Пятница, 29 марта 2024

«Наш свет розны і вельмі складаны, але нават у ім здараюцца цуды. Трэба проста ў іх верыць». Кранальная гісторыя выратавання пружанскага хлопчыка Васілька, у якой прымаў удзел, здаецца, увесь свет

1 251

Ноч перад Калядамі асаблівая… Толькі не спіце і прыслухоўвайцеся да гукаў за акном. Ён абавязкова прыйдзе з яркім серпанцінам зорак, з пяшчотным танцам сняжынак, а можа, з ціхім патрэскваннем дроў у каміне, калі ён у вас ёсць. І пакладзе ў панчошкі “залатыя манеткі”…

Шмат гадоў таму свяціцель Мікалай прыйшоў у сне да маёй гераіні ў самы цяжкі перыяд яе жыцця, калі, здавалася, зямля сыходзіла з-пад ног, і вярнуў ёй веру ў Бога і надзею на лепшае. А любові ў жанчыны і так было з лішкам.

Эх, Васілёк, Васілёк…
— Гэта толькі ў казках гісторыя заканчваецца вясельным балем. У маім жыцці пасля вяселля ўсё толькі пачалося, — расказвае Надзея Мікалаеўна Кулайчук. — Прысніўся дзіўны сон, якому я спачатку не надала значэння. Бачу возера, вакол яго гуляюць вясельныя пары, а мой малады муж ловіць рыбу. Першай трапілася вялікая, прыгожая, але вельмі ўжо яршыстая рыбіна. А другая — маленькая, слабенькая, з павіслымі плаўнічкамі. І ўсё выслізгвае з рук. “Сярожа! Трымай яе моцна!” — закрычала я ў сне і прачнулася…
Праз год у маладой сям’і нарадзілася дзяўчынка, назвалі яе Аленай. Леначка расла моцным, здаровым дзіцем, якое з ранніх гадоў пачало дэманстраваць свой цвёрды характар і вялікі жыццёвы патэнцыял… А 24 лістапада 1984 года нарадзіўся хлопчык з залатымі, як пшаніца, валасамі і сінімі, як васількі, вачыма.
Маладая жанчына спадзявалася, што сын будзе такім жа здаровенькім, як старэйшая сястра, але з кожнай гадзінай і нават мінутай яе надзея знікала, як пясок у пясочным гадзінніку: адразу пасля родаў немаўля забралі… Вярнулі толькі праз тыдзень, агучыўшы дыягназ, які прагучаў, як прысуд: тэтрада Фало — сіні парок сэрца… І тут Надзея Мікалаеўна ўзгадала пра даўні сон і са стогнам прыціснула немаўля да грудзей: “Эх, Васілёк, Васілёк… Рыбка мая, не выслізгвай з рук”…

На край свету
— А ён выслізгваў… Рос, нібы кволая кветачка ў полі: сэрцайка, здавалася, трапятала ад найменшага подыху ветру.
Хлопчыку было цяжка хадзіць, бегаць, падымацца па лесвiцы, ад мінімальнай нагрузкі з’яўляліся дыхавіца і страшная сінюшнасць на вуснах і пальцах, канцавыя фалангі якіх сталі паступова патаўшчацца (з’явіўся сімптом барабанных палачак).
Усё больш і больш напаўнялася болем сэрца няшчаснай маці. “Патрэбна аперацыя”, — паўтаралі ўрачы.
— І мы кінуліся шукаць таго ўрача, які змог бы дапамагчы, — са слязамі на вачах працягвае аповед Надзея Кулайчук.
Звярталіся ўсюды. Гатовы былі ехаць хоць на край свету. Некалькі разоў былі ў Маскве, у Бакулеўскім цэнтры сардэчна-сасудзістай хірургіі, наглядаліся ў кардыялагічным аддзяленні Мінскага дзіцячага хірургічнага цэнтра. Ездзілі і ў славуты інстытут Амосава ў Кіеве, дзе дзеля хлопчыка з Пружан сабраўся кансіліум з паўтара дзясятка прафесараў. І ніхто з іх так і не адважыўся на аперацыю.


— Адзін прызнаўся, што шанец Васілька выжыць пасля яе ацэньвае менш чым у 5%… Памятаю сумны погляд жанчыны-ўрача, якая нібы хацела сказаць: “Мне вас шкада”. Памятаю і тое, як сутыкнулася ў бальнічным ліфце з маладым хлопцам з сінюшным тварам і, гледзячы на яго, жахнулася: Божа, гэта чакае майго сына, калі…
Надзеі Мікалаеўне і Сяргею Міхайлавічу Кулайчукам заставалася спадзявацца толькі на Бога.

