Среда, 20 января 2021

Расказваем пра яшчэ адну цікавую прафесію. Сваім вопытам падзяліўся інжынер лінейных збудаванняў сувязі Дзмітрый Багданаў

255

У свеце налічваецца каля 40 тысяч прафесій, але аказваецца, што ўсе яны па адносінах чалавека да прадмета працы дзеляцца ўсяго на… пяць тыпаў. Гэта — чалавек-прырода, чалавек-чалавек, чалавек-знакавая сістэма, чалавек-мастацкі вобраз і чалавек-тэхніка.
Да апошняга тыпу і адносяцца ўсе інжынерныя спецыяльнасці. На нашых старонках мы ўжо расказалі пра асаблівасці работы інжынера-будаўніка, інжынера-механіка, інжынера-праекціроўшчыка. А сёння ў нас новы герой. Знаёмцеся: інжынер лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Пружанскага цэха сувязі Бярозаўскага ЗВЭС Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Дзмітрый Багданаў.


— Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— Мне здаецца, што большасць вучняў 11-га класа толькі і думае пра тое, куды паступаць. Так было і са мной. Мне лёгка даваліся такія прадметы, як фізіка, матэматыка і інфарматыка. Пэўны час я нават думаў стаць настаўнікам і выкладаць адну з гэтых дысцыплін.
Але аднойчы старэйшая сястра распавяла пра каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, і на сямейным савеце было прынята рашэнне рыхтавацца да паступлення ў гэтую навучальную ўстанову.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Трэба было здаць уступныя экзамены па фізіцы і матэматыцы, а, як я ўжо казаў, з гэтымі прадметамі праблем у мяне не было. Зразумела, што ў апошні год да падрыхтоўкі падыходзіў з яшчэ большай адказнасцю. Таксама патрабавалася ЦТ па адной з дзяржаўных моў. Паколькі я вучыўся ў беларускамоўнай школе, то абраў беларускую мову. Дарэчы, на маёй малой радзіме – Вілейшчыне – беларускую мову можна пачуць значна часцей, чым у Пружанах.
А калі праз год пасля заканчэння каледжа я вырашыў працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе, то скарыстаўся падрыхтоўчымі курсамі пры акадэміі сувязі. Адразу адзначу, што, каб паступіць на бясплатнае навучанне нават на завочнае аддзяленне, неабходна атрымаць вельмі высокія адзнакі.

— Ці складана было асвойваць спецыяльнасць?
— Вучоба ў школе плаўна перайшла ў вучобу ў каледжы, з адным толькі адрозненнем: найбольшы акцэнт рабіўся менавіта на тыя прадметы, што лёгка даваліся і былі больш цікавымі. А вось калі я паспеў папрацаваць, а пасля стаў студэнтам акадэміі, то крышку здзівіла, што вельмі дасканала давялося вывучаць гісторыю Беларусі. Залік па гэтым прадмеце быў самым першым, таму і рыхтаваўся да яго з усёй адказнасцю.
А калі шчыра, то ў сучасным свеце ўсё, што тычыцца інфармацыйных тэхналогій і сувязі, развіваецца так хутка, што толькі паспявай разбірацца! Са студэнцкіх гадоў увайшло ў добрую звычку цікавіцца ўсімі тэхнічнымі навінкамі, якія тычацца работы. Мне важна самому разабрацца, чаму новае абсталяванне працуе менавіта так. Я ведаю, што традыцыйнае пытанне рубрыкі: «Каму можна парэкамендаваць такую прафесію?». Таму адразу адкажу: чалавеку, які гатовы да самаадукацыі, які зможа хутка асвойваць новую інфармацыю і будзе гатовы да таго, што ўсё змяняецца вельмі імкліва.

— У чым заключаецца Ваша работа?
— У асноўным гэта падключэнне абанентаў да паслуг «Белтэлекама» і ўхіленне разнастайных пашкоджанняў у гэтай сферы. Кожны выклік – не толькі работа з тэхнікай, але і зносіны з людзьмі. Таму інжынер лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад павінен быць чалавекам не толькі тэхнічна адукаваным, але і цярплівым, акуратным і… абаяльным.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Уладзіслава Шпарлы.