Суббота, 12 июня 2021

Жыхарка Шарашэва Вера Юльянаўна Рабчук адзначыла 100-гадовы юбілей! Віншуем!

517

12 студзеня ў Шарашэве адбылася падзея, не памылюся, раённага масштабу: жыхарка пасёлка Вера Юльянаўна Рабчук святкавала сваё 100-годдзе. З гэтай нагоды да яе ў хату завіталі незвычайныя калядоўшчыкі.


Прадстаўнікі ўлады, мясцовага сельгаставарыства, а таксама журналісты “раёнкі” віншавалі віноўніцу ўрачыстасці і яе родных з зімовымі святамі, а таксама жадалі шчаслівых і доўгіх гадоў жыцця. Дарэчы, апошняе пажаданне не выглядала, як іронія: Вера Юльянаўна ўразіла гасцей сваёй зайздроснай бадзёрасцю і весялосцю.


Падчас віншаванняў жанчына нават не прысела і з задавальненнем прымала кветкі і падарункі ад раённага савета ветэранаў, якія ўручыла адказны сакратар арганізацыі Таццяна Іванаўна Капіца.
Шмат цёплых слоў юбілярка пачула і ад выконваючай абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святланы Анатольеўны Амяльянец, якая перадала ў тым ліку і падарункі ад раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру”.


Безумоўна, не прамінулі такую значную падзею, як стагоддзе зямлячкі, і работнікі ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” на чале з кіраўніком Аляксандрам Аляксеевічам Шлёміным. Менавіта ім, сапраўдным гаспадарам, Вера Юльянаўна распавяла пра сваё працоўнае жыццё і цяжкі лёс.


Што цікава і адначасова вельмі сімвалічна, нарадзілася Вера Юльянаўна ў вёсцы Крыніца, але не Пружанскага раёна, а за тысячы кіламетраў адсюль – у Башкірыі, куды ў 1915 годзе, у Першую сусветную, былі эвакуіраваны яе бацькі.


У 1922-м, калі Верачцы быў толькі гадок, сям’я вярнулася на радзіму – у беларускую вёску Крыніца, дзе Вера Рабчук пражыла ўсё сваё жыццё.


— Праўда, падчас фашысцкай акупацыі нашу сям’ю сярод іншых вывезлі з Крыніцы пад Антопаль і палавіну дамоў у вёсцы спалілі. А на тым хутары, дзе мы апынуліся, размеркавалі ўсіх па хатах. Памятаю, што было вельмі цесна ў пакоях і мы спалі нават на падлозе… Але ж не гэта самае страшнае! Самы жах, як потым зразумела, быў на перадавой. Двое маіх старэйшых братоў пайшлі на фронт, адзін з іх не вярнуўся, загінуў за пяць дзён да Перамогі… Пасля вызвалення мы зноў вярнуліся ў родную вёску і сталі яе падымаць. Працавалі цяжка…


—Але, калі паглядзець з іншага боку, дзве Крыніцы ў жыцці – не кожнаму такі падарунак! — смяецца Вера Юльянаўна. — Верагодна, яны і спатолілі маю смагу да жыцця і да працы. За плячыма ў мяне – калгас імя Сталіна, потым “Новая Крыніца”, дзе шмат гадоў пры цудоўным старшыні Захарынскім шчыравала цялятніцай, паляводам і жывёлаводам, яшчэ і малако ў насельніцтва прымала. Вось толькі суставы мае не вытрымалі векавой нагрузкі… Затое ў мяне ёсць цудоўны сын, нявестка, якая клапоціцца пра мяне, як родная дачка, радуюць трое ўнукаў, весяляць пяць праўнукаў. У свой соты дзень нара-джэння жадаю ўсім людзям, каб яны не зведалі вайны, каб іх мары ажыццяўляліся, каб былі цішыня, мір і спакой на зямлі. І каб усе былі здаровы!
Алена Зялевіч. Фота аўтара.