Падораная надзея
Яны сталі ездзіць па храмах і манастырах, заказвалі набажэнствы за здароўе хворага хлопчыка Васіля і самі маліліся дзень і ноч.
Цягнуліся месяцы, гады. Хлопчык пайшоў у дзіцячы сад. Ён разумеў, што асаблівы, але пра тое, што жыццё можа скончыцца ў любую хвіліну, нават не падазраваў. А мама стамілася спадзявацца на цуд.
— У гэты перыяд бясконцага адчаю я ўбачыла ў сне святога Мікалая, які пачаў мяне супакойваць: “Не плач, не гаруй і нічога не бойся…”. І назваў дату, якая мне ні пра што на той момант не казала, — 14 жніўня, час — 14.10. І яшчэ дзіўнае, невядомае слова —“Міграт”… Я прачнулася з асаблівым пачуццём палёгкі, нібы зноў навучылася дыхаць, — кажа маці, наперадзе якую, на самай справе, чакала яшчэ нямала выпрабаванняў.


А праз некалькі дзён на парозе кватэры Кулайчукоў з’явілася педыятр Ірэна Віктараўна Мамановіч з лістом з Савецкага дзіцячага фонду. Праўда, ліст быў адрасаваны зусім іншай жанчыне і ў ім паведамлялася, што амерыканскія ўрачы гатовы ўзяць на лячэнне яе дзіця… Але яно не дачакалася гэтага моманту, і няшчасная маці прынесла ліст у дзіцячую кансультацыю з надзеяй на тое, што ён зможа дапамагчы яшчэ камусьці.
Так неба забрала да сябе адну маленькую душу і дало шанец затрымацца на зямлі іншай.

Дар жыцця


Чакаць Кулайчукам давялося даўжэй, чым хацелася. 4 чэрвеня 1991 года яны атрымалі ліст з дзіцячага фонду, дзе паведамлялася, што амерыканскія кардыяхірургі, на жаль, не маюць пакуль магчымасці запрасіць іх да сябе на аперацыю ў ЗША. Але абяцаюць прыехаць у Маскву ў 1992 годзе ў рамках праграмы “Дар жыцця” на кансіліум для азнаямлення з дакументамі.
Праз год прыйшоў другі ліст, з якога Кулайчукі даведаліся, што амерыканцы вывучылі медыцынскія дакументы Васілька і гатовы пракансультаваць, але для гэтага трэба было правесці хлопчыку зандзіраванне сэрца.
— Дзеля гэтага мы некалькі разоў ездзілі ў Мінскі хірургічны цэнтр, але ў Васілька чамусьці павышалася тэмпература — і ўрачы адмаўляліся праводзіць гэтае складанае абследаванне. Дапамог Іван Іванавіч Сямашка, які на той момант быў дэпутатам Вярхоўнага Савета РБ, і зандзіраванне зрабілі…
Кулайчукі нарэшце прыехалі на кансультацыю ў Маскву. І пачулі доўгачаканае: хлопчыка бяром…
— Але… Патрэбны былі вялікія грошы. На адну толькі дарогу — за акіян і назад — не менш за 800 долараў. Сама аперацыя каштавала каля 100 тысяч долараў. А іх у сям‘і не было.

Нітку да ніткі
Узгадайце “зайчыкі” і купоны 1992 года, і стане зразумелым, што Кулайчукам заставалася спадзявацца толькі на Бога і добрых людзей. А такіх у Пружанах, на шчасце, аказалася нямала. “Васьмігадоваму хлопчыку Васільку вельмі патрэбна ваша дапамога”, — кінула кліч наша “раёнка”. І манетка за манеткай грошы пачалі збірацца.

Надзея Мікалаеўна да гэтага часу, як галоўныя сямейныя рэліквіі, захоўвае спісы з прозвішчамі людзей і назвамі арганізацый раёна, якія далучыліся да дабрачыннасці. Прыход Свята-Аляксандра-Неўскага сабора, райсельбуд, ПМК-22, калгас “Ліноўскі”, райспажыўтаварыства, Аранчыцкая птушкафабрыка, дзіцячая школа мастацтваў, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці, цэнтр занятасці і шмат іншых устаноў аб’ядналі свае намаганні, каб выратаваць Васілька…
— Але нават пры такой дапамозе мы не маглі сабраць патрэбнай сумы… Памятаю, як увечары перад Калядамі ў наш пад’езд зайшлі калядоўшчыкі, і я замкнула дзверы на ключ: думаю, нам патрэбна кожная капейка. А Васілёк паглядзеў на мяне з дакорам і сказаў: “Мама, адчыні дзверы, інакш Божачка нам не дапаможа”. Мне стала сорамна. І я не проста адчыніла дзверы, а стала нават клікаць калядоўшчыкаў у госці… Што Вы думаеце? Праз некалькі месяцаў прыходзіць тэлеграма з Масквы, у якой паведамляецца, што выклік ад амерыканскіх урачоў усё-такі прыйшоў і нам трэба з’явіцца ў амерыканскі шпіталь 14 жніўня — менавіта ў дату, якую назваў мне ў сне святы Мікалай.


