Суббота, 10 апреля 2021

Прыміце віншаванні з каталіцкімі Калядамі!

260

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
На парозе святаў Божага Нараджэння і Новага года жадаю, каб гэты незвычайны для ўсіх нас час мы перажывалі як дар Божага промыслу ў будаванні лепшай будучыні. Няхай асаблівасць перажывання сёлетніх святаў і тыя жыццёвыя выклікі, якія стаяць перад намі, дапамогуць кожнаму адкрыць для сябе нешта новае і добрае. Нараджэнне Хрыста напоўніла свет зусім іншым, глыбокім сэнсам. Няхай таксама і нам таямніцы калядных святаў дапамогуць адкрыць новыя перспектывы ў адносінах з Богам і бліжнімі.


Няхай Бог, які стаў Чалавекам, зробіць усіх людзей яшчэ больш чалавечнымі, каб усе памяталі, што мы створаныя па Яго вобразе і падабенстве. Каб кожны з нас няспынна ўзрастаў у веры, не губляў надзеі, а галоўнае — любіў Бога і створаны Ім Сусвет. Няхай Сын Божы прынясе давер туды, дзе пануе сумненне, а роспач і абыякавасць пераменіць у шчырую любоў і радасць жыцця.
Радасных святаў Божага Нараджэння! Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!
Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі,
Божае Нараджэнне 2020

Паважаныя святары і вернікі рымска-каталіцкай і іншых хрысціянскіх цэркваў Пружаншчыны, якія святкуюць Нараджэнне Хрыстова па грыгарыянскім календары!

Дарагія пружанцы!
Прыміце нашы сардэчныя віншаванні са святам Божага Нараджэння і надыходзячым Новым годам. Светлыя калядныя дні прыносяць з сабой асаблівую атмасферу, якая ўзвышае над буднямі ў радасным чаканні цуду. Простая евангельская гісторыя, якая здарылася больш за дзве тысячы гадоў таму, і сёння натхняе мільёны людзей ва ўсім свеце, падахвочваючы іх стаць чысцей і дабрэй, накіраваць сілы на дапамогу бліжняму, адкрыўшы сэрцы насустрач міласэрнасці і любові.
У хрысціянскай традыцыі прынята адзначаць гэтае свята сярод блізкіх, каля хатняга ачага, адчуваючы непарыўнасць роднасных сувязяў і дзелячыся адзін з адным усімі багаццямі душы. Перакананыя, што вы сустрэнеце яго ў добрым настроі, нягледзячы на няпросты адыходзячы год, і з надзеяй на будучыню.
Няхай Нараджэнне Хрыстова аб‘ядноўвае нас, дапамагае тварыць дабро і працаваць дзеля росквіту нашай цудоўнай Беларусі.
Жадаем вам у гэтыя святочныя дні і ў надыходзячым годзе моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях, здзяйснення жаданняў, шчасця і дабрабыту.
Ю.Ю.БІСУН, старшыня Пружанскага райвыканкама.
М.П.КУДРАВЕЦ, старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў.

На здымку: Калядная пастаноўка, якую рыхтавалі юныя вернікі Пружанскага касцёла.
Фота з архіва рэдакцыі