Воскресенье, 28 февраля 2021

Удзельніца VI Усебеларускага народнага сходу эканаміст ААТ «Айчына» Аліна Каляда: «На форум еду весці грунтоўны дыялог»

451

Аліна Уладзіміраўна Каляда, вядучы эканаміст па працы ААТ «Айчына»:


— Складаная сітуацыя цяпер у краіне, і відавочна адно: сёння краіне патрэбны перамены. Але пачынацца яны павінны не з таго, што адбывалася летась. Гэта трэба рабіць цывілізавана. Усебеларускі народны сход — адзін з такіх спосабаў, свайго роду дыялогавая пляцоўка, на якой можна і даць адзнаку чарговаму этапу развіцця краіны, і выказаць сваё меркаванне па сацыяльна-эканамічных пытаннях.


Складана выдзеліць нейкі накірунак дзяржаўнай палітыкі, які трэба разгледзець у першачарговым парадку: нягледзячы на шматлікія станоўчыя змяненні ў жыцці беларусаў, лічу, за апошнюю пяцігодку праблемных пытанняў наспела шмат. Хаця сярэдняя зарплата па краіне і дасягнула ўжо адной тысячы рублёў, як сведчаць сацыялагічныя даследаванні, узровень жыцця ў краіне знізіўся.

З улікам таго, што львіная доля тавараў у Беларусь экспартуецца, а курс долара вырас, не кожны беларус можа дазволіць сабе пэўныя пакупкі. У тым ліку і вырашыць сваё жыллёвае пытанне. Вельмі добра, што ў нас падтрымліваюцца шматдзетныя сем’і, але хацелася б, каб і ў астатніх была такая ж магчымасць займець уласныя квадратныя метры. Мяркую па ўласным вопыце. У 2016 годзе, калі я пачала працоўную дзейнасць, маёй зарплаты мне хапала не толькі на ежу і бытавыя патрэбы, але і на вучобу ў магістратуры. Цяпер, хаця зарплата і вырасла, свае запыты даводзіцца пераглядаць.

Хацелася звярнуць увагу і на сістэму адукацыі. Рэформы, якія ў апошнія гады ў ёй адбываліся, прывялі да таго, што атрымаць прафесійную адукацыю стала прасцей. І цяпер вучыцца ў некаторых вышэйшых навучальных установах могуць нават тыя, у каго не хапае ведаў, — на платнай аснове. Сапраўды, сёння многія галіны маюць патрэбу ў спецыялістах, але, падкрэслю, кваліфікаваных. І сельская гаспадарка — не выключэнне. Хацелася б, каб пры падрыхтоўцы спецыялістаў была перагледжана практычная частка навучання, каб выпускнікі ВНУ мелі ўяўленне, што ім давядзецца рабіць на працоўным месцы.

І пытанняў, якія патрабуюць дапрацоўкі, мне здаецца, яшчэ дастаткова. Гэта і даступнасць шэрага медыцынскіх паслуг, і памер пенсій і зарплат, і развіццё сельскай гаспадаркі. Нядаўна на вышэйшым узроўні зноў закранулі тэму дэкрэтных водпускаў. Спрэчкі вядуцца наконт іх тэрміну, але ні ад каго не пачула, што можа дазволіць сабе купіць жанчына за дапамогу па доглядзе дзіцяці.
Зразумела, што большасць гэтых пытанняў знаходзіцца ў прамой залежнасці ад стану эканомікі: як вядома, нельга «праядаць» больш, чым зарабляеш. Таму Беларусі трэба развівацца паслядоўна, планамерна, паэтапна і адназначна без усялякіх рэвалюцый: толькі пры такім падыходзе сацыяльная галіна дазволіць даваць даброты тым, хто ў іх мае патрэбу. Вось вытворцы заклікаюць: «Купляйце беларускае!». Да якасці беларускіх тавараў пытанняў няма, але, каб яны добра прадаваліся, трэба сачыць за тэндэнцыямі. Усе ведаюць, што планы трэба распрацоўваць, зыходзячы з патрэб спажыўца, але хто праводзіць маркетынгавыя даследаванні?

Але, у першую чаргу, сёння, як ніколі за апошнія гады, беларускай зямлі патрэбны мір і спакой: толькі эфектыўная сістэма нацыянальнай бяспекі здольна гарантаваць магчымасць вучыцца, працаваць, адпачываць. Таму на форум я еду весці дыялог. Мы збіраемся, каб прыняць правільнае рашэнне аб далейшым развіцці Беларусі. І адна з гэтых задач — захаваць незалежнасць.