На гэтым цуды для сям’і Кулайчукоў не скончыліся. Як аказалася, усе іх выдаткі па медыцынскім абслугоўванні заручылася ўзяць на сябе дабрачынная арганізацыя “Gift of life” (“Падарунак жыцця”). А грошы ёй пералічыў вядомы расійскі рэжысёр Радзівон Нахапетаў, які на той момант здымаў фільм у ЗША (забягаючы наперад, адзначу, што пасля аперацыі рэшткі грошай, якія збіралі пружанцы, сям’я Кулайчукоў пералічыла ў Беларускі дзіцячы фонд).
— Нам заставалася толькі перакласці медыцынскую карту Васілька на англійскую мову, залячыць яму зубкі, зрабіць візу і сесці ў самалёт. Толькі… Дзеля візы разоў пяць давялося ездзіць у Маскву, атрымалі яе ажно 12 жніўня. Складанасці былі і з лячэннем зубоў. Ні ў Пружанах, ні ў Брэсце не маглі правесці патрэбныя маніпуляцыі: сын адразу сінеў. І толькі 13 жніўня ўжо ў Маскве Васільку дапамог стаматолаг з Бакулеўскага цэнтра, які ведаў, як працаваць з такімі пацыентамі. Да ўсяго, напярэдадні выезду Васілёк згубіў медальён з выявай свяціцеля Мікалая, які яму бабуля падарыла, і катэгарычна адмовіўся без яго ехаць… Знайшлі і медальён. І 14 жніўня ўсё ж такі ступілі на борт самалёта. На білеце ў графе “Час вылету” значылася: “14.10”…

Hello, America!
З улікам гадзінных паясоў Кулайчукі прыбылі ў ЗША ў тыя ж суткі,14 жніўня. Іх з паветранымі шарыкамі і транспарантам у выглядзе сэрцайка з надпісам “Васіль Кулайчук” сустракалі рускія эмігранты, сярод якіх , як аказалася, была сваячка вялікага рускага кампазітара Сяргея Рахманінава Кацярына Блодзі. Яна ўвесь час была побач: спачатку звазіла пружанцаў у царкву Казанскай іконы Багародзіцы, а потым суправаджала ў клініку “Сэрца Дэборы”, якая знаходзілася на тэрыторыі ваеннай базы ў Нью-Джэрсі.
У першы ж дзень Васілёк здаў усе неабходныя аналізы, прайшоў эхаграму і кардыяграму, а таксама цыталагічнае абследаванне. Аперацыя была назначана на 22 жніўня. Усе наступныя дні на кожным кроку Кулайчукі толькі і чулі ад асабістых медсясцёр Васілька славутае амерыканскае: “О’кей!” Але Надзея Мікалаеўна ўсё роўна моцна хвалявалася і амаль бесперапынна малілася. Перад аперацыяй у палату завітаў урач і супакоіў яе, растлумачыўшы, што аперацыя звычайная і працягвацца яна будзе не больш за тры гадзіны…

