19 студзеня было вельмі марозна, снег храбусцеў пад нагамі. Натоўпы людзей ішлі па асвечаную ваду… Праваслаўны свет адзначаў вялікае свята – Богазя‘ўленне, па-народнаму — Вадохрышча. У храмах успаміналася важная евангельская падзея — як прарок Іаан Прадцеча хрысціў Ісуса Хрыста ў рацэ Іардан.
А журналіст “раёнкі” запыталася ў людзей, што для іх значыць гэта свята ці прытрымліваюцца яны нейкіх народных традыцый?
Людміла:
— Богаз’яўленне — адна з найвялікшых царкоўных падзей. Я заўсёды вельмі чакаю студзеньскіх святкаванняў і падыходжу да іх з усёй сур’ёзнасцю. Традыцыйна езджу ў Вежнае ў манастыр ці Жыровічы, каб акунуцца ў “іардань”. Сёлета, напэўна, не адважуся: усё ж такі моцны мароз… Прызнацца, адчуванні ад нырання з галавой у ледзяную ваду атрымліваеш непаўторныя. Перадаць словамі гэта немагчыма, трэба самому адчуць жыватворнасць крыніц у гэты дзень. Я веру ў гаючую сілу вадохрышчанскай вады: і калі набіраю яе ў бутэльку, і калі акунаюся ў вадаём.
Дзмітрый з сынам Германам:
— Мне здаецца, што ў гэты дзень звычаі і традыцыі, на жаль, выцясняюць само свята, яго галоўнае значэнне. З нейкай дзіўнай заклапочанасцю адны спяшаюцца па ваду, нават не заходзячы ў храм, іншыя едуць на возера, каб нырнуць. Здаецца, асвечаная вада часам засланяе сабой Ісуса Хрыста. А што на свята галоўнае? Набажэнства, якое сваёй прыгажосцю нагадвае каляднае, і малітвы да Бога.
Ангеліна:
— Сапраўдны сэнс свята Богаз’яўлення мне, на жаль, невядомы. Ведаю толькі, што на Вадохрышча неяк па-асабліваму асвячаецца вада. Людзі бяруць яе ў храме, нясуць у свае дамы, кватэры і акрапляюць жыллё і сваіх блізкіх. Мы таксама стараемся набраць асвечанай вады. Па раніцах п’ём нашча. А яшчэ, па парадзе бабулі, калі купаем малога, дадаём у ванначку, каб ён рос здаровенькім. Дарэчы, тата мой у гэтае свята некалькі разоў ездзіў на крыніцу ў Запруды, каб акунуцца. Я не адважваюся.
Віталій:
— Сёння вельмі моцны мароз — не рызыкну акунуцца. А звычайна стараўся на Вадохрышча купацца ў крыніцы. Прызнацца, ледзяная вада — яшчэ тое выпрабаванне! Экстрым, на сустрэчу з якім не кожны гатовы. Але, кажуць, гэта вельмі карысна для здароўя, паколькі вада пасля асвячэння крыніцы становіцца гаючай. Да таго ж, настрой вельмі хутка ўзнімаецца. Праўда, да такой традыцыі трэба падыходзіць з розумам: калі ёсць нейкія хваробы, лепш не рызыкаваць
Алена:
— Для кагосьці, напэўна, Вадохрышча – гэта час купанняў, праз якія “амываюцца грахі”. А для мяне — гэта, перш за ўсё, свята Богаз’яўлення. Свята сустрэчы чалавека з Богам, Які дзеля нас прыняў хрышчэнне і такім чынам усталяваў таінства, пасля чаго ўсіх людзей сталі хрысціць. І, вядома, гэта свята воднай стыхіі, якая дадзена нам для ацалення душы і цела. Кожны дзень я п‘ью вадохрышчанскую ваду раніцай, а калі хварэю, то і тройчы на дзень. Лепшае лякарства!
Фота Алены Зялевіч