Понедельник, 20 сентября 2021

На бальнічны без урача? Новаўвядзенні тлумачыць загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Жанна Ісакава

782

З-за неспрыяльнай эпідсітуацыі прадугледжаны новыя меры падтрымкі эканомікі: наймальнікам дазволілі адпраўляць работнікаў у аплачваемыя водпускі для самаізаляцыі і адпускаць на бальнічны без звароту да ўрача. Акрамя таго, падоўжаны дазвол на дастаўку безрэцэптурных лекаў, дзеянне якога закончылася яшчэ ў ліпені мінулага года. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Дакумент уносіць змяненні ва Указ №143 ад 24.04.2020 «Аб падтрымцы эканомікі».


Разабрацца ў новаўвядзеннях дапамагла загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Жанна Жанаўна Ісакава.

У адпачынак — на самаізаляцыю
Цяпер наймальнікам дазволілі даваць адпачынак работнікам для іх самаізаляцыі. Але ёсць умова: у дакуменце прапісана, што месца самаізаляцыі вызначае наймальнік. Такі адпачынак аплачваецца — не ніжэй за ўсталяваную тарыфную стаўку, аклад, калі ў калектыўным дагаворы ці пагадненні не прапісаны іншы варыянт. Дарэчы, лакальным дакументам на прадпрыемстве не могуць быць прадугледжаны выплаты ніжэй, чым устаноўленая заканадаўствам па працы мінімальная планка. Гэта значыць, у калдагаворы можа быць прапісана больш высокая сума, чым устаноўлены законамі мінімум, але ніяк не ніжэйшая.
Працягласць такога водпуску вызначаецца па пагадненні бакоў.

Бальнічны да трох дзён без паходу да ўрача
Наймальнікам дазволілі адпускаць работнікаў з-за хваравітага стану на баль-нічныя да трох дзён без паходу да ўрача, гэта значыць, без афармлення лістка непрацаздольнасці. Прасцей кажучы, можна «адляжацца» дома і не ісці ў паліклініку па бальнічны. Але скарыстацца такой магчымасцю можна толькі тры дні сумарна, пакуль дзейнічае дакумент. Гэта значыць, можна ўзяць такі бальнічны, напрыклад, тры разы па адным дні або тры дні адразу. Прычым такія бальнічныя могуць аплачвацца.
У дакуменце прапісана: «…захаванне сярэдняга заробку за перыяд вызвалення ад працы можа быць прадугледжана калектыўным дагаворам, іншым лакальным прававым актам арганізацыі». Выключэнне — бюджэтныя арганізацыі.

Безрэцэптурныя лекі зноў змогуць дастаўляць на дом
Таксама падоўжана дзеянне дазволу на дастаўку безрэцэптурных лекаў. Нагадаем, у красавіку мінулага года ў Беларусі прынялі першы пакет мер па падтрымцы эканомікі і сацгаліны. Акрамя таго, кампаніям, у якіх ёсць ліцэнзія на фармацэўтычную дзейнасць па рознічным гандлі лекамі, дазволілі гандляваць імі па-за гандлёвым аб’ектам. З 1 ліпеня мінулага года скончылася дзеянне гэтага дазволу. Але цяпер яго працягнулі да 1 ліпеня 2021 года.
Да ведама, Пружанская ЦРБ і аптэчная сістэма раёна дастаўку лекаў на дом не ажыццяўляюць: такую паслугу могуць аказаць толькі арганізацыі, якія маюць адпаведную ліцэнзію, напрыклад, інтэрнэт-магазіны.

Прастоі могуць быць бестэрміновымі
Цяпер наймальнік мае права на працягу каляндарнага года аб’яўляць прастой з-за неспрыяльнай эпідсітуацыі без абмежавання агульнай працягласці. У звычайнай сітуацыі, не звязанай з эпідсітуацыяй, прастой не можа перавышаць 6 месяцаў у годзе. Калі ён большы, работнік можа прасіць датэрміновае скасаванне кантракта або працоўнага дагавора. Важная акалічнасць: каб адпаведныя нормы дзейнічалі на месцах, іх трэба ўнесці ў калектыўны дагавор.