Ратавальніца Міграт
Праз некалькі мінут пасля аперацыі Надзею Мікалаеўну пусцілі да сына.
— Як сёння памятаю, Васілёк быў белы, як прасціна. Ад рота і носа, ад рук і ног цягнуліся нейкія правадкі і трубачкі. Побач стаяла ажно восем кропельніц, а вакол — вялікая колькасць рознай апаратуры… Але я глянула на ручкі сына і зразумела, што яму стала лягчэй: звычайна сінія пазногці сталі ружовымі… Я спытала ў медсястры, як завуць урача, што рабіў аперацыю. Пачула: “Лін Міграт”. І зразумела, што гэта яе прозвішча назваў у сне святы Мікалай…
Пасля аперацыі Кулайчукі яшчэ каля двух тыдняў знаходзіліся ў бальніцы. На грудзях Васілька вісеў датчык: звесткі пра мінімальныя змены ў яго абноўленым сэрцы тут жа перадаваліся на манітор у кабінет урача. Але хлопчыка гэта толькі весяліла. Да таго ж, яго ложак нагадваў адзіны велізарны гаджэт з некалькімі пультамі кіравання, якія, у прыватнасці, прыводзілі ў рух тэлевізійны экран і інтэрактыўныя дошкі на сцяне. А побач знаходзіўся пакой з халадзільнікамі і буфетамі, напоўненымі рознай ежай. Да таго ж, хлопчык мог заказваць сабе любыя стравы.
— Напэўна, да здзіўлення амерыканскіх повараў, часцей за ўсё Васілёк заказваў “бульбачку”, — смяецца Надзея Кулайчук.
Узгадала жанчына і пра тое, як аднойчы да сына ў палату зайшлі тэлевізіёншчыкі, якія здымалі рэпартаж пра клініку і выратаваных замежных дзяцей. І вестка пра хлопчыка Васілька з сінімі вачыма з маленькага беларускага мястэчка Пружаны разляцелася па ўсёй Амерыцы…


Нарэшце прыйшоў час пакінуць клініку. На развітанне медсёстры (дарэчы, маці да гэтага часу памятае іх імёны: Лінда, Памэла і Мелані) падаравалі Васільку на памяць талісман – плюшавае медзведзяня, якога так і назвалі — Мішка…

Tnank you, America!
Праўда, каб без праблем перанесці 11-гадзінны пералёт дадому, хлопчыку патрабавалася яшчэ дадатковая рэабілітацыя. Рускія эмігранты дапамаглі Кулайчукам пасяліцца ў спецыяльнай гасцініцы пры клініцы і забяспечылі іх усім неабходным. А калі Васілёк набраўся сіл, сям’ю забрала да сябе Кацярына Блодзі.
— Яна жыла ва ўласным доме, абстаноўка ў якім, трэба сказаць, была досыць сціплай. Толькі вось кухонная прастора ўразіла: там было ўсё аўтаматызавана, а пральная машынка выдавала не проста чыстую, а сухую бялізну. Кацярына Міхайлаўна паказала нам з Васільком свой вялікі сад. Сынок з лёгкасцю залез на дрэва і дапамог нарваць сліў на кампот. Памятаю, як уразіў гаспадыню тым, што памыў пасля сябе посуд у абед і сказаў “дзякуй”…
Кацярына Блодзі вазіла сваіх гасцей на бераг акіяна, дзе высокія хвалі разбіваліся аб каменныя хвалярэзы. Былі Кулайчукі і на рынку, дзе прадавалася мноства дзівоснай садавіны. Ездзілі ў парк, дзе амерыканцы сядзелі проста на траве. Кожная паездка па Амерыцы, якая стала для многіх рускіх эмігрантаў другой радзімай, пакідала ў душы хлопчыка і яго мамы незабыўныя ўражанні. Ці не самым яркім з іх стала адкрыццё новага праваслаўнага Свята-Аляксандра-Неўскага храма, у якім яны прычасціліся.
— Мы не адчувалі, што знаходзімся ў чужой краіне: побач былі сябры, якія дарылі шчырыя ўсмешкі. Але я разумела, што эмігранты ўсё ж такі сумуюць па роднай зямлі.

Дома
У Пружанах Васілька таксама сустракалі са шчырымі ўсмешкамі. Радаваліся ўрачы, сябры, на сёмым небе ад шчасця былі тата і сястрычка Аленка. У тыя дні раздзялілі радасць сустрэчы з ім і журналісты “раёнкі”. Як трапна заўважыла ў сваім артыкуле ад 8.10.1994 года Ганна Хадаровіч, “дома Васілёк без намаганняў здолеў узняцца на трэці паверх”. І гэтым было ўсё сказана…
Потым Васілёк таксама без намаганняў скончыў чацвёрты клас, пяты… Сказаў “дзякуй” сярэдняй школе № 1 і без праблем паступіў у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Сустрэў сваё каханне па імені Кацярына. Сёння ў яго два сыны — Міхаіл (якога, як вы, спадзяюся, ужо здагадаліся, назвалі ў гонар талісмана) і Яўген. Талісман, дарэчы, да гэтага часу адчувае сябе выдатна і з’яўляецца любімай цацкай малодшых Кулайчукоў. А расказаў журналістам “раёнкі” пра яго ды яшчэ і паказаў гэты амерыканскі плюшавы цуд Васіль Сяргеевіч Кулайчук. Той самы Васілёк.


