Среда, 14 апреля 2021

Цукеркавы дождж, або Як дзіцячы дом сямейнага тыпу прымаў гасцей у рамках акцыі «Нашы дзеці»

577

У дзіцячым доме сямейнага тыпу, у якім крыху больш за два гады таму пасялілася сям’я Нежавец, у гэтыя святочныя дні толькі і паспявалі прымаць гасцей: у рамках акцыі «Нашы дзеці» тут пабывалі прадстаўнікі і раённай улады, і аддзела па адукацыі, і грамадскасці. У іх ліку быў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Пятровіч Кудравец.


Сёлета пад дахам дзіцячага дома Нежаўцоў жыве адзінаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак.


— На момант адкрыцця ў нас было восем дзетак: трое ўсыноўленых і пяцёра прыёмных, — удакладняе гаспадыня дома Лірына. — А літаральна праз месяц пасля адкрыцця пачулі пра гісторыю двайнятак Машы і Пашы, якіх на той момант часова забралі з сям’і.
Да слова, адной з лепшых падзей, дзякуючы якой Лірыне і Аляксандру запомніцца мінулы 2020 год, з‘яўляецца якраз іх усынаўленне.

Самым старэйшым — ужо па 15 гадоў. Самай маленькай — Аляксандры, адзінай роднай па крыві, — хутка будзе паўтара гадкі. Нягледзячы на ўзрост, на Новы год усе ўдзельнічаюць у любімай сямейнай забаве — «цукеркавым дажджы».


— Усе цукеркі, а падарункаў нам дораць вельмі многа, мы збіраем у вялікія ёмістасці, дзеці сядаюць у кружок, і мы высыпаем на іх салодкасці, — тлумачаць сэнс гульні бацькі. — Дзеткі награбаюць іх у кучкі: хто больш — той пераможца.


Наборы цукерак, паездка на прафсаюзную ёлку… Акрамя салодкіх пачастункаў і сюрпрызаў для дзяцей, шматлікія госці рабілі і падарункі, патрэбныя ў гаспадарцы.


— Вельмі нечакана ў гэтым годзе нас, як ніколі, задарылі бытавой тэхнікай. Аддзел па адукацыі, напрыклад, падарыў пасудамыечную машыну, мясарубку і электрасушылку. Ад райвыканкама атрымалі стацыянарны міксер. Сёлета віншаванні ўпершыню прымалі яшчэ і ад ваенкамата: нам падарылі электрагрыль…


Нягледзячы на тое, што 2020-ы аказаўся для ўсіх нас годам не з лёгкіх, Нежаўцы не скардзяцца: гавораць, галоўнае — усе жывыя і здаровыя.
Марына Вакульская
Фота аўтара.