Среда, 20 января 2021

Майстрыха Ала Хвядун: «Я мела патрэбу ў казцы не менш за дзяцей»

297

Казкі нараджаюцца паўсюдна: на даху аднаго з дамоў Стакгольма, дзе жыве гарэзлівы Карлсан, на ўзбярэжжы Капенгагена, дзе Русалачка ўсё яшчэ чакае свайго прынца, у старой карчме Брэмена, пад вокнамі якой спяшаліся паспяваць валацугі-музыкі… Свая казка нараджаецца і ў маленькай кватэры шматпавярховага дома па вул. Юбілейнай у Пружанах.

Калі б не суседзі Алы Пятроўны Хвядун, якія зайшлі да яе аднойчы на агеньчык, мы ніколі і не даведаліся б, якія цуды адбываюцца за дзвярыма яе кватэры. Вось ужо некалькі гадоў там жывуць незвычайныя лялькі, у кожнай з якіх свая непаўторная гісторыя.


— Ведаеце, як яны з’явіліся? Я проста не хацела верыць у рэальнасць і мела патрэбу ў казцы не менш за дзяцей, паколькі цяжкае жыццё на нейкі час адняло веру ў яго светлы бок… Нездарма кажуць: адны казкі чытаюць, а іншыя ў іх жывуць. Сёння лялькі — гэта мой свет: я люблю сваіх герояў, а яны адказваюць мне цяплом. Дарэчы, у кожнага майго героя свой характар, некаторыя, напрыклад, не любяць фатаграфавацца. І Вы ў гэтым хутка пераканаецеся самі, — з парога інтрыгуе жанчына і пачынае знаёміць з сябрамі, адкрываючы, нібы заслону тайны, скрынку за скрынкай, шкатулку за шкатулкай…

Ну, хто сказаў, што дрыяды з эльфамі і гномамі адышлі ў нябыт? Дык вось жа яны — маленькія, сярэднія, вялікія — з кветкамі і ліхтарыкамі, з кніжкамі і акулярамі, у капялюшыках і капюшонах, у панчошках і шкарпэтках. На аксамітных каптаніках — залатыя запінкі, на капялюшыках — бубончыкі, а на ножках — самыя сапраўдныя ваўняныя пінеткі і скураныя чаравічкі 0,5-га памеру са шнуркамі. Шаўцом выступіла сама Ала Пятроўна, якая ў сваю бытнасць працавала ў Шчарчове, на прадпрыемстве “Уніформа”, і вырабляла абутак.

Услед за гномамі на свет з’явіліся кароўка-карміцелька, казачнік Оле-Лукое, сёстры Бабы Ёжкі, дамавічкі, бабулі-траўніцы і іншыя старыя, якія сімвалізуюць, па словах казачніцы майстрыхі, моцны шлюбны саюз.

— Гэтая работа так і называецца: “і ў горы, і ў радасці”, і прызначаецца яна ў падарунак тым людзям, чыя казка кахання не скончылася, як гэта часта бывае, вясельным балем, хто змог на працягу многіх гадоў захаваць вернасць адзін аднаму… А гэта гасцінная цётка Дуся, якая кліча да сябе на гарбату. Чым не падарунак для лепшай сяброўкі?.. Жанчына-на-Шчасце, якая ўсё ўмее і ўсё можа… А гэта — кампазіцыя на барную стойку — бесклапотны рыбак, які суткамі напралёт праседжвае свае штаны на беразе ракі.

— Мабыць, калісьці злая ведзьма яго пераўтварыла ў пачвару, але пасля таго, як чары спалі, ён так і не стаў прынцам, — дазволіла сабе ўнесці ўласныя карэктывы ў казачны сцэнарый, чым развесяліла майстрыху.

Дарэчы, паколькі цяпер зіма, самая чароўная пара года, у кватэры Алы Пятроўны не маглі не пасяліцца калядныя анёлікі, прыгажуні ёлачкі, Дзяды Марозы і, вядома ж, сімвалы гэтага года — Бычкі: маленькія ў якасці магніцікаў на халадзільнікі, а вялікія ў якасці дэкаратыўных падушак.

— Гэтых рагатых прыгажуноў я вырабіла для сваіх унучак, якія сёння з маёй дачкой жывуць у Мачулішчах і абавязкова завітаюць да мяне на свята. Унукі, дарэчы, — самыя строгія мае крытыкі, — кажа майстрыха. — Скажуць: “Хачу!” — значыць, лялька атрымалася.
Ала Пятроўна прызнаецца, што вельмі шкадуе аб тым, што з унікальнай тэхнікай вырабу капронавых лялек яна пазнаёмілася, толькі на пенсіі.

— Калі б пачала з дзяцінства, то колькі б герояў паспела зрабіць?! Мяне ж з ранніх гадоў мама-швачка навучыла шыць, вязаць. Да таго ж, я добра малявала. Таму без праблем паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, па размеркаванні трапіла ў Брэст. А як выйшла замуж за вайскоўца, вярнулася ў роднае Шарашэва і надоўга зачахліла свае пэндзлікі. Працавала, дзе даводзілася. Потым шмат гадоў маму даглядала… А калі пайшла на пенсію, моцна засумавала па творчасці. Да канкрэтных дзеянняў падштурхнуў інтэрнэт.

З лёгкай рукі спагадных суседзяў год таму на гарадскім восеньскім кірмашы Ала Хвядун упершыню паказала шырокай публіцы сваіх казачных герояў і адразу прыцягнула ўвагу метадыстаў з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Пазней тыя дапамаглі ёй наладзіць выставу на свяце пасёлка Шарашэва, а потым — і ў “горадзе майстроў” на абласных “Дажынках”.

— Дзякуючы таму, што частка работ была прададзена, я змагла закупіць розныя тканіны, стужкі, гузічкі і іншую фурнітуру (тыя ж вочкі і вейкі), неабходную для стварэння лялек. І стала працаваць з новым імпэтам… Бо ідуць самыя чароўныя святы, а гэта значыць, што хтосьці абавязкова зойдзе да мяне ў госці за сваёй казкай. Яна чакае…

Алена Зялевіч. Фота аўтара.