Суббота, 12 июня 2021

Фотарэпартаж з камбікормавага цэха ААТ «Велікасельскае Агра»

514

Па выніках працы за 2020 год малочны статак ААТ “Велікасельскае Агра” мае найвышэйшы паказчык сярод гаспадарак раёна — 8910 кілаграмаў на карову пры таварнасці 95,9 %. Адным са складнікаў гэтага выніку спецыялісты называюць і наяўнасць уласнага камбікормавага цэха, які год таму выпусціў першую прадукцыю.
Пра тое, што сабой уяўляе гэты сучасны комплекс, расказаў намеснік дырэктара ААТ “Велікасельскае Агра” па ідэалагічнай рабоце Мікалай Васільевіч Ляўчук. “Будынак быў узведзены сіламі работнікаў ААТ «Рамбуд» г. Пружаны, а складанае абсталяванне, набытае з растэрміноўкай аплаты на сем гадоў, паступіла з Барысаўскага завода металічнага абсталявання”, — удакладніў ён.

Тэхналагічная схема вытворчасці
Што яна сабой уяўляе? Па-першае, гэта восем вялікіх бункераў, дзе назапашваецца сыравіна (ячмень, кукуруза, пшаніца, рапсавы і соевы шрот). Ёсць і спецыяльная яма для загрузкі зерня. Дарэчы, усе кампаненты камбікорму дазіруюцца, згодна з праграмай. Потым сыравіна здрабняецца да патрэбнай кандыцыі. А затым за лічаныя мінуты ў аўтаматычным рэжыме дасканала перамешваецца з прэміксамі і дабаўкамі.


Адметна, што апошнім часам у цэху запрацаваў асобны экструдар, у якім пад ціскам адбываецца механічная дэфармацыя кармоў, у прыватнасці, гароху. Тым самым, павялічваецца працэнт засваяльнасці бялку і ўзрастае актыўнасць ферментаў. Дзякуючы экструзіі, у рэцэптурах камбікармоў стала больш гароху, што дало магчымасць гаспадарцы зменшыць закупку соевых шротаў.

Магутнасці цэха
Гатовая прадукцыя адпраўляецца ў спецыяльныя бункеры, адкуль, як заўважыла кладаўшчыца Алена Аляксандраўна Кузняцова-Сямашка, развозіцца па пяці фермах таварыства — у Вялікае Сяло, Ліхасельцы, Ялова, Бакуны і Стараволю, каб накарміць 6315 галоў буйной рагатай жывёлы.
— Наш цэх — не самай вялікай магутнасці, аднак патрэбы нашай гаспадаркі ён забяспечвае ў поўным аб’ёме. Сёння штодня ў сярэднім мы выпускаем каля 50 тон камбікармоў, — кажа жанчына.

Брыгада абслугоўвання
Што цікава, камбікормавы цэх дае за гадзіну пяць тон камбікармоў, а абслугоўвае яго ўсяго толькі тры аператары. Аляксандр Іванавіч Грышкевіч, які адказвае за экструдар, і два дваюрадныя браты — Віталій Віктаравіч і Дзмітрый Эдуардавіч Ходакі, якія працуюць непасрэдна ў цэху.
Браты родам з Вялікага Сяла. Спачатку працавалі нейкі час будаўнікамі, потым — камбайнерамі. А калі быў пабудаваны камбікормавы цэх, хлопцы прайшлі адпаведныя курсы і прыступілі да новай работы.


Віталій з дапамогай спецыяльнай праграмы вядзе пастаянны маніторынг тэхналагічных працэсаў.
— Яшчэ нядаўна камбікармы атрымлівалі на месцы з дапамогай мабільных млыноў. А сёння цэхам запраўляе хітрая камп’ютарная сістэма: згодна з вызначаным рэцэптам, нямецкая праграма дакладна вылічвае дазіроўку і ў працэнтных суадносінах выдае, колькі і якіх кампанентаў (энзімаў, вітамінаў, мінералаў) трэба ўнесці. А ў выніку нейкай паломкі ці заканчэнні кампанентаў падае адпаведны сігнал — і мы, аператары, спяшаемся ліквідаваць хібы, — кажа Віталій.


— Калі паломка нязначная, то спраўляемся ўласнымі сіламі. А калі істотная аварыя, то прыязджаюць вузкія спецыялісты, балазе, абсталяванне цэха знаходзіцца яшчэ на гарантыі, — дадае Дзмітрый.
Акурат у гэты момант гучыць сірэна — і аператары, увагу якіх адцягнуў журналіст, спяшаюцца да дазатара кампанентаў…
І зноў вялікі механізм працуе як гадзіннік: Віталій вярнуўся да экрана камп’ютара, а Дзмітрый адклаў у бок рыдлёўку і ўсеўся за руль пагрузчыка: настала пара грузіць чарговую порцыю камбікорму.

Асаблівасці рацыёну


А мы ў гэты час пачалі размову з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Васіліем Міхайлавічам Сцяпанавым, які непасрэдна адказвае за якасць рацыёну для жывёл і сам распрацоўвае навукова абгрунтаваныя бялкова-энергетычныя канцэнтраты, разлічаныя на розныя групы жывёл, і рэцэпты камбікармоў. На сёння іх у велікасельскай гаспадарцы ажно 10 відаў — для маладняку і прадукцыйнага статка.
Рэцэпт камбікорму складаецца такім чынам, каб недахопы адных кампанентаў кампенсаваліся перавагамі іншых.
— Для высокапрадукцыйных кароў у склад камбікорму ўводзіцца звыш 40% кукурузы, 20% ячменю, 8% пшаніцы, а таксама соевы і рапсавы шрот (16% і 6% адпаведна), соль, прабіётык і іншыя кампаненты. Удзельная вага расліннага бялку перавышае 52%. Для менш прадукцыйных жывёл у рацыён дабаўляецца гарох, і доля такога бялку дасягае 65%, — расказвае Васілій Міхайлавіч.
— Заатэхнік павінен забяспечваць жывёл кармамі з высокай абменнай энергіяй, збалансаванымі па наяўнасці бялку, вітамінаў і мінеральных элементаў. Такі рацыён забяспечвае здароўе і прадукцыйнасць кароў, спрыяе хуткаму набору вагі і ўмацаванню імунітэту ў маладняку. Як паказалі вынікі года, наш камбікормавы цэх — надзейны падмурак трываласці гаспадаркі.
Алена Зялевіч. Фота аўтара.