Понедельник, 20 сентября 2021

Удзельніца VI Усебеларускага народнага сходу настаўніца Ірына Рыбакова: «Удасканальваць, а не разбураць»

543

На VI Усебеларускім народным сходзе, які павінен адбыцца 11-12 лютага ў Мінску, Пружаншчыну будзе прадстаўляць 11 дэлегатаў — прадстаўнікі розных прафесійных груп, грамадскіх арганізацый, дэпутаты розных узроўняў, кіраўнікі і звычайныя працаўнікі.
Сёння слова — Ірыне Іванаўне Рыбаковай, настаўніцы Кляпацкай СШ.


— У такім прадстаўнічым форуме буду ўдзельнічаць упершыню, таму для мяне гэта значная, асаблівая падзея. Але нельга сказаць, што дагэтуль я, як грама-дзянка сваёй краіны, знаходзілася ўбаку ад грамадскага жыцця: з’яўляюся дэпутатам Мокраўскага сельскага Савета дэпутатаў, наведваю сесіі, прымаю непасрэдны ўдзел у жыцці аднавяскоўцаў, стараюся ў межах сваёй кампетэнцыі дапамагаць людзям вырашаць іх надзённыя пытанні.


Прыняць удзел ва Усебеларускім народным сходзе для мяне яшчэ і гонар. З інтарэсам паслухаю людзей: на гэтай свайго роду дыялогавай пляцоўцы будзе вызначацца далейшы лёс краіны. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзяліцца і сваім меркаваннем на гэты конт. На маю думку, у Беларусі абраны правільны накірунак дзяржаўнай палітыкі. Падмурак, на якім будуецца сацыяльна арыентаваная палітыка нашай краіны, нельга разбураць. Умацоўваць, дапрацоўваць і ўдасканальваць — так, але ні ў якім разе не перабудоўваць.

Як педагога, зразумела, сёння мяне найперш хвалююць пытанні, якія звязаны з маёй прафесійнай дзейнасцю. Напрыклад, вырашэнне жыллёвага пытання для маладых спецыялістаў: наяўнасць уласнага жылля, думаю, дапамагла б зама- цоўваць педагагічныя кадры. Хацелася б, каб пра гэта паклапаціліся на дзяржаўным узроўні. Што да тэхнічнага забеспячэння агульна-адукацыйных устаноў, яно годнае нават у сельскай мясцовасці. Мяркую па нашай Кляпацкай СШ: яна не адстае ад гарадскіх, адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Ведаю, пра што гавару, бо працую ў гэтай школе больш за трыццаць гадоў і ўсе перамены адбываліся на маіх вачах. Цяпер у нас ёсць трэнажорная зала і плавальны басейн, якімі могуць карыстацца не толькі школьнікі і педагагічны калектыў, але і мясцовыя жыхары. Галоўнае, каб было каму карыстацца гэтымі выгодамі. Як затрымаць людзей на вёсцы, вось над якім пытаннем трэба працаваць сёння.