Понедельник, 20 сентября 2021

Галоўны ўрач ЦРБ Андрэй Пачынчык пракаментаваў сітуацыю па Covid-19 у раёне

1 247

Няўжо каранавірус застанецца з намі надоўга? Бадай, менавіта гэта пытанне хвалюе кожнага нераўнадушнага жыхара планеты. Даць адназначны адказ пакуль немагчыма, але з боем навагодніх курантаў COVID-19 нікуды не знік.


Якая сітуацыя назіраецца зараз у Пружанскім раёне і ці можна ўжо крыху расслабіцца? Пра гэта мы запыталі ў галоўнага ўрача Пружанскай ЦРБ А.І.Пачынчыка.


– Напачатку новага года абстаноўка па каранавіруснай інфекцыі на Пружаншчыне больш-менш стабілізавалася. На дадзены момант колькасць амбулаторных пацыентаў знізілася прыкладна напалову, стацыянарных – на трэць, — расказаў Андрэй Іванавіч.


—Ложкавы фонд выкарыстоўваецца не поўнасцю: па стане на 11 студзеня трэцяя частка ложкаў застаецца ў рэзерве. У распараджэнні раённых медыкаў сем апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, а таксама 60 кропак падачы кіслароду.


Не буду ўтойваць, што многія нашы медработнікі пера-хварэлі на COVID-19, аднак зараз сярод урачоў і медперсаналу новых выпадкаў заражэння не назіраецца.


Існуюць розныя меркаванні наконт далейшага развіцця інфекцыі. Вучоныя ўсяго свету спрачаюцца, пойдзе каранавірус на спад пасля другой хвалі ці варта чакаць яшчэ і трэцюю, і гэтак далей. Як бы ні разгортваліся падзеі, наша лячэбная ўстанова гатова дзейнічаць, зыходзячы з сітуацыі і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя. Зразумела, калі колькасць хворых будзе планамерна зніжацца, паліклініка вернецца да ранейшага рэжыму працы, без раздзялення на “чыстую” і “брудную” зоны.


У той жа час хачу папярэдзіць чытачоў: ваша здароўе па-ранейшаму ў многім залежыць ад вашай адказнасці. Не грэбуйце медыцынскімі маскамі, заўсёды выкарыстоўвайце антысептыкі, у грамадскіх месцах старайцеся вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю. Калі з’явіліся сімптомы рэспіраторнай інфекцыі, абавязкова звярніцеся да ўрача. Калі вынік тэста на COVID аказаўся станоўчым, захоўвайце рэжым самаізаляцыі і ўсе рэкамендацыі па лячэнні.


Наперадзе яшчэ многа свят, раю правесці іх дома, без вя-лікай колькасці гасцей. Такім чынам вы не толькі падстрахуеце сябе, але і знізіце рызыку заражэння для сяброў і блізкіх.
Будзьце здаровы і беражыце сябе!

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла.