Суббота, 12 июня 2021

ІХ цырымонія ўзнагароджання таленавітай моладзі «Дараванне-2020» прайшла ў Пружанах (+відэа)

809

Сярод мноства традыцый нашага райцэнтра ёсць адна вельмі прыгожая і светлая. Напярэдадні навагодніх святаў Палац культуры збірае самых разумных і працавітых, умелых і крэатыўных, вынослівых і ўдачлівых. Словам, лепшых з лепшых. Дзякуючы сваім упорству і вытрымцы, яны ўпэўнена крочаць да поспеху і заяўляюць пра Пружаны не толькі на абласным і рэспубліканскім, а нават на міжнародным узроўні. Менавіта таму іх называюць юнымі дараваннямі, а самі дзеці атрымліваюць аднайменную прэмію.

Сёлета цырымонія ўшаванавання таленавітых дзяцей горада і раёна “Дараванне” прайшла ўжо ў дзявяты раз.


Зразумела, што эпідсітуацыя, з-за якой адмяніліся ці перанесліся многія цікавыя мерапрыемствы, унесла карэктывы і ў планы арганізатараў “Даравання”. Упершыню цырымонію вырашана было падзяліць на дзве часткі.

Падчас першай, што адбылася ў мінулую суботу, заслужаныя дыпломы і грашовыя прэміі атрымалі пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, алімпіяд, інтэлектуальных і творчых турніраў, фестываляў і выстаў, спартыўных спаборніцтваў.


На ўваходзе кожнага госця чакаў своеасаблівы кантроль. У тых, хто забыў надзець маску, прасілі зрабіць гэта. Ва ўсіх без выключэння фельчар “хуткай” дапамогі вымяраў тэмпературу. Супрацоўнікі Палаца культуры апрацоўвалі рукі антысептыкам усім, хто падымаўся на сцэну. Паклапаціліся таксама аб рассадцы гасцей і іх колькасці. Менавіта таму цырымонія гэтага года была закрытай і не афішавалася, запрасілі на яе толькі дзяцей і бацькоў.


Пачалося свята з відовішчнага пралога. Спачатку гледачы ўбачылі на экране зорнае неба, змяніла якое выява зямнога шару. Прама да нашай планеты накіроўваўся метэарыт, але ён не здолеў знішчыць зямлю. Усё таму, што планета трымаецца на цярпенні, сіле, жаданні і вытрымцы таленавітых дзяцей. Яны і з’явіліся на сцэне. Адразу чатыры танцавальныя калектывы – “Круцёлачкі”, “Спадчына”, “Рубікон” і “Тапатушкі” выканалі харэаграфічную кампазіцыю “Разам мы трымаем зямлю”. А затым і салісткі ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін” засведчылі, што прыйшоў час маладых, энергічных і крэатыўных.


Пра гэта ў прывітальным слове гаварыў і старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. Ён падкрэсліў: менавіта гэтыя дзеці – будучая эліта і гонар нашай краіны. Сёлета такіх аказалася 391 чалавек – вучні, якія заваявалі індівідуальныя перамогі і абаранялі гонар раёна ў складзе творчых калектываў. Мікалай Пятровіч выказаў упэненасць, што ўсе яны змогуць рэалізаваць задуманае і яшчэ раз нагадаў пераможцам, што не варта забываць пра сваіх настаўнікаў і бацькоў, без працы і падтрымкі якіх не было б і высокіх дасягненняў.


Далей пачалася самая чаканая частка свята – непасрэдна цырымонія ўзнагароджання. Першымі на сцэну запрасілі хлопчыкаў і дзяўчынак, чые імёны гучалі на міжнародных конкурсах і турнірах. Прэміяй “Дараванне” ў гэтым годзе былі ўшанаваны 32 вучні, якія атрымалі ўзнагароды за асабістыя дасягненні. З упэўненасцю можна сказаць, што самымі творчымі сёлета былі выхаванцы Навазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў: на сцэну падымалася ажно дзесяць яе вучняў. Годна заяўляюць пра сябе пружанскія плыўцы і фігурысты, пра што неаднойчы пісала і наша газета. Адметна, што падчас цырымоніі ўзгадалі і тых спартсменаў, якія не змаглі прысутнічаць на свяце з-за ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.


Не забыліся і пра творчыя аб’яднанні. Заслужаныя ўзнагароды за перамогі на міжнародных фестывалях у гэты дзень атрымалі чатыры калектывы дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы. Гэта ўзорныя хор “Вітанак”, аркестр народных інструментаў “Скамарошына”, баянны аркестр “Імпрэс”, а таксама прэміі ўдастоены ансамбль гітарыстаў. Апладысменты гучалі і ў адрас узорнага ансамбля танца “Круцёлачкі”, студыі эстраднага танца “Амялі” Палаца культуры, а яшчэ ансамбля дамрыстаў “Вясёлкавыя ноткі” Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў”.


Затым на сцэну падымаліся пераможцы рэспубліканскіх канферэнцый, алімпіяд і турніраў. Такіх дзяцей сёлета было 16. Напрыклад, выпускніца гімназіі, а зараз навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Анастасія Балабушка атрымала “Дараванне” за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе сачыненняў на тэму “Мой першы працоўны дзень на пасадзе кіраўніка карпарацыі Apple”. Але больш за ўсё вызначыліся вучні школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы. За дасягненні на ўзроўні краіны былі таксама ансамбль “Скрыпалікі”, харэаграфічныя калектывы “Ладачкі”, “Пацешкі” і “Забава”.


Паміж блокамі з узнагароджаннем дзяцей і іх бацькоў навагоднімі кампазіцыямі радавалі салісткі Палаца культуры Ганна Кавальчук, Дар’я Велясевіч, Уладзіслава Трапук, Ульяна Кунда і Ангеліна Шумская. А юныя ўдзельнікі танцавальных калектываў “Амялі” і “Круцёлачкі” парадавалі запальваючымі танцамі.
“Ты – супер!” Нездарма менавіта гэтай песняй завяршылася першая частка цырымоніі, якая ў чарговы раз пераканала гасцей, што на пружанскай зямлі жывуць разумныя, таленавітыя, творчыя і спартыўныя дзеці.


Апошняе яшчэ раз пацвердзіла другая частка “Даравання”. Сёлета пружанскія алімпійскія надзеі займалі шмат прызавых месцаў на турнірах і чэмпіянатах абласнога ўзроўню. Мяркуйце самі: на цырымоніі, што прайшла ў малой зале Палаца культуры ў аўторак, ганаровай прэміяй за асабістыя дасягненні было адзначана 68 спартсменаў. Узнагароды таксама атрымалі 19 каманд – прадстаўнікі першай і другой ДЮСШ, а таксама школ раёна.


Дасягненні ў дзяцінстве – добры падмурак для паспяховасці ў дарослым жыцці. Лаўрэаты “Даравання” дакладна не будуць спыняцца, і ў наступным годзе абавязкова не раз прыемна здзівяць жыхароў раёна сваімі перамогамі. Таму і юбілейная, дзясятая па ліку цырымонія абавязкова ізноў збярэ на адной сцэне лепшых з лепшых – юныя дараванні раёна.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.

Больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_276335158