Воскресенье, 28 февраля 2021

Гісторыя аднаго экспаната. Прас: старажытнасць і сучаснасць

200

Сёння гаворка пойдзе пра прадмет побыту, без якога складана ўявіць паўсядзённае жыццё сучаснага чалавека. У наш час прас – лёгкая, зручная прылада, без якой не абыходзіцца ніводная гаспадыня. Аднак не заўсёды гэты прадмет меў цяперашні выгляд і нават быў даступным. Зазірнём у гісторыю.


Найбольш старажытным аналагам прасаў вучоныя лічаць плоскія камяні. Старажытныя людзі на выраўненай каменнай паверхні раскладвалі памытую вопратку, а паверх – яшчэ адзін камень. У такім выглядзе пакідалі да высыхання. Яны выкарыстоўвалі для «прасавання» вопраткі нагрэты прут з металу. Канечне, далёка не ад усіх складак пасля такога дзейства можна было пазбавіцца.

Дакладна невядома, дзе і калі з’явілася прылада, якую сёння мы называем прасам. Упершыню слова «утюг» згадваецца ў XVII стагоддзі. У той час гэты прадмет быў вялікай раскошаю і з’яўляўся прыкметаю дабрабыту гаспадароў. Яго нярэдка выраблялі ў выглядзе пеўніка, аздаблялі разнастайным арнаментам і ставілі на пачэснае месца ў доме. Выпускаліся і маленькія прасы, якія з лёгкасцю спраўляліся з карункамі і дробнымі дэталямі на вопратцы.

Пазней пачалі з’яўляцца чыгунныя прасы. Яны нагадвалі невялікія печкі: унутр закладвалася гарачае вуголле, адтуліны па баках праса забяспечвалі лепшую цягу. У тагачасным прасе дастаткова цяжка было рэгуляваць тэмпературу: для того, каб распаліць вугаль, які астыў, унутр праса дзьмулі або размахвалі ім. Нескладана здагадацца, што працэс прасавання быў вельмі працаёмкі.

У фондах «Пружанскага палацыка» такіх чыгунных «волатаў» з клінападобным корпусам налічваецца ажно 28 адзінак. І адзін другога прыгажэйшыя. У аднаго – фігурная драўляная ручка, а ў тарцы маецца заслонка, якая затуляе дадатковае паддувала. У другога пад ручкай маецца фігурная пласціна з надпісам: “Neptun konski”, упрыгожаная арнаментам. У трэцяга «броўка» накрыўкі па перыметры адліта ў форме акруглых зубцоў, а сама паверхня праса мае ўзор у выглядзе дробных бугаркоў…

На адным з прасаў нават выціснуты партрэт Льва Талстога! Спытаеце, адкуль ён там? Адкажам. Справа ў тым, што ў рускага класіка, як вядома, не склаліся адносіны з рускай праваслаўнай царквой. Тагачаснае грамадства па-рознаму рэагавала на гэты канфлікт: хтосьці падтрымліваў пісьменніка, хтосьці быў на баку царквы. А вось майстры, што займаліся вырабам чыгунных прасаў і падтрымлівалі царкву, адрэагавалі па-свойму: пачалі наносіць на паддувала прасаў выяву пісьменніка. Такім учынкам яны нібы змяшчалі яго ў геену вогненную і паказвалі, што падобны лёс чакае кожнага, хто выступае супраць царквы. Гэты прас прадстаўлены ў этнаграфічнай экспазіцыі, да перадачы ў наш музей захоўваўся ў аг. Лыскава.


Са з’яўленнем электрычнасці неабходнасць выкарыстання чыгунных прасаў адпала, іх замяніла лёгкая і практычная сучасная прылада, якая, канечне, значна спрасціла клопаты гаспадынь. Аднак «старыя працаўнікі» па-ранейшаму адным сваім выглядам выклікаюць павагу наведвальнікаў музеяў.

Арына Сысаляціна, малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык».