Понедельник, 20 сентября 2021

Пружанскія школьнікі актыўна ўключыліся ў дабрачынную акцыю «Цуды на Каляды»

312

Новы год, Каляды, Стары Новы год, Богаз’яўленне — гэтую цудоўную чараду зімовых свят любяць усе. Але асабліва чакаюць каляднага цуду і выканання жаданняў дзеці, якія больш за астатніх маюць патрэбу ў цяпле, любові і падтрымцы. Дык чаму б ім гэтага не падарыць? Тым больш, што па ўсёй краіне праходзяць традыцыйныя дабрачынныя акцыі – “Цуды на Каляды”, ініцыяваныя рэспубліканскімі саюзам моладзі, піянерскай арганізацыяй і “Ёлкай жаданняў” ад Беларускага Чырвонага Крыжа.


Штогод да дабрачынных праектаў актыўна далучаюцца школьнікі і валанцёры атрада “Ад сэрца да сэрца”, а таксама цімураўскага атрада “Радасць” сярэдняй школы № 5. Сёлета іх намаганні асаблівым чынам былі накіраваны на шасцярых выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра – пяць хлопчыкаў і адну дзяўчынку, якія раскрылі праз “Ёлку жаданняў” свае мары.


Як распавяла нам педагог-арганізатар установы і лепшы ў рэспубліцы валанцёр-лідар Таварыства Чырвонага Крыжа Наталля Бармута, варта ёй было толькі размясціць на сваёй старонцы ў «Інстаграме» пералік мараў дзяцей з СПЦ, як літаральна за паўгадзіны адгукнуліся жадаючыя іх ажыццявіць.


Касметычныя наборы, цацкі, наручныя гадзіннікі, навушнікі, наборы для творчасці, чахол на тэлефон, розныя прысмакі… Вялікі мяшок, спецыяльна пашыты для акцый, стаў хутка папаўняцца ўсё новымі падарункамі.


Потым заклік валанцёраў быў апублікаваны ў “раёнцы” – і да іх далучыліся неабыякавыя чытачы газеты.


— Адзін дзядуля вядро грэцкіх арэхаў перадаў, па-дзялілася арэхамі і іншая жанчына. Дзякуючы рэпостам, дзяўчына нават з Масквы пералічыла 100 рублёў, каб купіць куртку і боцікі для хлопчыка. А мая знаёмая, майстар па манікюры, поўнасцю апранула дваіх дзяцей, — адзначыла Наталля Генадзьеўна.


У выніку “валанцёрская брыгада” пад яе кіраўніцтвам сабрала столькі падарункаў, што змагла шчыра павіншаваць яшчэ і выхаванцаў цэнтра карэкцыйнага развіцця, а таксама маленькіх пацыентаў дзіцячага аддзялення Пружанскай ЦРБ.


У сацыяльна-педагагічным цэнтры для галоўных віноўнікаў урачыстасці валанцёры наладзілі вясёлае тэатральнае прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза, Снягуркі і іншых “зімовых” герояў. А дзеці, у сваю чаргу, прачыталі вершы і здзівілі гасцей сваімі артыстычнымі здольнасцямі.


Падчас сустрэчы ніхто не застаўся без увагі і цёплых слоў падтрымкі. Адметна, што валанцёры СШ № 5 перадалі двум старэйшым выхаванцам асобныя падарункі ад абласнога сакратарыята Таварыства Чырвонага Крыжа – валейбольны мяч і музычныя калонкі. Але ці не самым кранальным момантам сустрэчы стала распакоўванне падарункаў маленькімі дзецьмі.

На гэтым цуды ад валанцёраў СШ № 5 не скончыліся. Перад самымі Калядамі яны віншавалі яшчэ сем’і з нізкім узроўнем даходу.

Акцыя “Цуды на Каляды” працягваецца, а гэта значыць, што ў кожнага ёсць выдатная магчымасць зрабіць гэты свет крышачку дабрэйшым і больш утульным для тых, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу.


Гімназісты таксама наведалі Пружанскую раённую бальніцу і перадалі навагоднія сувеніры і прысмакі маленькім пацыентам педыятрычнага, хірургічнага і інфекцыйнага аддзяленняў. Падарункі школьнікі сфарміравалі агульнымі намаганнямі разам з бацькамі і настаўнікамі.


Рэспубліканскую акцыю “Цуды на Каляды” з задавальненнем падтрымалі і дзеці з рознаўзроставага атрада Шарашоўскай СШ. Школьнікі падрыхтавалі навагоднія паштоўкі і віншаванні ветэранам педагагічнай працы, а таксама адзінокім пажылым людзям пасёлка, якім дзякавалі за добрасумленную працу, велізарны жыццёвы вопыт і мудрасць.


Штогод не застаюцца ў баку ад каляднай акцыі і ружанцы. Вось і сёлета выхаванцы Ружанскай СШ сабралі цацкі і школьныя прыналежнасці для дзяцей з нядобранадзейных сем’яў і дзяцей з асаб-лівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Алена Зялевіч.