Среда, 20 января 2021

Беларускі Чырвоны Крыж запускае кампанію «Ёлка жаданняў»

322

Да 15 студзеня 2021 года Беларускі Чырвоны Крыж запрашае прыняць удзел у дабрачыннай кампаніі «Ёлка жаданняў». «Ёлка жаданняў» — гэта штогадовы навагодні праект па зборы падарункаў для дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, для тых дзяцей, якія звычайна не атрымліваюць падарункі ў навагоднія святы.

Сёлета такіх дзяцей у краіне каля 10 тысяч.
Для таго, каб падарыць дзецям свята, арганізацыі па ўсёй краіне ўсталююць навагоднія ёлкі. Яны будуць стаяць у гандлёвых цэнтрах, бізнес-цэнтрах, гатэлях, кінатэатрах і на іншых пляцоўках, спіс якіх размешчаны на сайце Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа — redcross.by/elka. На ёлках будуць размешчаны невялікія паштоўкі з жаданнямі і сюрпрызамі. Кожны жадаючы, убачыўшы такую ёлку, можа купіць падарунак, які паказаны ў паштоўцы. Падарунак можна будзе пакінуць у інфацэнтры крамы, на стойцы рэгістрацыі гатэля альбо перадаць супрацоўніку ўстановы, у якой усталявана ёлка.
Прыняць удзел у дабрачыннай кампаніі можна і праз ахвяраванне на сайце — donation.redcross.by/elka. На сродкі, якія ахвяруюць удзельнікі кампаніі, будуць набыты падарункі і сюрпрызы для дзяцей.
Ахвяраваць можна праз сістэму разліку АРІП (адзіны код 333) і СМС-ахвяраванні для абанентаў life 🙂 і МТС на нумар 553 з тэкстам 1471 333, сума.
У «Ёлцы жаданняў» могуць паўдзельнічаць і кампаніі. Далучыцца да дабрачыннасці можна, усталяваўшы ёлку для збору падарункаў або аказаўшы спонсарскую дапамогу.
Напярэдадні Новага года ўсе чакаюць падарункаў і цудаў: дзеці, дарослыя, старыя. Аднак не ў кожнага ёсць магчымасць атрымаць падарунак ад родных і блізкіх. Кожны можа зрабіць навагодні падарунак для дзіцяці, сям’я якога знахо-дзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі.

P.S. Адна з такіх ёлак ужо ўсталявана ў кавярні «Green Coffee» па адрасе: Свабоды, 9 у Пружанах і ў магазіне «Белмаркет».
Наталля Шчаглова, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.