Понедельник, 20 сентября 2021

+4, тонкі лёд, рыбакі без выратавальных камізэлек — вось, што ўбачыў журналіст падчас рэйду па вадаёмах раёна

413

Як толькі адышлі моцныя маразы, то адразу пачаліся паведамленні аб надзвычайных здарэннях на лёдзе: у другой палове мінулага тыдня па вобласці чатыры чалавекі трапілі ў халодную ваду, адзін з іх, у Жабінкаўскім раёне, загінуў.


Як тлумачыць старшыня раённага таварыства выратавання на водах Ю.М.Амельянчук, праблема ў тым, што моцны мароз «лёг» на ваду, ужо пакрытую снегам. У выніку лёд атрымаўся хаця і добрай таўшчыні, але нетрывалы, вельмі крохкі. І тыя 9-10 сантыметраў, што нават пры адлізе яшчэ захоўваліся на вадаёмах, рэальна аказаліся недастатковыя для таго, каб вытрымаць вагу дарослага чалавека.


Вось толькі не ўсе разумеюць небяспеку такога лёдавага пакрыцця. У мінулую пятніцу, калі слупок тэрмометра паказваў +4 градусы, на гарадскім возеры рыбакоў было што мурашоў. Падчас прафілактычнага мерапрыемства, якое праводзілі сумесна старшыня таварыства разам з работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, практычна з кожным аматарам экстрэмальнай рыбалкі праводзілася тлумачальная гутарка. Амаль ні ў каго пры сабе не было не толькі выратавальнай камізэлькі, а ўвогуле якіх-небудзь сродкаў выратавання. Хаця небяспека была відавочная: ля берага ўжо выступала вада, а над падводнымі крыніцамі лёд пацямнеў і пачаў трашчаць.


Якраз на такой пляме мы ўбачылі пешахода, які цягнуў за сабой санкі з унукам: дзядулю настолькі цікавіла, ці бярэцца рыба, што ён не звярнуў увагу на небяспеку, якой падвяргаў не толькі сябе, але і дзіця. Мужчына паслухаўся выратавальнікаў і пайшоў да берага, некаторыя рыбакі зрабілі тое ж самае. Але некаторыя толькі адмахнуліся ад папярэджанняў.


Такую ж карціну мы назіралі і на Рудніцкім возеры, на якім у некаторых месцах лёд пад нагамі ўвогуле ішоў хваляй. Што таксама не палохала рыбакоў, якія з’ехаліся, каб выцягнуць з вады адну-дзве рыбіны даўжынёй у палец.


— Згодна з артыкулам 50 Правілаў аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь, прынятых у 2009 годзе, забараняецца выходзіць на лёд падчас лёдастанаўлення, калі яго таўшчыня менш за 7 см,— нагадвае Юрый Міхайлавіч.— А ў перыяд раставання лёду пры любой таўшчыні лёдавага покрыва выходзіць на яго не дазваляецца.
З улікам умоў надвор’я і таго, што кожны дзень на азёрах збіраецца нямала аматараў падлёднай рыбалкі, рэйдавая група будзе рэгулярна аб’язджаць вадаёмы раёна. Магчыма, нехта прыслухаецца да папярэджанняў і ўтрымаецца ад выхаду на небяспечны лёд.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.