Четверг, 15 апреля 2021

Студзеньскія маразы. Ці вытрымалі выпрабаванне раённыя службы?

268

Такія моцныя маразы ў апошнія гады сталі нязвыклай з’явай. І не ўсе аказаліся гатовымі да падобнага зімовага выпрабавання. Вось што журналістам паведамілі ў розных службах раёна.

Райаддзел па надзвычайных сітуацыях
Як паведамілі ў цэнтры аператыўнага кіравання райаддзела па надзвычайных сітуацыях, днём 15 студзеня патэлефанаваў вадзіцель-дальнабойшчык, фура якога замерзнула пад Ружанамі. На дапамогу было накіравана пажарнае падраздзяленне, інфармацыя перададзена ў аддзяленне Дзяржаўтаінспекцыі.

Дзяржаўтаінспекцыя
Падобныя сітуацыі, як зазначае старшы дзяржаўтаінспектар Сяргей Мышкевіч, пры сур’ёзным тэмпературным «мінусе» нярэдка здараюцца з аўтамабілямі, якія запраўляюцца дызпалівам. Таму ў перыяд моцнага пахаладання супрацоўнікі ДАІ былі на ўзмоцненым рэжыме дзяжурства. З сабой яны бралі гарачы чай, пледы, буксіровачныя тросы, каб аказваць дапамогу вадзіцелям, якіх маразы спынілі пасярод трасы.
Дапамога аказвалася пры буксіроўцы аўтамабіляў.

Аўтапарк №11
У адрозненне ад прыватных аўтаўладальнікаў больш абачліва аднесліся да папярэджанняў сіноптыкаў у аўтапарку №11. Як расказвае начальнік аўтастанцыі В.І.Смаль, загадзя было набыта дызпаліва «Арктыка», а перад выездам на лінію аўтобусы спецыяльна прагравалі, каб не было паломак. У выніку ўсе рэйсы праходзілі згодна з графікам, ні на адным маршруце зрываў з-за аварыйных сітуацый не адбылося.

ДРБУ №140
З пачаткам моцных снегападаў асаблівая ўвага надавалася расчыстцы аўтадарог. Начальнік ДРБУ №140 А.В.Субота расказаў, што работнікі арганізацыі традыцыйна за-дзейнічаны на расчыстцы ўсіх дарог і вуліц мясцовага значэння. Актыўныя работы па ўборцы снегу пачаліся ў мінулую пятніцу. Менавіта тады была задзейнічана найбольшая колькасць адзінак тэхнікі – 15 (для параўнання: у суботу – 12, у нядзелю – 8 адзінак). Усяго за снежныя выхадныя снег прыбраны на 670 км аўтадарог і 220 км вуліц у сельскіх населеных пунктах. Аляксандр Васільевіч таксама адзначыў, што, калі слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за 15 градусаў, апрацоўка паверхняў дарог спецыяльнай сумессю неэфектыўная: яна не выконвае сваёй функцыі. Таму калі маразы пойдуць на спад, работы па пасыпцы дарог будуць працягнуты.

КУВП «Камунальнік»
Рабочыя камунальнай службы да ўборкі снегу таксама прыступілі зранку 15 студзеня. Як адзначыла дыспетчар аўтаспецгаража КУВП “Камунальнік” В.А. Крыштаўчук, пры гэтым толькі ў Пружанах было задзейнічана 13 адзінак тэхнікі – трактароў, шматтонных машын і не толькі. У фронт работы ўваходзіць ачыстка і пасыпка пясчана-саляной сумессю дваровых і аб’язных тэрыторый, аўтазаправак і інш. За ачышчаныя ад снегу пешаходныя дарожкі таксама трэба падзякаваць “Камунальніку”. Яго ж супрацоўнікі ратавалі ад снежных завалаў г.п.Ружаны і Шарашэва.

Райспажыўтаварыства
Марознае надвор’е ўнесла пэўныя карэктывы ў работу многіх раённых службаў, аднак аўталаўкі Пружаншчыны, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, працавалі ў штатным рэжыме і без перабояў даязджалі да канчатковых пунктаў. Больш за тое, як паведаміла начальнік гандлёвага аддзела раённага спажывецкага таварыства Вольга Аляксандраўна Царанок, асартымент тавару быў пашыраны. Найбольшым попытам у пакупнікоў карысталіся прадукты харчавання першай неабходнасці з вялікім тэрмінам прыдатнасці: алей, макаронныя вырабы, чай, кава, цукар і мука.
Падрыхтавалі Алег Сідарэнка, Уладзіслаў Шпарла, Алена Зялевіч.