Четверг, 23 сентября 2021

Удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу начальнік выпрабавальнай лабараторыі КУСП «Брэсцкая абласная праектна-вышукальная станцыя хімізацыі» Дзмітрый Пстыга: «Захаваць сацыяльную накіраванасць дзяржавы»

467

Дзмітрый Міхайлавіч Пстыга, начальнік выпрабавальнай
лабараторыі КУСП «Брэсцкая абласная праектна-вышукальная
станцыя хімізацыі»:

— Прымаць удзел у VI Усебеларускім народным сходзе для мяне вялікі гонар і адказнасць. Усё-такі нам, яго ўдзельнікам, трэба будзе даць адзнаку рабоце, якая вялася ў краіне на працягу апошніх пяці гадоў, і абмеркаваць, у якім накірунку ісці на новым этапе развіцця Беларусі. Таму ўжо з непадробным інтарэсам знаёмлюся з асноўнымі накірункамі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады.
На Усебеларускі народны сход еду з хвалюючымі мяне пытаннямі. Напрыклад, як работніка аграпрамысловага комплексу мяне хвалююць пытанні эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. Наша выпрабавальная лабараторыя мае адпаведную акрэдытацыю на правядзенне шырокага спектра аналізаў глебы, угнаенняў, кармоў і іншай прадукцыі насенняводства. Установа аснашчана сучасным абсталяваннем, якое дазваляе павысіць дакладнасць атрымліваемых вынікаў, скараціць тэрміны правядзення выпрабаванняў і пашырыць іх пералік. Хочацца, каб пытанне экалагічна чыстай прадукцыі, якое сёння востра стаіць, не засталося без увагі. Наш калектыў для гэтага, у сваю чаргу, стараецца павысіць тэхнічную кампетэнтнасць і незалежнасць прадпрыемства.
Заўважу, што я не толькі ўзначальваю калектыў выпрабавальнай лабараторыі, але і з’яўляюся старшынёй пярвічкі грамадскай арганізацыі «Белая Русь», членам савета раённай арганізацыі. Наша грамадская работа накіравана, у першую чаргу, на дапамогу людзям, якія маюць у гэтым найбольшую патрэбу. Акунуўшыся ў гэтую работу, ведаю, як важна, каб гэтая катэгорыя насельніцтва не засталася ўбаку.
А яшчэ вельмі важна захаваць сацыяльную накіраванасць дзяржавы. Хацелася б, каб шырокім спектрам дыягнастычнага абсталявання належным чынам аснасцілі ўсе арганізацыі аховы здароўя. Як паказаў мінулы год, супрацьстаяць пандэміі магчыма толькі пры адпаведным фінансаванні галіны.
Як бацька дваіх дзяцей бачу, як многа ў нас робіцца для паўнацэннага развіцця і выхавання дзяцей: дзейнічаюць спартыўныя секцыі, танцавальныя і мастацкія гурткі. Але што тычыцца падтрымкі сем’яў, хацелася б звярнуць увагу, што яна патрэбна не толькі шматдзетным, але і звычайным сем’ям, якія выхоўваюць аднаго-двух дзяцей.
На парадку дня павінны быць і пытанні мясцовага кіравання і самакіравання, ролю якіх варта было б павысіць, а таксама пытанне забеспячэння ўстойлівага росту даходаў насельніцтва.
Увогуле ў Беларусі створаны камфортныя ўмовы для пражывання. Мяркую пра гэта і па Пружаншчыне. У нашым невялікім райцэнтры працуюць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, Лядовы і Водны палацы, растуць новыя мікрараёны. За апошнія два дзесяцігоддзі горад непазнавальна змяніўся, папрыгажэў, стаў чысцейшым.
Сёння вельмі важна не спыняцца, нават калі механізм адладжаны і дзейнічае без збояў. Як мінімум, мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць тое, што маем, а лепш не збаўляць тэмпаў. А ў цяперашняй абстаноўцы галоўнае — захаваць суверэнітэт.