Понедельник, 20 сентября 2021

Як перайсці ад слоў да справы? На гэтае і іншыя пытанні адказвае лепшы валанцёр-лідар краіны Наталля Бармута

537

Быць добрым на словах можа большасць з нас. А вось перайсці ад пасіўнага спачування да рэальных дзеянняў у адносінах да адзінокіх дзяцей ці нямоглых старых можа далёка не кожны. Такім чалавекам, словы якога не разыходзяцца са справамі, з’яўляецца педагог-арганізатар СШ №5 і валанцёр Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Наталля Бармута. Жанчына па выніках рэспубліканскага конкурсу была названа лепшым у 2020 годзе валанцёрам-лідарам у краіне.


Пра тое, як людзі становяцца валанцёрамі, каб зрабіць наш свет больш чалавечным, — у нашай з ёй размове.

— Наталля Генадзьеўна, чаму Вы вырашылі стаць валанцёрам? Якія “зярняткі дабра” падштурхнулі да гэтага?
— Дабро закладзена ў кожным чалавеку, важна яго падштурхнуць да добрых спраў… Падчас работы ў школе ў Крыніцы разам з дзецьмі мы наладзілі апеку над ветэранамі і адзінокімі людзьмі. Пачыналі з малога: агароды ім капалі, хаты прыбіралі, гасцінцы да свят рыхтавалі, а потым абыходзілі ўсе навакольныя вёскі. Валанцёрства спачатку было проста часткай маіх службовых абавязкаў, а толькі потым стала справай усяго жыцця.

— А што сёння ўваходзіць у Вашы асабістыя валанцёрскія абавязкі?
— Я кіраўнік некалькіх валанцёрскіх атрадаў, каардыную і курырую дзейнасць добраахвотнікаў школы (БРСМ і БРПА) і “пярвічкі” Таварыства Чырвонага Крыжа, якую ўзначальваю. У прыватнасці, сёння, з’яўляючыся валанцёрам па COVID, у вольны ад працы час дастаўляю рэцэпты або прадукты хворым старым і адзінокім людзям.
З мінулага года ўваходжу ў абласны валанцёрскі савет Таварыства Чырвонага Крыжа і з’яўляюся адзіным прадстаўніком вобласці ў нацыянальным валанцёрскім савеце.

— Наталля Генадзьеўна, прызнайцеся, якія матывы падахвочваюць удзельнічаць у справе, якая не аплачваецца?
— Кажуць, калі чалавек нешта не аддае, ён губляе. Можа, таму ў мяне ёсць жаданне аддаваць. Я атрымліваю неверагоднае пачуццё задавальнення і ўзбагачаюся энергіяй, калі бачу, як людзі шчыра радуюцца, калі на іх звяртаеш увагу і дорыш свой час. Валанцёрства, паверце, — лепшы спосаб развіцця асобы і магчымасць размаляваць сваё жыццё яркімі фарбамі.
Нашы валанцёры не хочуць быць абыякавымі людзьмі. За час валанцёрскай дзейнасці выпрацоўваецца настолькі абвостранае пачуццё разумення і суперажывання, што кінуць сваю справу ўжо не можаш. А плата за яе вельмі высокая: валанцёрства ўзбагачае чалавека знутры і дапамагае паглядзець на свет па-новаму.

— А што самае цяжкае? Ці здаралася Вам расчароўвацца ў сваёй справе або ў людзях?
— Самае складанае — гэта сутыкацца з недаверам людзей, якія папракаюць: “Напэўна, табе няма чым заняцца”, альбо: “Табе выгадна”. Вельмі непрыемна, калі нехта спрабуе ўбачыць у валанцёрстве нейкае ашуканства. Я ў такіх выпадках адказваю: “Мы рады кожнаму. Далучайцеся! І вы зразумееце, як і навошта працуюць валанцёры”.
З іншага боку, мне падабаецца, што зараз многія падыходзяць да дабрачыннасці не толькі з адкрытым сэрцам, але і з розумам. Я лічу, што класічная парада на ўсе часы — “давярай, але правярай” — тут працуе: апошнім часам з’явілася вельмі шмат махляроў. Не хочацца сутыкацца з такімі негатыўнымі момантамі, бо часам і без іх пачуцці перепаўняюць. Цяжка бачыць, колькі людзей вакол маюць патрэбу ў дапамозе.

