Вторник, 27 октября 2020

Жить за тех, кто не вернулся

2 608

Ужо 65 раз зробіць свой адлік пераможны май. І сярод нас застаецца ўсё менш тых, хто прынёс Вялікую Перамогу. Мікалай Іванавіч Ляхоцкі, пра якога сёння мы раскажам, таксама з таго вогненнага пакалення. 7 мая яму споўніцца 90 гадоў. НАСУСТРАЧ нам выйшаў не па ўзросту малажавы дзядуля. Усміхнуўся:

Мяне ўжо было пахавалі. Недзе ў 80-ыя гады ў «Раённых буднях» быў змешчаны спіс жыхароў Пружаншчыны, якія загінулі пры вызваленні Польшчы. Я зацікавіўся: а раптам сустрэну знаёмае прозвішча? А прачытаў… сваё. Побач указана, калі загінуў, і нават нумар магілы, дзе пахаваны. Патэлефанаваў аўтару М.А. Шульману: маўляў, я ж на самой справе жывы! Міхаіл Аркадзьевіч патлумачыў, што гэта — архіўныя дадзеныя, і шчыра папрасіў прабачэння за чужую памылку. Тады я падумаў: значыць, буду жыць доўга — за тых, хто не вярнуўся з поля бою…

МІКАЛАЙ ІВАНАВІЧ стаў салдатам у вызваленчым для яго роднай Беларусі 1944 годзе. Ветэран расказвае аб гэтым так:

Спачатку нас, навабранцаў, адправілі на вучобу. Адтуль, як толькі навучыліся трымаць у руках аўтаматы,— на перадавую.

Для Мікалая Ляхоцкага першай перадавой быў бой на тэрыторыі Польшчы.

Мы з цяжкасцю прарвалі варожую абарону. Толькі сабраліся ў напаўразбуранай хатцы адпачыць, а ў камандзіра ўзвода — новы загад. Нехаця мусілі выйсці на вуліцу, і раптам — выбух. Ды такі, што ад хаціны нічога не засталося…

Асколак ад тае міны дастаў і Мікалая. Праўда, ён толькі лёгка чыркнуў па спіне і прабіў вісеўшы там кацялок.

Ва Усходняй Прусіі кулямётчык Ляхоцкі быў зноў паранены. Тады, упэўнены салдат, ад варожай кулі яго ўратавала… брытва, якая ляжала ў кішэні ватоўкі. Потым у медсанбаце яе па частках выкавырваў з цела параненага ўрач. Казаў: «Ты, бульбаш, відаць, нарадзіўся ў сарочцы…» Да сваіх Мікалай з параненымі нагой і бокам «з гарачкі» дабраўся сам,— вельмі баяўся, што яго пакінуць на полі бою. На гэтым яго вайна закончылася. Вестку аб доўгачаканай Перамозе сустрэў ужо ў шпіталі: нага доўга не зажывала, двойчы прыйшлося рабіць аперацыю.

Ці не пасля таго гарачага бою мяне «пахавалі»?— задумаўся на момант Мікалай Іванавіч.

ЛЕТАМ 45-га ён вярнуўся ў Пружаны. Пазнаваў і не пазнаваў горад — разбіты, спалены, бязлюдны. Але родны дом цудам застаўся цэлым. І там яго чакала жонка.

Я адчайная была,— уступае ў нашу размову Лідзія Паўлаўна.— Калі даведалася, што пасля вучобы муж будзе ехаць на фронт праз Ваўкавыск, настаяла, каб сустрэцца. Цэлую ноч пякла ляпёшкі, маці расшчодрылася — зарэзала курыцу. Але пакуль дабралася — дзе пешкі, дзе на папутках — да Ваўкавыска, салдаты адтуль ужо з’ехалі. Людзі казалі: «Ідзі на Польшчу, — яны ўжо там». Але я не рашылася, там яшчэ былі немцы…

Лідзія Паўлаўна і Мікалай Іванавіч вянчаліся ў 43-ім у вялікай Прачысценскай царкве, на месцы якой цяпер стаіць універмаг. Вырасцілі сына і дачку. Дзмітрый цяпер — палкоўнік у адстаўцы, Алена — настаўніца СШ №1 у Пружанах. Яны — гордасць і падтрымка старых.

АДРАЗУ пасля вайны Мікалай Іванавіч закончыў шафёрскія курсы і працаваў на станцыі «хуткай дапамогі». Фактычна, быў яе першым вадзіцелем.

Ездзілі мы па выкліках на палутарцы. На ёй жа нарыхтоўвалі дровы і торф для ацяплення бальніцы. Нават галоўны ўрач ездзіў на пагрузку торфу. Станцыя ў адзін маленькі пакойчык размяшчалася тады насупраць кінатэатра «Беларусь», а потым — у будынку, дзе цяпер стаматалогія…

33 гады адпрацаваў тут ветэран і ўжо амаль столькі ж — на заслужаным адпачынку. Увесь працоўны стаж яго паважанай Лідзіі Паўлаўны — у гандлі. 67-ы год, як яны разам.

Пра гады мірнага будаўніцтва Мікалай Іванавіч расказвае з большым задавальненнем.
— Вайна, як страшны сон,— разважае ён.— І не дай Бог, каб ён паўтарыўся для нашых дзяцей і ўнукаў…
Ганна Хадаровіч, фота Аляксандра Мелеша.

Один комментарий

  • Потапчук Евгений Романович

    Спасибо.Приятно вспомнить,что было насупраць кинотеатра «Беларусь» и какие работали там люди.Мне тогда было !7 лет.Работал в ДЭУ _ 851 токарем 3 разряда.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *