Четверг, 15 апреля 2021

У ПалесДУ адкрыта новая спецыяльнасць «Біяхімія»

257

Калі вы з’яўляецеся прыхільнікам прыродазнаўчых навук, то гэтая інфармацыя — для вас. Спяшаемся паведаміць маладым людзям, што ў 2021 годзе ў Палескім дзяржаўным універсітэце будзе ажыццяўляцца набор на новую спецыяльнасць “Біяхімія”.
Мы гатовыя забяспечыць нашых студэнтаў неабходнымі ведамі пра новыя дасягненні ў сферы інавацый у біялогіі, біяхіміі і біятэхналогіі і, тым самым, паскорыць распрацоўку і ўкараненне інавацый у рэальную вытворчасць і сферу паслуг.


Аб’ектамі даследаванняў будучых біяхімікаў будуць біямалекулы клетак і клетачных структур, біяхімічныя працэсы ў арганізмах, а таксама ўсебаковае даследаванне структуры і фізіка-хімічных уласцівасцей злучэнняў, якія ўваходзяць у склад жывых арганізмаў.
Нашы выпускнікі змогуць працаваць біяхімікамі, біёлагамі, экспертамі, навуковымі супрацоўнікамі ў навукова-даследчых установах, на вытворчых прадпрыемствах, у лабараторыях сертыфікацыйных, экспертна-крыміналістычных, мытных, санітарна-эпідэміялагічных і экалагічных службаў.
Нашы спецыялісты забяспечаць навукова-вытворчую і даследчую дзейнасць у галіне фармацэўтычнай, медыцынскай і ветэрынарнай біятэхналогіі, харчовай прамысловасці, імуналогіі, нанабіятэхналогіі, экалагічнага маніторынгу.
Узровень сучаснага развіцця прадпрыемстваў і вытворчасцей біяхімічнага профілю ў нашай краіне патрабуе пастаяннай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. Таму мы гатовыя адкрыць вам вялізныя магчымасці для самарэалізацыі.
Юлія Гарбар.