— Як Вы спраўляецеся з эмоцыямі?
— За дванаццаць гадоў валанцёрства я навучылася трымаць сябе ў руках, хаця кожную гісторыю прапускаю праз сябе. Часта слёзы падступаюць, але выгляду не падаю… Нашым падапечным не патрэбны жаль. Ім патрэбны любоў і шчырасць. Да гэтага рыхтую і юных валанцёраў. Напрыклад, паказваю ім фатаграфіі дзяцей з інваліднасцю, распавядаю пра іх асаблівасці, здольнасці і спадзяванні.

— Які самы важны ўрок Вы вынеслі, штодня сутыкаючыся з цяжкімі праблемамі людзей?
— Трэба шанаваць тое, што маеш. Радавацца таму, што побач з табой бацькі і сябры, а значыць, ты — багаты чалавек і можаш смела аддаваць часцінку сябе, набываючы ўзамен нешта значна большае, чым матэрыяльныя выгоды. Пры гэтым трэба быць да ўсяго гатовым і ўжо сёння ўмець суперажываць. Паколькі ніхто не застрахаваны ад гора. Калі сёння ты адчуваеш сябе ў бяспецы, гэта не значыць, што заўтра сам не сутыкнешся з вялікімі цяжкасцямі.

— А хто Вашы асноўныя памочнікі?
— У нас шмат сяброў: і фізічных асоб, і арганізацый, якія гатовы аказаць усялякую падтрымку добраахвотніцкаму руху. У прыватнасці, мы вельмі добра супрацоўнічаем з праваслаўнай царквой. Нам прыемна быць партнёрамі карэкцыйнага цэнтра і сацыяльна-педагагічнага цэнтра, дзе нам заўсёды рады. Шмат гадоў падтрымлівае нас і брэсцкая кавярня “Цяпло”, якая дапамагае збіраць падарункі нашым падапечным. Усіх назваць не магу, паколькі некаторыя партнёры хочуць застацца “за кадрам”. Многія чамусьці думаюць, што гэта вельмі заможныя людзі. Але гэта не так. Проста нашы сябры гатовы зняць з сябе апошнюю кашулю — іх капейка важкая… Увогуле валанцёрства — гэта не эквівалент грошай. Для таго, каб, у прыватнасці, напісаць ліст дзіцяці з дзіцячага дома або адправіць паштоўку са словамі падтрымкі пацыентам і медыкам бальніцы, не трэба мець тоўсты кашалёк.

— Напэўна, Вас асабліва радуе папаўненне валанцёрскіх атрадаў моладдзю?
— Так, удзел у дабрачыннасці ў юным узросце — гарантыя выхавання пакалення добрых і спагадлівых людзей. Як вынік — аздараўлення ўсяго грамадства, у якім сёння, на жаль, градус абыякавасці павышаны.

— Прадоўжыце, калі ласка, прымаўку “Добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла”…
— … добрымі справамі — туды, дзе чалавек будзе адчуваць сябе добра. Тут і зараз. Таму, калі ў вас ёсць жаданне бясплатна тварыць дабро, проста далучайцеся да любога добраахвотніцкага атрада ці руху. Балазе, іх у нас шмат. І спраў шмат, а вось людзей, на жаль, не хапае. Адважвайцеся! Ніхто з нашых валанцёраў яшчэ не пашкадаваў аб сваім выбары. Наша славутая беларуская талака, якая аб’ядноўвае неабыякавых людзей, — гэта вялікая сіла. Разам зможам зрабіць вельмі многае.
Гутарыла Алена Зялевіч. Фота аўтара.