Воскресенье, 13 июня 2021

126 школьнікаў прынялі ўдзел у раённым этапе спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер» (+відэа)

636

Пакуль сусветна вядомыя біятланісты змагаюцца за
ўзнагароды на сапраўдных трасах, у юных аматараў лыж і трапнай стральбы з усяго раёна свае спаборніцтвы, не менш хвалюючыя і напружаныя. Раённы этап “Снежнага снайпера”, які прайшоў на мінулым тыдні, сабраў 126 школьнікаў.


Зімовае надвор’е пераўтварыла гарадскі стадыён у біятлонную арэну, што дадавала ўдзельнікам турніру асаблівага азарту. Некаторыя юныя снайперы прыехалі на спаборніцтвы ў другі і нават трэці раз. У мінулыя гады, калі прырода не радавала снегам, вучням даводзілася прабягаць дыстанцыю. На гэты раз усё было як у сапраўдным біятлоне. Праўда, змена адбылася ў складзе ўдзельнікаў: паколькі летась не ўдалося правесці фінал “Снежнага снайпера”, арганізатары прынялі рашэнне дапусціць да ўдзелу хлопцаў і дзяўчат 2004 г.н. Такім чынам, узроставых груп на турніры аказалася чатыры, дзве з якіх – старэйшыя.


Першы дзень спаборніцтваў быў аддадзены пад спрынтарскія гонкі з раздзельным адзіночным стартам. Кожны чарговы спартсмен адпраўляўся на лыжню праз 15 секунд пасля старту папярэдняга. Дыстанцыя забегу вагалася ў залежнасці ад узросту школьнікаў: ад 1,8 да 3 км. На трасе кожнага ўдзель-ніка чакалі два агнявыя рубяжы. Адзначу, што стральбу ўскладняў снегапад, які пачаўся практычна адначасова са стартам спаборніцтваў. Промах дадаваў да дыстанцыі яшчэ 50 метраў. Але былі тыя, каму ўдалося справіцца з перашкодамі прыроды і ўласным хваляваннем лепш за ўсіх. Абсалютнымі пераможцамі ў малодшай узроставай групе (2009-2010 г.н.) сталі Дар’я Чайкоўская (СШ №5) і Аляксандр Кляшчоў (Слабадская СШ). У сярэдняй групе (2007-2008 г.н.) не было роўных вучаніцы СШ №1 Кацярыне Канявега і снайперу з Кляпацкай СШ Івану Бахару. Самымі хуткімі ў першай старэйшай групе (2005-2006 г.н.) прызнаны Вераніка Радзевіч з Ліноўскай СШ і Раман Сасім з Параслянскай СШ, у другой (2004 г.н.) – Ганна Шаталава (СШ №4) і Марк Богдан (СШ №3).


У другі дзень прайшлі змешаныя эстафеты вольным стылем. Кожная з 19 каманд выставіла па чатыры ўдзельнікі – два хлопцы і дзве дзяўчынкі. Спарт-сменам неабходна было пераадолець па тры кругі і два агнявыя рубяжы. Шанцаў не «застрэліцца» ў дадзеным выпадку было куды больш: каб закрыць пяць мішэняў, вучням давалася права зрабіць восем стрэлаў. Але за няўдалую стральбу – ізноў лішнія метры дыстанцыі.


Лепшай у эстафетнай гонцы ў малодшай узроставай групе стала каманда СШ №5. Лідары сярэдняй групы – вучні са Шчарчоўскага ВПК д/с-СШ. У старэйшай групе сярод школьнікаў 2005-2006 г.н. перамагла зборная Параслянскай СШ, а 2004 г.н. – СШ №4.


Пераможцы турніру атрымалі граматы і сімвалічныя медалі, аднак дасягненне – не падстава расслабляцца. Уладальнікі першых месцаў працягваюць актыўныя трэніроўкі: менавіта з іх будзе сфарміравана каманда, якая прадставіць раён на абласным этапе “Снежнага снайпера”. Яго мяркуецца правесці напрыканцы студзеня ў аг. Мір Баранавіцкага раёна.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.