Суббота, 12 июня 2021

У Пружанах адкрыўся магазін з нізкімі цэнамі «Мегаопт»

1 637

Днямі ФПР «Прадтавары» адкрыў гандлёвую кропку новага для спажыўкааперацыі фармату з назвай, якая гаворыць сама за сябе: «Мегаопт».


Меншза тыдзень спатрэбілася ФПР «Прадтавары» для таго, каб перапрафіляваць магазін №5 «Журавінка» па вуліцы Горына-Каляды, што побач з цэнтральным рынкам. А адкрыла дзверы гандлёвая кропка ўжо ў абноўленым фармаце. Як расказала дырэктар філіяла Таццяна Жук, у сістэме «Белкаапсаюза» распрацаваны новы брэнд магазінаў — «Мегаопт». У Пружанах гэта першы ў нашым раёне і шосты на Брэстчыне.


— Нашы пастаўшчыкі пайшлі насустрач і прапанавалі тавар са скідкамі, каб цэны былі канкурэнтнымі. Усё-такі «Мегаопт» — гэта магазіны нізкіх цэн, якія маюць фармат складоў, — удакладняе Таццяна Аляксандраўна. — У іх прысутнічаюць як прамысловая, так і харчовая групы тавараў. Хаця гандаль малочнымі і хлебабулачнымі вырабамі ў падобных магазінах не плануецца, але мы пакінулі іх у асартыменце, каб гандлёвая кропка была не проста месцам выгадных пакупак, але і засталася магазінам крокавай даступнасці для жыхароў бліжэйшых вуліц.


Пашырэнне плошчы за кошт невыкарыстоўваемага памяшкання дазволіла прадставіць немалы асартымент. Варта адзначыць, тут шмат тавараў, якіх няма ў іншых магазінах філіяла «Прадтавары». У прыватнасці, значна пашыраны асартымент прамысловай групы: мыечныя сродкі, посуд, прадметы асабістай гігіены і іншыя. Ёсць выбар і кандытарскіх вырабаў, якія прадстаўлены выключна праверанымі вытворцамі, сярод якіх «Камунарка», «Спартак», «Слодыч», «Заслаўская кандытарская фабрыка». Засталіся і мясныя прадукты: каўбасы, пельмені, птушка, а таксама свежазамарожаная рыба.


Таццяна Жук звяртае ўвагу, што частка тавараў — увогуле з вялікімі скідкамі: макаронныя і кандытарскія вырабы, шкарпэткі, мука, крупы… Праўда, асартымент у «Мегаопце» непастаянны, з некаторай перыядычнасцю ён будзе мяняцца, дабаўляцца.


Адметна, што тавары ў гэтым магазіне сістэмы спажыўкааперацыі пераважна беларускай вытворчасці. У любым выпадку ўвесь тавар сертыфікаваны і мае неабходныя пасведчанні якасці.
Каб адпавядаць сучасным патрабаванням, у магазіне была праведзена аўтаматызацыя: устаноўленая камп’ютарная сістэма палегчыла працу прадаўцам, а пакупнікам дала магчымасць бачыць у чэку канкрэтны спіс сваіх пакупак.


Кіраўніцтва ФПР «Прадтавары» абяцае, што пастараецца даць па прыемных цэнах неабходны тавар для падрыхтоўкі да святкавання Новага года. Прычым гэта не толькі прадукты для святочнага стала: сёння, напрыклад, у «Мегаопце» можна купіць штучныя ёлачкі і «адзенне» для іх.
Марына Вакульская. Фота аўтара.