Воскресенье, 13 июня 2021

Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь запрашае атрымаць прэстыжную спецыяльнасць

964

Выбар прафесіі — адзін з самых адказных і складаных этапаў у жыцці кожнага маладога чалавека, бо прафесій шмат, а трэба зрабіць выбар на карысць адной. Стаць абаронцам Айчыны — азначае выбраць прэстыжную і запатрабаваную спецыяльнасць, якая дазволіць з упэўненасцю глядзець у будучыню. Менавіта такую магчымасць дае УА «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь», якая з’яўляецца галоўным носьбітам традыцый вайсковай адукацыі Узброеных Сіл нашай краіны.

Каго рыхтуюцьна факультэтах?
Асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі акадэміі з’яўляюцца адзінаццаць факультэтаў, сем з якіх прымаюць абітурыентаў са «школьнай парты». Гэта — агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі, а таксама ракетна-артылерыйскага ўзбраення.

Ці складана вучыцца ў акадэміі?
Навучанне ажыццяўляецца толькі па дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У Ваеннай акадэміі створаны ўсе ўмовы, каб яе выпускнікі сталі высокаадукаванымі і ўсебакова развітымі афіцэрамі. Заняткі з курсантамі праводзіць высока-кваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі састаў. На практычную падрыхтоўку курсантаў адводзіцца больш за 60% вучэбнага часу. Для развіцця практычных навыкаў пры вывучэнні ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў Ваеннай акадэміі інтэнсіўна выкарыстоўваюцца трэнажоры.
Ва ўласнай бібліятэцы больш за 600 тысяч асобнікаў тэхнічнай, спецыяльнай і мастацкай літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, працуюць чытальныя залы для самастойнай і пазааўдыторнай работы.
Выдатная спартыўная база абсталявана сучаснымі вучэбна-трэніровачнымі комплексамі і трэнажорамі, арганізавана праца шматлікіх секцый.
Падчас навучання курсанты дадаткова праходзяць праграму падрыхтоўкі вадзіцеля катэгорыі «С» з наступным атрыманнем пасведчанняў на кіраванне транспартным сродкам.

Як арганізаваны быт курсантаў?
Курсанты 1 і 2 курсаў размяшчаюцца ў казармах, старшакурснікі (3-4 курсы) — у добраўпарадкаваных інтэрнатах.
Падчас навучання ўсе будучыя афіцэры знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (рэчавым, харчовым і грашовым). Пасля атрымання вышэйшай адукацыі выпускнікам гарантуецца прахо-джанне ваеннай службы, годная аплата працы, магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту, даюцца сацыяльныя гарантыі.

З чаго варта пачынаць?
Грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 17 да 21 года павінен да 1 красавіка 2021 года звярнуцца ў ваенны камісарыят раёна па месцы жыхарства — Пружанскі райваенкамат, вул. Савецкая, 41, тэлефон для даведак 9-20-01 і прайсці адбор на адпаведнасць патрабаванням, які ўключае ў сябе прафесійны адбор, падчас якога ацэньваецца стан здароўя, узровень фізічнай падрыхтоўкі, прафесійна-псіхалагічная прыдатнасць, і вызначэнне ўзроўню агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі падчас цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай (рускай) мове, матэматыцы і спецыяльных прадметах:
— на спецыяльнасць «Ідэалагічная работа ў падраздзяленнях Узброеных Сіл», «Практычная псіхалогія ў вайсковай справе», «Кіраванне падраз-дзяленнямі ўнутраных войскаў» — па гісторыі Беларусі;
— на астатнія спецыяльнасці — па фізіцы.
Дакументы ў прыёмную камісію Ваеннай акадэміі прымаюцца ў тэрміны, устаноўленыя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, як правіла, у ліпені.
Залічэнне абітурыентаў праводзіцца на аснове агульнай сумы балаў у сертыфікатах цэнтралізаванага тэсціравання і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Можна падрыхтавацца і загадзя
У акадэміі функцыянуюць падрыхтоўчыя курсы да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Працягласць навучання — 4-8 месяцаў або 2,5 тыдні.
Методыка выкладання прадметаў на курсах пастаянна ўдасканальваецца, на занятках выкарыстоўваюцца розныя метадычныя матэрыялы, праводзіцца папярэдняе тэсціраванне і разбор тэставых заданняў.

На здымку: на авіяцыйным факультэце Ваеннай акадэміі навучаецца дзевяць нашых землякоў — (злева направа) Максім Шынкарук, Аляксей Смірноў, Дзмітрый Краўчук, Іван Кісялевіч, Дзмітрый Сіцянкоў, Уладзіслаў Пухнарэвіч, Дзмітрый Раўнейка, Ілья Лаўнічук і Яўген Антановіч.

Павел Русаковіч, курсавы афіцэр акадэміі.