Среда, 14 апреля 2021

19 пружанцаў прынялі ўдзел у дабрачынным забегу «Бягучыя сэрцы»

389

Для таго, каб некаму дапамагчы, зусім не трэба быць чараўніком. Аказваецца, дастаткова ўсяго толькі… выйсці на прабежку. Не верыце? А менавіта так зрабіла 19 пружанцаў – удзельнікі дабрачыннага забегу “Бягучыя сэрцы”. Гэтыя людзі не проста зрабілі крок да паляпшэння ўласнага здароўя, а яшчэ і дапамаглі дзеткам з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Упершыню самы міласэрны забег сабраў нераўнадушных жыхароў раёна тры гады таму. Падчас двух першых забегаў пружанцы дапамагалі дзецям-сіротам. Сёлета змяніўся не толькі адрасат, але і фармат мерапрыемства. Зразумела, віной гэтаму стаў каранавірус. Калі раней удзельнікаў збіралі ў гарадскім парку і прапаноўвалі розныя дыстанцыі на выбар, то “Бягучыя сэрцы – 2020” не абмяжоўвалі ўдзельнікаў: зручную дыстанцыю трэба было выбраць і прабегчы самастойна. Затым вынік патрабавалася зафіксаваць з дапамогай мабільнага дадатку, а скрыншот разам са здымкам чэка аб пералічаных на спецыяльны дабрачынны рахунак сродках даслаць арганізатарам.


Вынікі забегу ўражваюць: за 25 дзён пружанцы пераадолелі 125,6 км і ахвяравалі для дзетак 285 рублёў. Дарэчы, сачыць за ўдзельнікамі забегу, колькасцю сабраных сродкаў і пераадоленых кіламетраў можна было ў рэжыме анлайн, у спецыяльна створанай групе “УКантакце”.


Сімвалічна, што ахвяраваныя грошы пайшлі на спартыўны інвентар. Дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Н.П.Красевіч расказала, што выхаванцы ўстановы былі вельмі рады новым абручам, мячам, гімнастычным палкам і многаму іншаму. Усё гэта дзеткі актыўна выкарыстоўваюць пры занятках адаптыўнай фізічнай культурай. Больш за тое, у будучым яны самі плануюць далучыцца да ліку ўдзельнікаў “Бягучых сэрцаў”.


– Са спартыўным клубам “Мухавец” мы супрацоўнічалі ўпершыню, але засталіся вельмі задаволеныя. А самае галоўнае – радасць і ўсмешкі ў вачах дзяцей, у якіх заняткі па фізкультуры цяпер выклікаюць яшчэ большую цікавасць, – падкрэсліла Наталля Пятроўна.


А яшчэ кіраўнік цэнтра шчыра дзякуе ўсім, хто паўдзельнічаў у забегу і падарыў часцінку сваіх часу, увагі, а самае галоўнае – часцінку сэрца тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Уладзіслаў Шпарла.