Вторник, 19 марта 2024

Інжынер-механік па аўтатранспарце ААТ “Агра-Калядзічы” Дзмітрый Бобрык: «Не трэба баяцца работы ў сельскай гаспадарцы!»

622

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камі
тэта на пачатак мінулага года ў арганізацыях сельскай гаспадаркі рэспублікі працавала больш за 273 тысячы чалавек. Гэта прадстаўнікі мноства розных прафесій. Як бы высакамоўна гэта ні гучала, сапраўды, ад іх зладжанай працы залежыць не проста набор прадуктаў, якія маем на стале, але і наш агульны дабрабыт.
Існуе думка, што моладзь не асабліва жадае жыць, а тым больш, працаваць на вёсцы. Зусім па-іншаму разважае наш сённяшні герой, інжынер-механік па аўтатранспарце ААТ “Агра-Калядзічы”, Дзмітрый Бобрык.


— Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— У свой час мае бацькі скончылі Пружанскі саўгас-тэхнікум і ўсё жыццё працавалі па спецыяльнасці. Я бачыў, што ім, на самай справе, падабаецца тое, чым яны займаюцца: мама любіць працаваць на зямлі і ў яе выдатна атрымліваецца вырошчваць розныя культуры, тата працуе з тэхнікай. З дзяцінства тэхніка прываблівала і мяне. У 11 класе Хараўской СШ я ведаў, што таксама буду паступаць у Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Я добра вучыўся ў школе, таму паступленне ў каледж у мяне не выклікала ніякіх складанасцяў. Без праблем здаў цэнтралізаванае тэсціраванне па мове і матэматыцы і пачаў асвойваць прафесію.
Пасля заканчэння каледжа я па інтэграванай сістэме вытворчага навучання паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (зноў ЦТ па двух прадметах, а таксама дысцыпліны па спецыяльнасці) адразу на другі курс. Веды, атрыманыя ў каледжы, у значнай ступені дапамагалі атрымліваць вышэйшую адукацыю. Высокія адзнакі гарантавалі мне павышаную стыпендыю і месца ў інтэрнаце. Вучыцца было вельмі цікава. Паколькі сельская гаспадарка сёння “ўзброена” самай сучаснай тэхнікай, мы вывучалі тэхнічную дакументацыю на англійскай і нямецкай мовах. Упэўнены, што для выпускнікоў, якія не ленаваліся падчас вучобы, не ўзнікне складанасцяў пры рабоце з абсалютна любой аўтатранспартнай тэхнікай.
Мне прапаноўвалі працягнуць вучобу ў магістратуры, але мяне больш прываблівала практычная дзейнасць. Я ўжо ведаў, што буду працаваць у роднай гаспадарцы, за гэта вельмі ўдзячны былому кіраўніку П.С. Якімаўцу, які паверыў у мае сілы.

— Практыка не расчаравала? І ў чым сёння заключаецца Ваша работа?
— Ні ў якім разе. Прымяняць веды на практыцы яшчэ цікавей! Ні ў адной іншай гаспадарцы раёна няма аўтапалівазапраўшчыка звадкаваным газам, а ў нас гэтая важная тэхніка ёсць. І вось тры гады таму ў яе заканчваўся тэрмін эксплуатацыі. Мы доўга раіліся і вырашылі, што паспрабуем даць ёй другое жыццё. Выканалі ўсе патрабаванні вышэйстаячых інстанцый па тэхабслугоўванні і прайшлі ўсе неабходныя экспертызы, што падоўжыла тэрмін выкарыстання яшчэ на пяць гадоў!
Праз некалькі гадоў работы гаспадарка выдзеліла мне ўласнае жыллё. Лічу гэта немалаважным для маладога спецыяліста. Няхай тыя, хто яшчэ вагаецца з выбарам прафесіі, маюць гэта на ўвазе.
У 2018 годзе Падзячным пісьмом і падарункавым сертыфікатам на аўтамабіль «Джылі Атлас» Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь узнагародзіў за працоўныя дасягненні калектыў ААТ «Агра-Калядзічы». Мяне проста перапаўняў гонар за гаспадарку. Вы толькі ўявіце мае эмоцыі, калі дырэктар таварыства даручыў мне “прыгнаць” аўтамабіль з Мінска!..
За апошнія два гады ўжо пад кіраўніцтвам Аляксандра Івана-віча Пішча быў значна абноўлены аўтапарк. Непасрэдна я адказваю за работу 63 адзінак тэхнікі: ад легкавых і грузавых аўтамабіляў, мікрааўтобусаў да бензавозаў і малакавозаў. З новай тэхнікай працаваць складана, але цікава. У самых цяжкіх выпадках даводзіцца нават выходзіць на канструктараў МАЗа, кансультавацца з імі і ў самыя кароткія тэрміны знаходзіць прычыну няспраўнасці. Сельская гаспадарка не даруе прастою. Мне пашанцавала і з калектывам, кожны з 29 нашых вадзіцеляў — сапраўдны прафесіянал і ніхто ніколі не шкадуе і ўласнага часу, калі ўзнікае такая неабходнасць.
Не без гонару заўважу, што летась нашы вадзіцелі перавезлі 13,9 тысячы тон збожжа, зернебабовых і рапсу!

— Каму б Вы параілі выбраць такую спецыяльнасць?
— Пэўна, яна падыдзе тым, у каго тэхнічны склад розуму. Наогул інжынеры – гэта людзі, якія глядзяць на рэчы пад іншым вуглом, іх мысленне адрозніваецца ад прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцей. Спадзяюся, што нехта са старшакласнікаў адкладзе смартфон убок і больш старанна возьмецца за вучобу.
А наогул хопіць баяцца работы ў сельскай гаспадарцы – яна годная і цікавая!
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота аўтара.