Воскресенье, 11 апреля 2021

Удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу дырэктар філіяла «Аўтамабільны парк №11 г.Пружаны Анатоль Вакульчык: «Транспартны комплекс — эфектыўнае звяно эканомікі»

357

Анатоль Пятровіч Вакульчык, дырэктар філіяла «Аўтамабільны парк №11 г.Пружаны».


— Шосты Усебеларускі сход можна лічыць выніковай дыялогавай пляцоўкай, дзе будзем вызначаць далейшы накірунак развіцця Беларусі.
Я быў удзельнікам першых двух Усебеларускіх народных сходаў, калі яшчэ працаваў намеснікам дырэктара ААТ «Пружанскі льнозавод». Калі першы сход праходзіў у перыяд станаўлення Беларусі, мы толькі намячалі вектары развіцця, то сёння мы маем устойлівую, сацыяльна арыентаваную дзяржаву, якая развіваецца, мае стабільна працуючую вытворчасць і эканоміку. Чарговы сход ад папярэдніх адрознівае асаблівы фармат папярэдняга падрыхтоўчага этапу: гэта арганізацыя «грамадскіх прыёмных», дыялогавых пляцовак, на якіх абмяркоўваюцца пытанні не толькі сацыяльна-эканамічнага, але і грамадска-палітычнага развіцця краіны.
Для ўдзелу ў рабоце Усебеларускага народнага сходу збіраюцца прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, грамадскіх арганізацый, дэпутаты ўсіх узроўняў, кіраўнікі і радавыя працаўнікі. Мяне, як кіраўніка транспартнай арганізацыі, цікавіць развіццё транспартнага комплексу, якое ўдзельнікамі форума будзе разгледжана ў рамках Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады.
Трэба сфарміраваць канкурэнта-здольны транспартны комплекс на аснове развітай транспартнай інфраструктуры. Гэта рэальна зрабіць шляхам абнаўлення і пашырэння парка транспартных сродкаў сучаснай, камфартабельнай і экалагічнай тэхнікай. Для гэтага, як мне бачыцца, неабходна павялічыць выпуск электробусаў. Яны паспяхова эксплуатуюцца ў сталіцы і некаторых абласных гарадах, а доля іх у агульным аб’ёме вытворчасці пасажырскіх транспартных сродкаў да 2025 года складзе не менш за 30%.
Многія скажуць, што падобная тэхніка не для нашага горада і, тым больш, раёна, але не згаджуся. Наш райцэнтр адрознівае ад большасці іншых адсутнасць прамога чыгуначнага паведамлення. Чыгуначную станцыю «Аранчыцы» аддзяляе ад аўтавакзала ў Пружанах адлегласць у больш як дзесяць кіламетраў. Штодзень па гэтым маршруце намі выконваецца 44 рэйсы і перавозіцца каля паўтысячы пасажыраў гарадскіх маршрутаў. Цяперашнія рэйсавыя аўтобусы з вялікім эканамічным эфектам можна замяніць электратранспартам. Але для яго зарадкі патрэбна інфраструктура, развіццё якой будзе абмяркоўвацца на сходзе.
Акрамя таго, пры абмеркаванні развіцця транспартнага комплексу хацелася б, каб надалі ўвагу набыццю пасажырскіх транспартных сродкаў малой умяшчальнасці для выканання прыгарадных перавозак на рэйсах з нізкім пасажырапатокам і малой акупнасцю. Што да грузавых перавозак, мэтазгодна будзе працягнуць работу па адмене дазваляльнай сістэмы для міжнародных перавозак з асобнымі краінамі.
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады прадугледжвае пашырэнне транзітнага патэнцыялу праз развіццё міжнародных транспартных калідораў і ўдасканаленне сеткі лагістычных цэнтраў. Плануецца пабудаваць і рэканструяваць больш за 500 кіламетраў рэспубліканскіх дарог, 24 масты і пуцеправоды. Намечаны комплекс мер па электрыфікацыі і мадэрнізацыі чыгуначнай інфраструктуры. У галіне воднага транспарту намечаны меры па рэканструкцыі каналаў і гідравузлоў, запланавана будаўніцтва рачнога порта. Пры мадэрнізацыі наземнай інфра-структуры паветранага транспарту пашыраецца геаграфія палётаў, атрымліваюць развіццё авіяперавозкі з рэгіёнаў.
Глыбока перакананы, што форум дакладна расставіць акцэнты і вызначыць прыярытэты на бліжэйшую і больш доўгатэрміновую перспектывы. У сучасных умовах вельмі важна, што будзе захавана сацыяльная накіраванасць і ўлічаны механізмы сацыяльнай абароны насельніцтва. У галіне пасажырскіх перавозак — гэта кампенсацыя часткі затрат на перавозку і набыццё рухомага саставу. Усё гэта дарагога каштуе, і не кожная дзяржава гатова забяспечыць такія ўмовы сваім грамадзянам.
Падрыхтавала Марына Вакульская.