўскім сельвыканкамах у снежні мінулага і студзені бягучага года штотыдня працягвалі работу “грамадскія прыёмныя”. Прыём грамадзян вялі прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Пра тое, з якімі прапановамі звярталіся да іх людзі, расказала загадчык сектара аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.С.Пракаповіч.


— Сярод зваротаў найбольшую частку склалі прапановы, што закраналі дзейнасць мясцовага кіравання, сфер адукацыі і сацыяльнай абароны, — удакладніла Наталля Сяргееўна. — Грамадзяне прапаноўвалі як пашырыць паўнамоцтвы сельскіх выканаўчых камітэтаў і іх маёмасна-фінансавыя магчымасці, так і абмежаваць іх функцыі выдачай даведак і іншай уліковай дзейнасцю з наступным скарачэннем работнікаў і колькасці гэтых мясцовых органаў улады.


Многія звароты датычыліся сістэмы адукацыі. Так было прапанавана ўвесці дадатковае абследаванне для абітурыентаў, якія збіраюцца звязаць сваё жыццё з педагогікай па выяўленні парушэнняў мовы, наяўнасці лідарскіх і аратарскіх задаткаў, магчымасцяў працы з дзецьмі і падлеткамі, устойлівасці да стрэсавых сітуацый.

Рэкамендавалася спрасціць вучэбныя праграмы школ па прадметах прыродазнаўча-навуковага і фізіка-матэматычнага цыклаў пры скарачэнні колькасці гадзін на выкладанне апошніх.


Таксама ўзнімаліся пытанні існавання льгот, пашырэння сферы выкарыстання каштоўных папер. Напрыклад, пенсіянеры хацелі б мець скідкі на закупку і ўсталяванне газавага абсталявання, атрыманне дазволаў для палявання, карыстанне шэрагам медыцынскіх паслуг. Некалькі чалавек прапанавала пашырыць магчымасці выкарыстання чэкаў “Маёмасць” за кошт набыцця тавараў паўсядзённага ўжытку.


У “грамадскія прыёмныя” таксама звярталіся з прапановамі аб замацаванні ў Канстытуцыі дзяржаўнай сімволікі і выкарыстанні дзяржаўных і замежных моў на шыльдах і вонкавай рэкламе.
Работа “грамадскіх прыёмных” працягваецца.

Будзе весціся прыём у “грамадскай прыёмнай”:
—у г. Пружаны:
28 студзеня 2021 г. з 16.00 да 18.00 гадзін у будынку Пружанскага раённага выканаўчага камітэта (вул. Р.Шырмы, 17, вялікая зала, 1-ы паверх), таксама з 15.00 да 17.00 гадзін прапановы можна выказаць па тэлефонах: 2-18-78, 9-10-54;

—у г.п. Ружаны:
27 студзеня 2021 г. з 16.00 да 18.00 гадзін у будынку Ружанскага сельскага выканаўчага камітэта (вул. Савецкая, 4, актавая зала), з 15.00 да 17.00 гадзін прапановы можна выказаць па тэлефоне: 2-93-52;

—у г.п. Шарашэва:
27 студзеня 2021 г. з 16.00 да 18.00 гадзін у будынку Шарашэўскага сельскага выканаўчага камітэта (пл. Фіміна, 4, пам. 2, кабінет старшыні сельвыканкама), прапановы можна выказаць па тэлефоне: 2-92-35.