Среда, 14 апреля 2021

Нядаўна энергетыкі адзначылі прафесійнае свята. Расказваем, як ідуць справы ў спецыялістаў Пружанскіх электрасетак

507

2020-ы год для філіяла Руп «Брэстэнерга» Пружанскія электрасеткі меў свае адметнасці: як расказвае дырэктар прадпрыемства А.А.Усік, пружанскім энергетыкам, акрамя выконвання асноўнай задачы па павышэнні надзейнасці электразабеспячэння, неабходна было працаваць і над прывядзеннем дзеючых сетак у той стан, які дазваляе ўладкоўваць электраацяпленне.


— Электрычныя катлы ацяплення сталі даволі папулярнымі, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў выглядзе льготных тарыфаў,— зазначае Аляксандр Аляксандравіч.— У выніку павялічваецца колькасць жадаючых абаграваць сваё жыллё пры дапамозе таннай электра-энергіі, чаму павінны адпавядаць і лініі энергазабеспячэння з улікам росту спажывання. Вось менавіта гэтыя дзве задачы і стаялі перад пружанскімі энергетыкамі на працягу бягучага года.
На сённяшні дзень капітальна адрамантавана больш за 35 кіламетраў паветраных ліній 35-110 кВ і 160 км — ПВ 10-0,4 кВ. Каб засцерагчы сеткі ад абрываў з-за прыродных стыхій, праводзілася расчыстка прасек — больш за 60 гектараў, а таксама высечка небяспечных дрэў на амаль такой жа плошчы.
У асноўным работы вяліся ў г.Пружаны, а таксама ў раёне вёскі Паддубна і аграгарадка Шчарчова. У в. Аранчыцы выканана рэканструкцыя падстанцыі з заменай абсталявання на сучасныя аналагі, капітальна адноўлены падстанцыі ў аграгарадку Клепачы і ў в.Купічы.
Падчас выканання задання па пашырэнні магчымасцей ліній энергазабеспячэння за 2020 год рэканструявана амаль 13 кіламетраў сетак. Усяго ж на павышэнне надзейнасці паставак самага даступнага для нас энергарэсурсу было выдаткавана каля двух мільёнаў рублёў.


—Напэўна, на наступны год планы яшчэ большыя?
— Так, неабходна будзе асвоіць амаль 8 мільёнаў рублёў. Гэта — рэканструкцыя больш за 45 кіламетраў сетак у раёне населеных пунктаў Хвалава, Навасёлкі, Арабнікі, Лыскава, Крыніца, Шані, Сярэдняе і іншых. Яшчэ звыш 40 кіламетраў сетак падлягае капітальнаму рамонту. Таксама будзе весціся работа па расчыстцы прасек і ліквідацыі небяспечных дрэў.


— 17 год таму ў філіяле быў адкрыты ўласны разлікова-касавы цэнтр, які стаў свое-асаблівым «адным акном» Пружанскіх электрасетак. Як працуе зараз гэта структурнае падраздзяленне?
— Трэба сказаць, што РКЦ у цяперашніх эпідэміялагічных умовах набыў найбольшую актуальнасць, дзякуючы бескантактнаму абслугоўванню кліентаў.
З пачатку 2020 года праз РКЦ было рэалізавана 111 падключэнняў да электрасетак па заявах грамадзян, з іх 77 — электракатлоў і электраводанагравальнікаў па стымулюючых тарыфах. Пераважная большасць зваротаў прымалася ў выглядзе тэлефанаванняў, усе патрэбныя працэдуры выконвалі нашы спецыялісты, якія пазбаўлялі людзей неабходнасці бегаць «па інстанцыях».
Асноўныя пытанні, з якімі грамадзяне звяртаюцца ў РКЦ, — гэта ўстанаўленне адпаведнасці сумы аплаты за электра-энергію, аплачаных паказанняў электралічыльнікаў. Гэтыя пытанні вырашаюцца аператыўна па тэлефоне непасрэдна падчас гутаркі. Таксама выдаваліся даведкі аб разліках за спажытую электраэнергію: аформлена 12 падобных дакументаў.


За год было зарэгістравана 102 ільготы грамадзянам па аплаце за электраэнергію.

