Среда, 14 апреля 2021

У Пружанах назначаныя новыя галоўны ўрач, начальнік РАУС і начальнік цэха электрасувязі

2 201

17 снежня 2020 года начальнікам райаддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама быў зацверджаны падпалкоўнік міліцыі І.А.Амельянчук.


Нарадзіўся Ігар Аляксеевіч у 1976 годзе ў г.Бяроза. У 1993 годзе паступіў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якую скончыў у 1997 годзе па спецыяльнасці «Правазнаўства». Служыў спачатку ў Бярозаўскім РАУС, дзе прайшоў кар’ерныя прыступкі ад следчага, оперупаўнаважанага да начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі.
У 2011 годзе Амельянчук быў пераведзены на службу ў пружанскую міліцыю, дзе да 2020 года займаў пасаду першага намесніка начальніка РАУС. У 2019 годзе І.А.Амельянчук быў адзначаны медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені.
Жанаты, выхоўвае трох дзяцей.

На пасаду начальніка Пружанскага цэха электрасувязі назначаны А.М.Валынскі.


Нарадзіўся Аляксандр Мікалаевіч у 1981 годзе ў Пружанах, дзе скончыў СШ №4, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці «Электрыфікацыя сельскай гаспадаркі». У 2002 годзе пайшоў працаваць на раённы вузел электрасувязі электраманцёрам ІІІ разраду і за 19 гадоў працы вырас да вядучага інжынера гэтай установы.
Адначасова завочна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці «Шматканальныя сістэмы тэлекамунікацыі», які скончыў у 2011 годзе.
Жанаты.

З чацвёртага студзеня галоўным урачом Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы назначаны Андрэй Іванавіч Пачынчык.


Андрэй Іванавіч нарадзіўся ў г.Жабінка ў 1975 годзе. У 1998 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці «Лячэбная справа». Пасля вучобы на працягу года з’яўляўся ўрачом-стажорам па хірургіі ў Брэсцкай абласной бальніцы.
З 1999 па 2001 год працаваў траўматолагам-артапедам хірургічнага аддзялення Пружанскага РТМА. На працягу двух наступных гадоў праходзіў клінічную ардынатуру ў Мінску, па завяршэнні якой працаваў у Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы. З 2004 года ён зноў працуе траўматолагам-артапедам у Пружанскай ЦРБ, а з 2009 года ўзначальвае траўматалагічнае аддзяленне бальніцы.
Жанаты, мае дачку і сына.