Понедельник, 20 сентября 2021

Падведзены вынікі штогадовага конкурсу на лепшае навагодняе афармленне (+відэа)

984

Здавалася б, за што можна любіць нашу цяперашнюю зіму? Пранізлівы вецер, холад, сырасць. Нават снегу пакуль няма, каб наладзіць навагоднія забавы, палюбавацца бялюткімі ўпрыгожаннямі, створанымі самой матухнай-прыродай. Аднак зрабіць свет вакол сябе незвычайным, стварыць атмасферу цуду дапамагае разнастайная ілюмінацыя. Агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне традыцыйна быў абвешчаны райвыканкамам.


Да чарговага навагодняга сезона Пружаны падрыхтаваліся як след. У гэтым можна пераканацца асабіста, дастаткова проста выбраць вечар і прагуляцца па горадзе. Упрыгожаную Савецкую літаральна не пазнаць. Прахожых вітаюць рознакаляровыя фігуры, так званыя зігзагі, што размясціліся на ліхтарных слупах. Зіхацяць агнямі балкон “Прэстыжу” і будынак цэнтральнай раённай бібліятэкі. Уваход у касцёл абраміла святочная арка, прыцягвае ўвагу гірлянда над кулінарыяй, свеціцца будынак Палаца культуры. Каля “Універмага” ўсталявана святочная інсталяцыя, што карыстаецца папулярнасцю ў гараджан.


Прыгожая светлавая алея, што вядзе ад галоўнай гарадской ёлкі да гандлёвых радоў. З другога боку – ужо традыцыйная алея з ёлачак каля ЦТДМ. Сёлета іх, як і месяцаў у годзе, 12, і кожная па-асабліваму незвычайная. Варта спадзявацца, што і новы год будзе насычаным выключна на добрыя падзеі і навіны.

Не адстаюць па святочным афармленні прылеглых тэрыторый прад-прыемствы, арганізацыі і жыхары раёна. У чарговы раз пацвердзіў гэта штогадовы агляд-конкурс на лепшае навагодняе ўпрыгожанне.
Найбольшая “канкурэнцыя” назіралася сярод устаноў адукацыі, культуры і адміністрацыйных будынкаў. Заяўкі ў гэтай намінацыі падало восем арганізацый, у тым ліку тры дзіцячыя садкі. Напрыклад, Ліноўскія яслі-сад №21 вабяць святлом навагодніх гірляндаў. Асабіста мне спадабалася тэрыторыя дзіцячага садка №7 па вул. Урбановіча ў райцэнтры. Тут усталяваны алень і снегавічок, упрыгожаны ёлкі і фасад будынка.

Але больш за ўсё пакарыла журы афармленне садка №3 (вул.Юбілейная). Гірлянды размешчаны не толькі на вокнах, але і на гульнявых пляцоўках і туях. Гэта, па словах адміністрацыі, узнімае настрой і персаналу, і дзеткам. Па выніках конкурсу садок атрымаў трэцяе месца ў сваёй намінацыі.


Другім у намінацыі стаў Мокраўскі сельвыканкам. Яго будынак прыцягвае сваёй яркасцю, а навагоднія агеньчыкі размясцілі таксама на туях, якія растуць побач.


Першае ж месца па праве ў Мураўскага СДК. Нездарма К.І.Панімаш падчас рэйда ад-значыў, што будынак культустановы відаць здалёк. На яго ўваходзе – неверагоднай прыгажосці кампазіцыя з натуральных яловых галін, у цэнтры якой жывая ёлка. І няпростая, а “музычная”. Так, па словах дырэктара СДК І.І.Кузьміч, яе назвалі таму, што, акрамя шароў і мноства гірлянд, яна ўпрыгожана CD-дыскамі.

Пад ёлкай – алені з санямі, якія ўжо паспелі выгрузіць вялізны падарунак, а вокны ўпрыгожылі выцінанкі, вырабленыя таленавітымі супрацоўнікамі.

Рэйдавая група адзначыла крэатыўны падыход работнікаў Ліноўскага сельвыканкама, Мураўскай СШ і Варанілавіцкага ВПК д/с-СШ.


Ацэньвалі ўпрыгожанні і ў прыватным сектары. Падчас леташняга конкурсу сям’я Велясюк з Клепачоў не выйшла ў пераможцы: з-за спешкі ўсе гірлянды падключыць не ўдалося, але сёлета канкурсанты ўзялі рэванш і… занялі першае месца. Прычым абсалютна заслужана: сядзібу ўпрыгожваюць шматлікія гірлянды на доме, дрэвах і альтанцы, а яшчэ фігуркі аленяў і дэкаратыўныя шары. Адметнасць уносіць лазерная падсветка. Гаспадыня Алена Мікалаеўна расказала, што такая казка абыходзіцца даволі дорага ў грашовым выражэнні, але жыць без яе сям’я ўжо проста не можа.


Сям’я Пазняк з в.Казлы ўпрыгожыла гірляндамі туі ўздоўж плота. Светлавыя ўпрыгожанні маюцца і на будынку сядзібы. Гэтыя гаспадары атрымалі другое месца.

А Цімановічы з аг.Руднікі вырашылі, што, калі прырода не дазваляе зляпіць снегавіка са снегу, зрабіць яго можна з падручных матэрыялаў. Такое рашэнне, а таксама багатая ілюмінацыя прынеслі трэцяе месца.


Сярод прамысловых, будаўнічых, транспартных, прадпрыемстваў лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, банкаўскіх арганізацый самым прыгожым было прызнана афармленне тэрыторыі ПМК-21 (летась арганізацыя была сярэбраным прызёрам). На другім месцы – малочны камбінат, на трэцім – аўтапарк №11.


Што тычыцца ўпрыгожвання тэрыторый сельгаспрадпрыемстваў, то вынікі тут будуць праводзіцца асобна — пра гэта мы яшчэ напішам.
Незразумелым як для журналістаў, так і для арганізатараў стала тое, што ні адной заяўкі ў гэтым сезоне не паступіла ад гандлёвых аб’ектаў. Хаця шэраг іх таксама выглядае па-навагодняму прыгожа. Магчыма, і ім варта было ўлічыць, што абсалютны пераможца ў намінацыі атрымлівае пяць базавых велічынь, за другое месца даюць тры, за трэцяе – дзве базавыя велічыні.

Конкурс на лепшае навагодняе афармленне – не проста ў прамым і пераносным сэнсе прыгожая традыцыя, але і магчымасць для палёту фантазіі ўдзельнікаў. Але яшчэ тыдзень-другі, і навагодняе ўбранне “возьме перапынак” да наступнага сезона. Таму пакуль усё навокал ззяе агнямі, паспейце атрымаць асалоду ад навагодняй прыгажосці!
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.