Сёння ён з’яўляецца галоўным спецыялістам па аўтаматызацыі дзяржаўнага ўнітарнага праектна-вышукальнага прадпрыемства “Інстытут Брэстбудпраект”. Прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы праектаў для будаўніцтва і рэканструкцыі розных аб’ектаў сельскагаспадарчай і прамысловай сферы ў тым ліку і роднага Пружанскага раёна, у прыватнасці, малочнатаварных фермаў і малочнага камбіната.

Жыццё працягваецца
Мы сустрэліся з Васілём і яго цудоўнай жонкай у маленькім і ўтульным брэсцкім кафэ. Казалі шмат і ад душы, разам плакалі, смяяліся. І, не паверыце, гулялі з плюшавым Мішкам. Вельмі многае я ведала ўжо ад Надзеі Мікалаеўны. Пра нешта пачула ўпершыню.
На пытанне (якое, прызнацца, мяне вельмі цікавіла), адкуль у маленькага Васілька была такая набожнасць, мужчына шчыра адказаў:
— Ды я быў такім жа, як усе іншыя дзеці. Але малыя ўспрымаюць рэальнасць па-іншаму, чым дарослыя. А бабуля мая і мама заўсёды імкнуліся вадзіць мяне ў храм. Асабліва падабалася ў старой Свята-Мікалаеўскай царкве ў Вежным, падчас набажэнстваў любіў падымацца на хоры і глядзець зверху на людзей. З маленства ведаў, што Бог існуе, а на дзень яго нараджэння свяціцель Мікалай прыносіць падарункі паслухмяным дзецям.
Нічога незвычайнага ў тым, што першыя дзесяць гадоў яго жыцця прайшлі ў бясконцых паездках да ўрачоў, ён таксама не бачыць:
— Гэта ж было цікава: цягнікі, метро! Памятаю, вярнуўшыся з адной такой паездкі, тата паказаў новыя беларускія грошы – “вавёрачак” і “зайчыкаў”. І мне яны вельмі спадабаліся… Вось мае сыны ў гэтым плане пакрыўджаныя: яны нават не ведаюць іншага транспарту, акрамя машыны, — смяецца Васіль Сяргеевіч.
І толькі пры згадванні пра маму яго голас пачынае прыкметна дрыжаць:
— Мама заўсёды хавала свой боль. Я ніколі не бачыў на яе твары выраз адчаю. Толькі сёння разумею, што ў яе на сэрцы больш шрамаў, чым у мяне… Так, я ведаў, што асаблівы, але не разумеў, чаму… Трохі задыхаўся, але жыў жа! Дарэчы, мой старэйшы сын у свае 12 гадоў таксама асаблівы: у яго “спартыўнае сэрца”, у басейне 50 метраў праплывае за 45 секунд… Што цікава, мы яго хрысцілі ў Ружанах, і перад самым таінствам у Пятра-Паўлаўскі храм зайшла група турыстаў з Францыі. Яны, як даведаліся, што будуць хрысціць “Мішэля”, усе паставілі свечкі за яго здароўе — столькі добрых пажаданняў яму ў неба паляцела!

Мары спраўджваюцца
Вядома, узгадваў Васіль Сяргеевіч і пра Амерыку:
— Так скажу, хочаш сёння заняцца бізнесам, з’ездзі спачатку ў Амерыку, паглядзі, што ў іх там, і тады пачынай. Не трэба вынаходзіць веласіпед, многае ўжо даўно прыдумана… Хоць я таксама чамусьці навучыў амерыканцаў. Памятаю, гулялі з суседскімі дзецьмі ў мяч і той паляцеў праз плот. Амерыканцы пайшлі за ім вакол сядзібы. А што робіць беларускі хлопчык? Правільна, лезе праз плот, бярэ мяч і сігае назад. Што сказаць: вочы ў заакіянскіх сяброў прыкметна акругліліся. Я іх часта ўспамінаю, як і медсясцёр, і цётку Кацю, і белую пену на беразе акіяна…
У канцы сустрэчы я папрасіла Васіля Сяргеевіча сказаць некалькі слоў чытачам “Раённых будняў”.
— Дарагія пружанцы, дзякуйце сваім бацькам за ўсё: лепшае, што ёсць у нашым жыцці, — гэта ад іх. І ніколі, чуеце, ніколі не апускайце рукі і ідзіце наперад. Наш свет розны і вельмі складаны, але нават у ім здараюцца цуды. Трэба проста ў іх верыць… Чакайце сёння свяціцеля Мікалая, ён прыйдзе. З Калядамі!

Алена Зялевіч.
Фота аўтара і з уласнага архіва сям’і Кулайчук.