Воскресенье, 11 апреля 2021

У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымалі падарункі

462

Дзед Мароз, Снягурка, сімвал надыходзячага 2021 года Бычок, а таксама іншыя казачныя персанажы ў мінулы чацвер сабраліся ў раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, каб падарыць навагоднюю казку выхаванцам.


Сёння на базе цэнтра спецыяльную адукацыю атрымлівае 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. Звычайныя адукацыйныя ўстановы яны не могуць наведваць па розных прычынах: хтосьці — з-за парушэнняў рухальнай сістэмы, хтосьці — з-за цяжкіх парушэнняў мовы, хтосьці — па прычыне псіхічных адхіленняў. Таму свята з удзелам герояў казак, якіх некаторыя бачылі толькі на старонках кніг, стала для дзятвы сапраўдным цудам. Песні, гульні, карагоды… Дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у навагоднім дзействе.


Павіншаваць выхаванцаў цэнтра прыйшлі і старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, і начальнік аддзела па адукацыі І.А.Казарэз. У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» госці свята прынеслі дзецям падарункі — развіваючыя гульні. Наборы з цукеркамі перадаў і калектыў філіяла «Пружанскія электрасеткі», які ўзяў шэфства над установай яшчэ ў 2003 годзе.


«Асноўная мэта такіх навагодніх ранішнікаў — падарыць атмасферу чарадзейства кожнаму дзіцяці, — адзначыў шаноўны госць свята. — Галоўнае — вера ў цуд. Такім дзецям яна асабліва патрэбна».


Уручаючы падарункі, Юрый Юр’евіч адрасаваў шчырыя пажаданні моцнага здароўя і добрага настрою не толькі хлопчыкам і дзяўчынкам, але і спецыялістам цэнтра, якім яшчэ і падзякаваў за неацэнную працу з асаблівымі дзецьмі.
Марына Вакульская. Фота аўтара.