Суббота, 10 апреля 2021

Гран-пры і два залатыя медалі атрымалі пружанскія хлебныя вырабы на рэспубліканскім конкурсе «Смаката-2020»

676

У лістападзе былі падведзены вынікі рэспубліканскага агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката-2020». У ліку пераможцаў конкурсу апынуліся пружанскія хлебапёкі з філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» райспажыўтаварыства: яны прывезлі Гран-пры і два залатыя медалі.


Як паведамляе дырэктар філіяла Л.Л.Кемеж, наш хлебазавод практычна кожны год прымае ўдзел у гэтым і іншых конкурсах пякарскага майстэрства. І практычна заўсёды паспяхова, што пацвярджаюць некалькі дзясяткаў дыпломаў, сярэбраныя і нават залатыя медалі. А вось вышэйшай узнагароды — Гран-пры — дагэтуль дасягаць не ўдавалася.


— Журы рэспубліканскага агляду вельмі спадабаўся наш пірог «Любімы», ён і быў адзначаны Гран-пры ІІІ ступені,— расказвае Ларыса Леанідаўна.— і гэта сярод некалькіх сотняў удзельнікаў.


Падвядзенне вынікаў адбываецца па «сакрэтнай» схеме: конкурсныя работы журы ацэньвае без назвы і аўтарства, вызначаючы толькі смакавыя якасці і знешні выгляд. Яны і падштурхнулі экспертаў аддаць свае галасы менавіта за твор пружанскіх хлебапёкаў.

А залатымі медалямі былі адзначаны хлеб «Сямейны» і хлябец «Вотруб‘евы». Заслужаныя ўзнагароды пружанскім пекарам былі ўручаны на ўрачыстай цырымоніі ў рамках Міжнароднага сімпозіума хлебапёкаў.


Здаецца, як можна знайсці незвычайны смак у хлебе? Гэты ж прадукт складаецца з практычна адзінага набору інгрэдыентаў. Але, як зазначае дырэктар філіяла, у кожным вырабе «замешваецца» ўменне майстроў, часцінка душы і, зразумела, настрой. Вось і атрымліваецца ўнікальны твор. А як нараджаецца чарговы рэцэпт?

— У распрацоўцы кожнага з найменняў з тых відаў прадукцыі, якія зараз вырабляе Пружанскі хлебазавод, непасрэдны ўдзел прымаюць нашы спажыўцы,— тлумачыць Ларыса Леанідаўна.— Напрыклад, пірог «Любімы» з‘явіўся, улічваючы заяўкі пакупнікоў, якія заказвалі караваі на вяселлі і іншыя ўрачыстасці. Шляхам падбору рознага начыння і ўпрыгожанняў і нарадзіўся такі прадукт. А за хлебабулачныя вырабы пакупнікі «галасуюць» у магазінах.


Сёння пружанскі хлебазавод выпускае каля паўсотні найменняў хлебабулачных вырабаў. І гэта толькі без упакоўкі і нарэзкі, якія ўвогуле пашыраюць асартымент да паўтары сотні пазіцый. Сваю прадукцыю прадпрыемства пастаўляе ў магазіны раёна, а таксама г.Брэста і шэрага рэгіёнаў Гродзенскай вобласці.


«Прэміяльная» прадукцыя, як зазначае дырэктар філіяла, даступна для пружанцаў. Вызначыць яе вельмі проста: згодна з умовамі конкурсу, афармленні адзначаных лаўрэатаў можна выкарыстоўваць лагатып Рэспубліканскага агляду «Смаката».
Алег Сідарэнка.

На здымку: непасрэдны ўдзел у прыгатаванні вырабаў-пераможцаў прымалі начальнік участка хлебапячэння Н.А.Жыдзецкая (у цэнтры), брыгадзір змены Г.П.Цімафеева і цеставод Г.В.Русакевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.