Понедельник, 20 сентября 2021

Героем інтэрв’ю стаў… наш карэспандэнт. Уладзіслаў Шпарла распавёў юным калегам пра сваю прафесію

517

Нам, выхаванцам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, удзельнікам аб’яднанняў па інтарэсах “Юны журналіст” і “Рэпарцёр”, вельмі цікава даведацца пра асаблівасці прафесіі журналіста. Таму і вырашылі самі пагутарыць з карэспандэнтам газеты “Раённыя будні” Уладзіславам Шпарлам.


— Уладзіслаў, чаму Вы выбралі журналістыку?
— Калі шчыра, нават не ведаю, хто каго абраў: я — журналістыку альбо яна мяне. З пачатковай школы я супрацоўнічаў з нашай раённай газетай, пазней — з раённым радыё. І не заўважыў, як інфармацыйная сфера захапіла і зацягнула. Акрамя таго, журналістыка цесна пераплецена з філалогіяй, а з мовай у мяне, як правіла, не было праблем, у свой час нават удзельнічаў у раённых і абласных этапах школьных алімпіяд па мовах. Таму выбар спецыяльнасці быў правызначаны.


— Распавядзіце пра свае першыя поспехі ў журналістыцы.
— Аб’ектыўней за ўсіх на гэтае пытанне адкажа толькі чытач… Я лічу, што ў мяне ўсё яшчэ наперадзе.


— Тады пра ўчынкі, за якія Вам было сорамна.
— У свой час, калі я, яшчэ быў студэнтам і спрабаваў свае сілы на “Радыё Брэст”, мне было сорамна за няправільна падабраныя словы і недакладную інфармацыю ў матэрыяле, з-за якіх гукарэжысёру давялося чысціць выпуск навін і перазаліваць яго ў праграму. Я тады падвёў усю каманду, а гэта —недаравальна.

— Падзяліцеся, калі ласка, планамі.
— Я вучыўся па мэтавым накіраванні ад “Раённых будняў”, а гэта значыць, што павінен адпрацаваць у гэтай арганізацыі не два гады, як іншыя маладыя спецыялісты, а ўсе пяць. Таму ў маіх бліжэйшых планах — апраўдаць ускладзены на мяне давер.


— Прызнайцеся, Вы любіце сваю працу?
— Цяпер ужо магу сказаць, што люблю, хоць не ўтойваю: і раней, і цяпер мне больш за ўсё падабаецца работа на радыё.


— А што для Вас самае складанае ў працы?
— Пераадольванне псіхалагічных бар’ераў і ўсталяванне даверу паміж людзьмі.


— Назавіце мінусы сваёй прафесіі, калі такія ёсць.
— Спецыфіка нашай прафесіі такая, што часта даводзіцца працаваць у выхадныя і святочныя дні, а потым пісаць тэксты позна ўвечары ці нават ноччу, каб паспець здаць іх у нумар. Але канчатковы вынік — калі героі публікацый або чытачы кажуць табе “дзякуй” — шмат у чым апраўдвае ўсе гэтыя цяжкасці.


— Напэўна, бываюць моманты, калі пакідае натхненне. Як з гэтым змагацца?
— Вядома, бываюць. Але добры спосаб вярнуць “музу” — падумаць пра што-небудзь добрае ці… проста з’есці нешта смачнае. Дарэчы, натхненне можа прыйсці тады, калі яго зусім не чакаеш. Бывае, на працы не пішацца, а прыйдзеш дадому — і раптам азарэнне находзіць. У такім выпадку трэба хутчэй пісаць, пакуль думка не ўцякла.


— Якімі якасцямі павінен валодаць журналіст?
— Ён павінен быць мэтанакіраваным, творчым чалавекам з крэатыўным мысленнем, здольным рэтрансляваць ідэі і знаходзіць з лёгкасцю агульную мову з людзьмі. Пры гэтым быць максімальна сабраным і працаваць на апераджэнне: навіны не чакаюць, пакуль факты прааналізуюць. Пакуль ты будзеш думаць, пра іх хтосьці іншы ўжо напіша. А галоўнае — журналіст павінен быць адказным за свае словы, дзеянні, за тую інфармацыю, якую ён падае людзям.

— Якую параду Вы маглі б даць школьнікам, якія хочуць паступаць на журналістыку?
— Для пашырэння кругагляду трэба шмат чытаць. Каб набыць навыкі пісьма, варта спрабаваць пісаць у сродкі масавай інфармацыі (пачаць можна са школьнай газеты), старацца ўдзельнічаць у літаратурных конкурсах. А яшчэ лепш — быць членам такіх аб’яднанняў, як вашы. У свой час у мяне такой магчымасці не было. Таму запрашайце да сябе моладзь, сябруйце, разважайце, не бойцеся выказваць свае думкі. І тады ваш патэнцыял абавязкова раскрыецца.


— Сфармулюйце, калі ласка, сваё стаўленне да жыцця.
— Скажу так: жыццё — гэта мора, з якога трэба выйсці сухім, трымаючы галаву высока, незалежна ад абставін, і адкінуўшы ўсе сумненні, увесь груз праблем і страхаў. Толькі наперад, без страху і шкадавання!
Кацярына Салаўцова, навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Рэпарцёр” Параслянскай СШ.