Среда, 24 февраля 2021

Як пазбавіцца ад насмарку ў дзяцей? Парадамі падзялілася ўрач-педыятр Жанна Пракапеня

441

Жартаўнікі кажуць: калі насмарк лячыць, ён праходзіць за тыдзень, калі не лячыць, то за сем дзён.

Але, як паказвае практыка, калі насмарк лячыць у сухім памяшканні, ён не пройдзе і за месяц. Навошта і як трэба ўвільгатняць паветра ў кватэры, асабліва калі там жывуць дзеці?

Адказы на гэтае і іншыя пытанні — у нашай размове з урачом-педыятрам Ж.В.Пракапеняй.

— Жанна Веніямінаўна, па ўласным вопыце ведаю, што з надыходам ацяпляльнага сезона пачашчаюцца насмаркі ў дзяцей. І справа тут не толькі ў сезонных вострых рэспіраторных захворваннях. Ці не так?
— Так. Сапраўды, зараз тэмпература ў кватэрах такая, што людзі вымушаны нават спаць з прыадчыненымі форткамі. Паветра ў памяшканнях вельмі моцна перасыхае, выклікаючы пяршэнне ў горле і, як правіла, закладзенасць носа. Асабліва востра гэта адбіваецца на самаадчуванні дзяцей, у якіх насавыя праходы яшчэ вельмі вузкія і маюць патрэбу ў дадатковым увільгатненні.

— Як я разумею, у сухім памяшканні зніжаецца бар’ерная функцыя слізістых абалонак насаглоткі, у якую могуць з лёгкасцю пракрасціся бактэрыі і вірусы, у тым ліку і каранавірус?
— Не толькі пранікнуць, але і хутка размножыцца. Сухое паветра — рай для рэспіраторных інфекцый. Таму трэба пастаянна ўвільгатняць паветра ў кватэры, асабліва ў дзіцячых пакоях.


— Звычайнага рэгулярнага праветрывання хіба не дастаткова?
— Канечне, не. Батарэі, якія працуюць на поўную моц, высушваюць памяшканне вельмі хутка. Мінімум, што могуць зрабіць бацькі, гэта рэгулярна праводзіць вільготную ўборку спальных пакояў, асабліва перад сном.

— Максімум – выкарыстоўваць модныя цяпер паравыя ўвільгатняльнікі паветра? Можа, Вы параіце, які з іх лепш усталёўваць у дзіцячых пакоях?
— Не ганіцеся за дарагімі мадыфікацыямі, дастаткова простай мадэлі ўвільгатняльніка з убудаваным гігрометрам, які дапаможа вам арыентавацца ў ступені ўвільгатнення. Самы ідэальны паказчык для дзіцячага пакоя — 70%. У такім мікраклімаце насмарк пройдзе хутчэй.


— А як быць са шматлікімі кроплямі і спрэямі для носа? Увільгатняючыя, сасудазвужальныя, супрацьалергічныя, гарманальныя. З эўкаліптам і ментолам, марской соллю і маслам базіліка або чабару… Што лепш?
— У выпадку з насмаркам падбор лекаў вельмі індывідуальны, таму я не рэкамендавала б карыстацца кроплямі і, тым больш, спрэямі для носа без прызначэння ўрача. Самы бяскрыўдны і дзейсны сродак — гэта звычайны фізраствор, які прадаецца ў аптэках. Да слова, яго можна зрабіць і самому: з разліку паўчайнай лыжкі кухоннай солі на адну шклянку вады. І гэтым растворам арашаць насавыя праходы.

— Любым зручным спосабам?
— Не зусім так. У прыватнасці, пры апрацоўцы носікаў у немаўлят лепш не выкарыстоўваць грушу-спрынцоўку, паколькі струмянём з высокім ціскам можна траўмаваць слізістую — і яна будзе доўга аднаўляцца. Дастаткова з піпеткі заліць некалькі кропелек фізраствору. Набірайцеся цярпення, акуратна прамывайце носікі і па меры сталення дзетак вучыце іх смаркацца і самастойна прамываць насы. Раю выкарыстоўваць бутэлечку з дазатарам ад “Саліна” (адна з гандлёвых назваў фізраствору). Калі аптэчны прэпарат скончыцца, бутэлечку можна напоўніць самастойна прыгатаваным растворам.

— Сустракала меркаванне, што для прамывання носа больш эфектыўная марская соль, маўляў, яна лепш растварае слізь. У аптэцы нават прадаюцца спецыяльныя дазаваныя парашкі.
— Нічым марская вада не лепш за фізраствор, іх дзеянні аднолькавыя. Таму не спяшайцеся купляць дарагія спрэі з функцыяй “марскі душ”. Але майце на ўвазе: калі пры старанным доглядзе за-кладзенасць носа ў дзіцяці доўга не праходзіць і нават з’явілася дэфармацыя твару, неабходна звярнуцца да лор-урача. Магчыма, у дзіцяці павялічыліся адэноіды і паўстала неабходнасць дадатковага спецыфічнага лячэння альбо нават хірургічнага ўмяшання.

— Часта бывае так, што дзіця паправілася, пайшло ў сад ці школу. А праз некалькі дзён зноў з’яўляецца насмарк. Пра што гэта сведчыць? Не далячылі?
— Толькі пра тое, што дзіця падчапіла новую інфекцыю. Не панікуйце, калі дзіця хварэе на вострыя рэспіраторна-вірусныя інфекцыі 9-12 разоў год, гэта лічыцца нормай. “Смаркаты” ўзрост трэба проста перажыць. Звычайна пасля 7-8 гадоў сітуацыя змяняецца ў лепшы бок. Праўда, пры ўмове, што бацькі не займаюцца самалячэннем па прынцыпе “адна мама параіла”. Хваробы дзяцей — гэта наша кампетэнцыя. Даверцеся нам — і агульнымі намаганнямі мы справімся з імі.
Здароўя ўсім дзеткам у новым годзе!
Гутарыла Алена Зялевіч.