Воскресенье, 11 апреля 2021

У новым годзе ў Беларусі пачнецца выдача нацыянальных пашпартоў новага ўзору — ID-карты і біяметрычнага пасведчання асобы

504

З пачатку наступнага года запланавана арганізаваць выдачу нацыянальных пашпартоў новага ўзору — ID-карты і біяметрычнага пасведчання асобы. Дагэтуль праводзілася даволі няпростая работа па распрацоўцы заканадаўчай базы, па ўзгадненні магчымых выпадкаў прымянення новых дакументаў у паўсядзённым жыцці. Асаблівай увагі патрабавала стварэнне Беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмы як платформы, якая павінна забяспечыць функцыянал для ID-картаў.
Як будзе выглядаць працэс «укаранення» біяметрычных пашпартоў у наступным годзе? Як доўга будуць дзейнічаць старыя пасведчанні асобы? Мы пацікавіліся аб гэтым у начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі Д.М.Касюка.


— Дзмітрый Мікалаевіч, няўжо эпоха папяровых пашпартоў заканчваецца і з «шырокіх калашын» цяпер будзем даставаць простую пластыкавую картку? У чым розніца паміж ID-картай і біяметрычным пашпартам?
— Асноўным дакументам, які засведчвае асобу, будзе ID-карта, якая ў дадатак мае пашыраны функцыянал, напрыклад, дае доступ да электронных паслуг унутры краіны. Калі грамадзянін атрымаў ID-карту і не збіраецца ездзіць за мяжу, то гэтага дакумента будзе дастаткова. Калі ж ёсць намеры перыядычна выязджаць у іншыя краіны, то, акрамя ID-карты, патрэбны будзе і біяметрычны пашпарт.

— І колькі гэта ўсё будзе каштаваць?
— Мяркуецца, што дзецям і грамадзянам, якія знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні, ID-карта будзе выдавацца бясплатна. Пенсіянеры і інваліды 1 і 2 груп атрымаюць ID-карту за 1 базавую велічыню. Усім іншым катэгорыям грамадзян давядзецца аплаціць 1,5 базавай. Біяметрычны пашпарт для непаўналетніх і пенсіянераў будзе каштаваць 1,5 базавай велічыні, для астатніх — 2 БВ.

— Цяперашні нацыянальны пашпарт мае вялікую колькасць ахоўных сродкаў, якія ўскладняюць падробку дакумента. Ці прадугледжана тое ж самае для электронных пасведчанняў асобы?
— ID-карта ўяўляе сабой пластыкавую смарт-карту: на яе нанесены фатаграфія ўладальніка дакумента і яго персанальныя дадзеныя. Візуальная інфармацыя падобная з дадзенымі, якія ёсць сёння ў пашпарце: прозвішча, імя і імя па бацьку, ідэнтыфікацыйны нумар, дата нараджэння, грамадзянства, нумар карты, а таксама назва органа, які выдаў яе. На зваротным баку карты будзе змешчаны QR-код і чорна-белы варыянт фота грамадзяніна. Гэты манахромны здымак будзе адказваць за вызначаную ступень абароны ID-карты. У першую чаргу, новы дакумент — сродак ідэнтыфікацыі і здзяйснення юрыдычна значных дзеянняў у лічбавым свеце. Усе паслугі і адміністрацыйныя працэдуры, пераведзеныя ў электронную форму, можна будзе атрымаць з выкарыстаннем ID-карты.
Для выезду за мяжу неабходна будзе дадаткова атрымаць і біяметрычны пашпарт — дакумент для ўезду і выезду ў іншыя краіны ў выглядзе пашпартнай кніжкі з інтэгральнай мікрасхемай, якая ўтрымлівае электронны сродак біяметрычнай інтэграцыі. Словам, новае пасведчанне асобы, для выезду за мяжу рэспублікі знешне падобнае на звыклы беларусам пашпарт: вокладка застанецца сіняй, толькі знізу будзе нанесены знак, які паказвае, што пашпарт з’яўляецца біяметрычным. У ім дадаткова будзе пластыкавая старонка з персанальнымі дадзенымі грамадзяніна. У вокладцы пашпарта — чып, на якім запісаны ўсе персанальныя дадзеныя, фатаграфія ў добрай якасці, што неабходна для пагранічнікаў пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы. Акрамя гэтага, будуць запісаны адпячаткі пальцаў, якія будуць здымацца пры падачы дакументаў у аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі.
Мне давялося патрымаць у руках новы дакумент, і з упэўненасцю адзначу, што распрацоўшчыкі добра папрацавалі не толькі над абаронай ад падробак, але і над знешнім выглядам. На старонках пашпарта будуць намаляваны айчынныя славутасці. Ён выраблены з выкарыстаннем высокіх тэхналогій. І ў адрозненне ад цяпер дзеючага пашпарта, мае больш сур’ёзную ступень абароны: пад ультрафіялетавым выпраменьваннем, як і на ID-картах, праяўляюцца дадатковыя карцінкі, нанесеныя нябачнымі вокам фарбамі.

— Колькі старонак для віз у новым пашпарце?
— У біяметрычным пашпарце будзе 32 візавыя старонкі.

— Атрымліваецца, што з пачатку наступнага года мяркуецца перавод усіх жыхароў Беларусі на новае пасведчанне асобы. Ці справяцца органы грамадзянства і міграцыі?
— Экстраннай, абавязковай замены пашпартоў для грамадзян краіны не будзе. Для многіх людзей, якія атрымалі дзеючыя пасведчанні асобы пасля таго, як ім споўнілася 64 гады, пашпарты сапраўдныя да 100 гадоў. Той, хто не жадае атрымліваць ID-карту або біяметрычны пашпарт, зможа карыстацца цяперашнім нацыянальным папяровым пашпартам да заканчэння тэрміну яго дзеяння.
Пераход на біяметрычныя дакументы не створыць праблем і пры выездзе за мяжу. Дзеючыя зараз пашпарты і новыя дакументы будуць выкарыстоўвацца для выезду за межы Беларусі таксама да заканчэння тэрміну іх дзеяння.


— Дзмітрый Мікалаевіч, якой будзе працэдура атрымання новых дакументаў і колькі часу гэта зойме?
— Каб атрымаць іх, трэба будзе звярнуцца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі са старым пашпартам, аплаціць
дзяржпошліну, тут жа ў нас сфатаграфавацца і здаць адпячаткі пальцаў. Уся працэдура зойме 15-20 мінут.
Свой першы біяметрычны дакумент грамадзянін можа атрымаць толькі ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі, дзе ён зарэгістраваны. Потым для замены біяметрычных дакументаў можна будзе звяртацца ў любое падраздзяленне АГІМ у рэспубліцы.
Прыкладны тэрмін афармлення біяметрычных дакументаў: звычайны парадак — 15 дзён, паскораны — 10 дзён, тэрміновы — 5 рабочых дзён пры дадатковай аплаце.
Гутарыў Алег Сідарэнка.