Четверг, 15 апреля 2021

Некалькі пружанцаў, якія перахварэлі на COVID-19, сталі донарамі плазмы

386

Калі гаворка заходзіць пра каранавірус, усё часцей даводзіцца чуць пра распрацоўку вакцыны ад галоўнай хваробы адыходзячага года. Але нават нягледзячы на паспяховыя выпрабаванні, прышчэпка, зразумела, не можа з’яўляцца панацэяй. Таму шмат увагі медыкаў удзяляецца пошуку эфектыўных метадаў лячэння хворых. Адзін з іх – выкарыстанне антыкавіднай плазмы.
“Гэта таксама не стапрацэнтнае вырашэнне праблемы, аднак метад паказаў сваю эфектыўнасць”, – кажа І.І.Сямашка. Загадчык аддзялення трансфузіялогіі Пружанскай ЦРБ расказаў пра тое, наколькі важная донарская кроў у лячэнні хвароб, у тым ліку COVID-19.

– Калі б у свеце не было людзей, гатовых ахвяраваць сваю кроў, смяротнасць была б куды вышэйшай, – заўважае Іван Іванавіч.

– Іван Іванавіч, хто можа стаць донарам?
—Донарам можа быць здаровы чалавек ад 18 да 60 гадоў. Пацыент, які хоча здаць кроў, не павінен знаходзіцца на дыспансерным уліку ў псіхіятра і нарколага. Шлях у донары закрыты людзям, якія пакутуюць ад вострых, хранічных, венерычных, скурных захворванняў і анкалогіі, маюць хваробы крыві і печані. Дарэчы, варта ведаць, што пасля нанясення татуіроўкі кроў нельга здаваць на працягу года, пасля прышчэпак – ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Аналагічная сітуацыя і пасля хірургічнага ўмяшальніцтва. З кожным канкрэтным чалавекам праводзіцца індывідуальная гутарка, пасля якой вырашаецца, ці можа ён быць донарам.

– Ці часта даводзіцца прыбягаць да донарскай крыві ў лячэнні людзей?

– Даволі часта. Донарская кроў проста неабходна пры лячэнні анеміі, анкалагічных захворванняў, траўмаў, крывацёкаў у страўнікава-кішачны тракт і многіх іншых
Наш кабінет працуе ў асноўным над забеспячэннем бальніцы донарскай крывёй і плазмай, таму мы заўсёды маем пэўны запас крыві і яе кампанентаў. Прывяду некаторыя лічбы: за 11 месяцаў бягучага года нарыхтавана 635 літраў цэльнай крыві і 320 літраў свежазамарожанай плазмы. Сёлета ўжо пераліта 201 літр эрытрацытаў, 100 літраў плазмы і 21 літр альбуміну. Дарэчы, найбольш часта сустракаецца першая група крыві, а радзей за ўсё – чацвёртая адмоўная. Менавіта таму ў нас ёсць асобны спіс донараў з такой групай крыві, і мы заўсёды вельмі рады новым.

– Якім чынам ажыццяўляецца забор крыві і яе кампанентаў?– Спачатку чалавек запаўняе спецыяльную анкету, затым здае аналізы, атрымлівае так званы донарскі сняданак, які ўключае чай, гематаген, пячэнне і цукеркі, і толькі пасля гэтага сядае ў донарскае крэсла.
Пераліванне крыві ажыццяўляецца непасрэдна ў аддзяленнях пад строгім назіраннем урачоў-спецыялістаў.
Хачу падкрэсліць, што вялікая ўвага ў нашай краіне надаецца бязвыплатнаму донарству, яно заахвочваецца дзяржавай. Пасля сарака здач крыві чалавеку прысвойваецца званне «Ганаровы донар РБ». Такіх людзей у нашым раёне больш за 150.

– Мы падыходзім да галоўнага пытання. Ці праўда, што плазма чалавека, які перахварэў на COVID-19, можа дапамагчы ў лячэнні?
– Сапраўды так. Для лячэння пацыентаў з цяжкай ступенню працякання захворвання выкарыстоўваецца свежазамарожаная плазма. У ёй утрымліваюцца антыцелы да каранавірусу, а яшчэ яна з’яўляецца патаген- рэдуцыраванай, гэта значыць, абеззаражанай.
Хаця плазма – не абсалютны сродак, а ўсяго толькі адзін з кампанентаў лячэння, але даволі эфектыўны. І ў нашай баль-ніцы адной пацыентцы таксама ўжо праводзілася пераліванне антыкавіднай плазмы. Вынік станоўчы.
Пераліванне плазмы – вельмі сур’ёзная працэдура, якая праводзіцца толькі са згоды пацыента і пасля яго кансультацыі са спецыялістам РНПЦ трансфузіялогіі. Адтуль жа даецца санкцыя на пераліванне.
Наша станцыя мае магчымасць забору плазмы, аднак у нас няма абсталявання, якое б дапамагло ў правядзенні яе рэдуцыравання і вызначэння цітру антыцел. Таму, калі ўзнікае неабходнасць у плазме, мы заказваем яе на абласной станцыі пералівання крыві. Туды ж накіроўваем пацыентаў, якія перанеслі COVID і хацелі б здаць плазму. Дарэчы, сярод пружанцаў былі такія донары.

Напрыканцы гутаркі Іван Іванавіч адзначыў, што донарствам мы не робім шкоду ўласнаму арганізму. Наадварот, такім чынам рыхтуем саміх сябе да магчымых страт крыві. Пасля кожнай данацыі паскараецца ўтварэнне эрытрацытаў, трамбацытаў і іншых кампанентаў крыві. Такім чынам, здача крыві нават карысная. Але яшчэ раз падкрэсліў: стаць донарам можа толькі здаровы чалавек, а аб’ём забіраемай крыві павінен быць бяспечным.
Гутарыў Уладзіслаў Шпарла.