Воскресенье, 11 апреля 2021

Даведаліся для вас, дзе і па якім кошце можна набыць навагоднія ёлачкі?

763

З дня на дзень сваю работу пачнуць ёлачныя базары. Як да іх рыхтуюцца ў ДЛГУ «Пружанскі лясгас»?
Трэба разумець: вырасціць дрэва — не мінутная справа. Паўтараметровая вышыня — найбольш запатрабавана ў пакупнікоў на ёлачных базарах. Таму невыпадкова здабычай лесарубаў становяцца параўнальна маладзенькія зялёныя прыгажуні, якім усяго па пяць-сем гадоў.
Плантацыі навагодніх дрэў размешчаны на тэрыторыі ўсіх лясніцтваў Пружанскага лясгаса. Агульная іх плошча на сённяшні дзень дасягае амаль двух гектараў.
Каб задаволіць патрэбы насельніцтва, на кожнай з іх павінна налічвацца не менш за 400-450 дрэў, — расказвае галоўны ляснічы лесагаспадарчай установы Дзмітрый Козел. — Перадавыя, калі можна так сказаць, плантацыі знаходзяцца на тэрыторыі Зеляневіцкага, Лыскаўскага, Ліноўскага і Ружанскага лясніцтваў: там ёсць суглінкі — глеба, якая найбольш падыходзіць для вырошчвання хваёвых.


Ужо праз некалькі месяцаў замест высечаных лесаводы высадзяць маладзенькія саджанцы елачак і соснаў. Але не выключана, што з часам іх плантацыі могуць паменшыцца. Тым, хто не ўяўляе Новы год без натуральнай хвоі, але вельмі шкадуе загадзя загубленае дрэўца, лесаводы хочуць прапанаваць альтэрнатыву — навагоднія дрэвы ў кадках. Як расказаў Дзмітрый Мечыслававіч, у мінулым годзе ўпершыню насельніцтву была прапанавана такая прадукцыя. Тая пробная партыя знайшла свайго пакупніка, таму сёлета яна зноў паступіць у продаж.
— Трэба разумець, што ў вазоне дрэва таксама расце не хутка, таму задаволіць магчымы попыт на іх мы зможам не адразу.
Перавага такога навагодняга дрэва відавочна. Па-першае, пры правільным доглядзе з яго не будуць сыпацца іголкі. Па-другое, яно не выкінецца ў смеццявозку ці не завершыць свой кароткі век у печцы. Такія расліны з надыходам вясны можна высадзіць на прысядзібным участку, дачы, паўдзельнічаць у «Тыдні лесу» ці проста звярнуцца ў лясгас, дзе вам выдзеляць участак для пасадкі гэтай елкі.
— З пункта гледжання бераж-івага стаўлення да прыроды і для лясгаса такая практыка больш мэтазгодная: калі дрэва ў кадцы і застанецца без пакупніка, яно дажыве да наступнага года, у адрозненне ад ссечанай елкі.


Нейкага ліміту на высяканне дрэў у лясгасе няма: як кажуць, быў бы попыт — будзе і прапанова.
Штогод у перадсвяточны перыяд мы прадаём каля 1500 дрэў, — удакладняе Д.М.Козел. — Прыкладна трэцяя частка рэалізоўваецца жыхарам абласнога цэнтра, у тым ліку на брэсцкім рынку. Астатнія — мясцовым спажыўцам: ёлачныя базары ладзяцца на базе абсалютна ўсіх лясніцтваў раёна і, вядома, на тэрыторыі адміністрацыйнага будынка лясгаса.
Дарэчы, на Новы год упрыгожваюць неабавязкова традыцыйную елачку: у апошнія гады попытам карыстаюцца і сосны звычайныя. Чамусьці аднекуль нават з’явілася меркаванне, што сасна лепшая за елку. Але спецыялісты запэўніваюць, што гэтыя дзве пароды дрэў вельмі падобныя ў сваіх характарыстыках. Нават прадаюць іх па аднолькавай цане. Адрозненне толькі ў тым, што сасна пры правільным падыходзе да справы даўжэй стаіць, затое елка больш пушыстая і мяккая. Так што, якое навагодняе дрэўца купіць, вырашаць толькі вам.

Дзе купіць? Колькі каштуе?
Напярэдадні навагодніх і калядных святаў ДЛГУ «Пружанскі лясгас» праводзіць пашыраную работу па нарыхтоўцы і рэалізацыі навагодніх дрэўцаў і букетаў.
Рэалізацыя святочных атрыбутаў будзе ажыццяўляцца на тэрыторыі лясгаса і лясніцтваў раёна з 21 па 31 снежня.

Цэны на дрэўцы елкі і сасны будуць вагацца
ў залежнасці ад іх вышыні:
да 1 метра — 6 рублёў 30 капеек,
1-2 метры — 7 рублёў 80 капеек,
2-3 метры — 9 рублёў 50 капеек,
3-4 метры — 15 рублёў.
навагоднія букеты будуць каштаваць 1 рубель 90 капеек.

А вось зэканоміць і ссекчы елачку ці сасну самастойна не раім. Перш, чым адправіцца ў лес на пошукі навагодняй прыгажуні, азнаёмцеся з адміністрацыйнай адказнасцю, якая чакае за незаконную высечку дрэўна-хмызняковай расліннасці ў лясах. У прыватнасці, згодна з артыкулам 15.22 КоАП, штраф можа складаць да 50 базавых велічынь.

-Плантацыя навагодніх дрэў у Зеляневіцкім лясніцтве была закладзена ў 2012 годзе, — расказвае яго ляснічы Аляксандр Куль. — Штогод высаджваецца ад 600 да 700 саджанцаў. Каб дрэўцы былі пушыстымі і прыгожымі, іх высаджваюць у шахматным парадку. Праўда, з-за таго, што ў апошнія гады выдавалася надта засушлівае лета, у канчатковым выніку да пяцігадовага ўзросту «дажывае» толькі каля 300.
На думку Аляксандра Анатольевіча, такая практыка лесааднаўлення за гэтыя гады ўжо пацвердзіла сваю мэтазгоднасць. Як тлумачыць лесавод, дзякуючы навагоднім плантацыям, не высякаецца лес.
Навагоднія прыгажуні з Зеляневіч паспелі знайсці сваіх аматараў не толькі з ліку мясцовага насельніцтва. Сярод пакупнікоў — індывідуальныя прадпрымальнікі, якія рэалізуюць ёлачкі ў сталіцы, арганізацыі і прадпрыемствы раёна.
Фота Сяргея Талашкевіча.
Падрыхтавала Марына Вакульская.