— Аляксандр Аляксандравіч, лічу, што актуальнасць зараз набывае і аўтаматызаваная сістэма кантролю ўліку электраэнергіі (АСКУЭ), якая таксама дае дыстанцыйны доступ да паслуг ПЭС?
— І мы актыўна працуем над пашырэннем доступу да гэтай сістэмы, нарошчваючы аб’ёмы распаўсюджання
АСКУЭ па населеных пунктах раёна. Мантаж і наладку абсталявання ў шматкватэрных жылых дамах робім сама-стойна, а ў раёнах індывідуальнай жылой забудовы — з дапамогай падрадных арганізацый. У Пружанах і ў раёне з 27820 электраабанентаў сёння дыстанцыйны доступ, а таксама магчымасць размяркоўваць свае камунальныя выдаткі з улікам дзеючых тарыфаў маюць 21381, у якіх ёсць адпаведныя электронныя шматтарыфныя электралічыльнікі. Акрамя таго, у дадатак АСКУЭ дазваляе грамадзянам аблегчыць падлікі свайго электраспажывання і забяспечыць дакладнасць і празрыстасць узаемаразлікаў. Больш таго, ужо ў 4500 абанентаў вядзецца пэўнае дыстанцыйнае здыманне паказанняў электралічыльнікаў з выгрузкай дадзеных па спажытай электраэнергіі ў базу АРІП.


— Бягучы год паказаў пружанскім энергетыкам, што працаваць над укараненнем розных новаўвядзенняў мэтазгодна. Ці гатовы калектыў прадпрыемства да такіх выпрабаванняў?
— З гонарам і задавальненнем скажу, што мне пашчасціла ўзначальваць такі зладжаны і добрасумленны ў выкананні сваіх абавязкаў калектыў. Пра тое, што кожны працаўнік на сваім месцы, адказны і дысцыплінаваны, сведчыць той факт, што кожны год узнагародамі розных узроўняў адзначаюцца дзясяткі энергетыкаў. Сёлета з нагоды прафесійнага свята ад-значаны старшы майстар Ю.В. Глушко і майстры А.М.Раманоўскі, С.М.Крац, машыністы А.А.Козій, М.Р.Грыцук, А.А.Тупакоў, вядучы інжынер-праграміст І.М.Дземянцей, электраманцёр Я.Г.Мелех, начальнік змены ЦЭЦ В.В.Курачынскі, юрысконсульт С.А.Шлёмін, вядучы інжынер-праекціроўшчык А.М.Цюшкевіч, тэхнік Н.П.Зубко.
Многае ў нашай рабоце залежыць і ад традыцый, закладзеных ветэранамі энергетычнай галіны раёна, некаторыя і на заслужаным адпачынку трымаюць сувязь з намі і дзеляцца вопытам. Спадзяюся, што і з Уладзімірам Уладзіміравічам Пстыгам, і з Іванам Аляксеевічам Францэвічам мы будзем яшчэ не раз сустракацца. Выдатныя спецыялісты, рацыяналізатары і работнікі з каштоўным вопытам ліквідацыі аварыйных сітуацый — для нас сапраўдны скарб.
З нагоды прафесійнага свята шчыра дзякую ўсім калегам і ветэранам, зычу добрага настрою, упэўненасці ў будучым і спакою ў сем’ях. Каб усе трывогі абыходзілі вас бокам, не перашкаджалі працы. А ад сваёй работы адчувалі толькі гонар і задавальненне.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча і аўтара.

На здымках:

Электраманцёр Яўген Мелех адпрацаваў у Пружанскіх электра-
сетках больш за 30 год. Такому вопытнаму спецыялісту даручаюцца заўсёды самыя складаныя задачы. Вось і зараз ён збіраецца ў раён аг.Калядзічы, дзе ўстанаўліваецца новая падстанцыя.

За надзейную работу падстанцый адказвае майстар С.М.Крац.

Брыгада пружанскіх энергетыкаў зараз працуе на замене ліній Шарашэва-Паддубна. У іх ліку — майстар Пружанскага ўчастка электрасетак А.М.Раманоўскі і машыніст аўтавышкі Шарашоўскага УЭС М.Р.Грыцук