Суббота, 10 апреля 2021

Завяршыла работу трэцяя дыялогавая пляцоўка. Тэму для наступнай можа падказаць любы школьнік ці навучэнец

381

Новая форма работы з насельніцтвам – дыялогавая пляцоўка – за некалькі месяцаў функцыянавання даказала сваю эфектыўнасць. Яна стала тым месцам, дзе людзі могуць дзяліцца праблемамі, задаваць хвалюючыя пытанні і, што немалаважна, атрымліваць кампетэнтныя адказы. Яшчэ адзін важны накірунак у яе дзейнасці – работа з моладдзю. Вось і чарговая, ужо трэцяя па ліку, пляцоўка, сабрала навучэнцаў гарадскіх школ і каледжа, членаў саветаў вучнёўскага самакіравання.


Тэма для абмеркавання была абрана хвалюючая і балючая амаль для кожнай беларускай сям’і, але ад гэтага не менш важная. Арганізатары мерапрыемства вырашылі пагаварыць з маладымі людзьмі пра нашу краіну ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


Расказала пра тыя страшныя падзеі і дапоўніла свой аповед прэзентацыяй настаўніца гісторыі Старавольскага ВПК д/с-БШ, старшыня раённага маладзёжнага парламента А.В.Тарасевіч. Дэталёва Аліна Віктараўна спынілася на тэме дзяцей вайны, узгадала пра канцэнтрацыйныя лагеры Трасцянец, Азарычы, Пяты полк пад Віцебскам, дзе ўтрымліваліся палонныя. Таксама педагог нагадала пра зверствы фашыстаў над яўрэямі, якія адбываліся ў тым ліку і на тэрыторыі нашага раёна. Непадробную цікавасць прысутных выклікалі дзіцячыя ўспаміны былых палонных і зняволеных, якія зачытвала Аліна Віктараўна. Гэтыя звесткі літаральна па крупінках яна збірала для сваёй магістарскай дысертацыі на тэму “Дзеці на акупаванай тэрыторыі Беларусі па ўспамінах вязняў фашызму”, якую паспяхова абараніла.


Дапоўніла Аліну Віктараўну загадчыца сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Н.С.Пракаповіч. “Пружаншчына за час вайны страціла больш за 20 тысяч сваіх жыхароў. Наш раён з’яўляўся адным з цэнтраў падпольнага супраціўлення. Многія ведаюць пра подзвіг жыхара в.Байкі Ціхана Барана, якому фашысты загадалі паказаць месцазнаходжанне партызан. Замест гэтага адзінаццацігадовы хлопчык завёў іх у непраходнае балота. Як вядома, Байкі — родная вёска Ціхана Барана, якая была поўнасцю знішчана фашыстамі, — нанесена на мемарыяле ў Хатыні”, — адзначыла Наталля Сяргееўна. Яна папрасіла навучэнцаў падзяліцца гісторыямі вайны, якія расказвалі ім бабулі і дзядулі. Пасля Наталля Сяргееўна і Аліна Віктараўна адказалі на пытанні моладзі.


Сімвалічна, што завяршылася мерапрыемства ля помніка «Спаленым вёскам». Тут маладыя людзі ўшанавалі памяць загінулых у часы вайны мінутай маўчання і запалілі лампадкі. Такім чынам пружанская моладзь не толькі паказала, што ёй неабыякавы падзеі вайны, але і далучылася да рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Памяць сэрца”, які праходзіць у Беларусі па 24 снежня.


Практыку правядзення дыялогавых пляцовак мяркуецца працягнуць і ў наступным годзе. Тэму для студзеньскай сустрэчы можа падказаць любы школьнік ці навучэнец раёна. Для гэтага неабходна звярнуцца ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама па тэл. 2-18-87 або 9-10-54.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.