Воскресенье, 13 июня 2021

Праблема з душком, або Нешта тут нячыста. Паспрабавалі разабрацца, што рабіць, калі сусед збірае смецце…

677

На від з акна паскардзіўся пажылы жыхар г.Пружаны Мікалай Георгіевіч, які звярнуўся ў рэдакцыю па дапамогу. Дзядуля жыве разам са сваёй жонкай-інвалідам у гарадской двухпавярхоўцы. А па суседстве пасяліўся чалавек, які складзіруе каля гаспадарчых пабудоў, якраз перад вокнамі пенсіянера, рознае смецце: макулатуру, металалом, шкло, рыззё і іншыя рэчы, што адпрацавалі свой век. Час ад часу гэты зборшчык смецця, які нідзе не працуе, здае іх на пункты прыёму другаснай сыравіны і такім чынам зарабляе сабе на жыццё.
Каб пабачыць усё на свае вочы, журналісты “раёнкі” вырашылі выехаць на месца.

Наш адрас не дом і не вуліца…
Адрас называць не будзем: такіх месцаў складзіравання смецця ў райцэнтры некалькі – і гэтыя “гарачыя кропкі” добра вядомыя пружанцам, як вядомы і аналагічныя скаргі ад людзей на пастаянных пружанскіх зборшчыкаў смецця, якіх усе ведаюць у твар.
Шчыра кажучы, звычайна пры сустрэчы з тымі, хто вязе на вазку або ў старой дзіцячай калясцы сабраныя па горадзе кардонныя скрынкі, бутэлькі і г.д., адмоўных эмоцый не адчуваеш. Тым больш, людзі займаюцца карыснай справай. Хіба не так? Вызваляюць горад ад прадуктаў гаспадарання іншых, прычым, не самых добрасумленных асоб. Адным цяжка данесці да бліжэйшай скрынкі для смецця бутэльку ці бляшанку з-пад піва, і яны кідаюць іх там, дзе дапілі напоі, – пад плот ці на газон. Другім няма як утылізаваць стары халадзільнік, іржавую газавую пліту або згарэлую мікрахвалёўку, і яны кідаюць іх ля кантэйнераў “Камунальніка”. Трэцім… Спіс можа аказацца бясконцым.

Не такі страшны “воўк”, як яго малююць?
Аднак ступень спагады да “санітараў” горада рэзка памяншаецца, калі яны, як у выпадку з нашым чытачом, маюць суседзяў і складзіруюць “дабро”, не адыходзячы далёка ад пад’езда.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што на момант нашага прыезду да Мікалая Георгіевіча частка смецця каля гаспадарчай пабудовы была вывезена. На карысць гэтай версіі сведчылі два пустыя вазкі.
— Ці надоўга? Бывала, тут столькі хламу назбіраецца, што ўся тэрыторыя да асфальту завалена. Агідна ў акно глядзець. Ды і адкрываць яго непажадана: устойлівы пах хутка прымушае прыкрыць фортку, — запэўнівае дзядуля.
Сапраўды, пах мы адчулі. Але не каля пабудовы: варта было ўвайсці ў пад’езд, як адна з дзвярэй брудна-шэрага адцення і ўстойлівы “водар”. невядомага спіртазмяшчальнага рэчыва падказалі, дзе жыве “смецяр”.

Даражэй за грошы дагавор?
Адразу адзначым, што ніякіх спроб увайсці ў тую кватэру і даведацца пра альтэрнатыўны пункт гледжання мы не рабілі. Да таго ж, журналістаў на законных на тое падставах гаспадары мелі права і не ўпусціць.
Што ў такім выпадку рабіць Мікалаю Георгіевічу, які, як аказалася, неаднаразова спрабаваў дамовіцца з суседам?
— Сам ён праблемы не бачыць! Яго самога ўсё задавальняе. Шчыра кажучы, мне няма справы да таго, як ён жыве, — яго права. У мяне адно жаданне, каб прыбраў завалы каля пабудоў. Па-добраму яго прасіў. Ён нават пагражаў разабрацца са мной “па-мужчынску”. Але я за сябе не баюся, і тое, што ён па ўзросце мне ў сыны падыходзіць, не бянтэжыць. Жонку шкада.

Дык што рабіць?
Як сцвярджае Мікалай Георгіевіч, перш чым патэлефанаваць у рэдакцыю, ён звяртаўся па дапамогу ў розныя інстанцыі.
— Нават участковы прыязджаў, агледзеў пабудовы і сказаў, што няма такога закона, які рэгламентаваў бы складзіраванне другаснай сыравіны ў гаспадарчай пабудове. Але ж двор шматкватэрнага дома — гэта, як разумею, тэрыторыя агульнага карыстання! — кажа дзядуля, які стаміўся ад такога суседства.

Каб высветліць, ці сапраўды на злосных “смецяроў” няма ніякай управы, мы звярнуліся па кансультацыю адразу ў некалькі ведамстваў. Магчыма, звесткі, што там атрымалі, некаму з пружанцаў, якія трапілі ў падобную сітуацыю, спатрэбяцца.

Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі
Паколькі “склады” смецця гіпатэтычна могуць стаць і становяцца прыстанішчам для насякомых, варта падняць пытанне аб неабходнасці дэзынсекцыі памяшканняў. Што для гэтага трэба?
Як патлумачылі нам у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, пацярпелы бок мае права пакінуць заяўку ў іх арганізацыі. Але, зноў-такі, увайсці на прыватную тэрыторыю — у кватэру ці гаспадарчую пабудову — без дазволу ўладальніка работнікі санітарных службаў не могуць.

Раённы аддзел міліцыі
Участковы інспектар міліцыі Сяргей Мікалаевіч Каляда, які і выязджаў на “месца здарэння”, патлумачыў, што ён можа апытаць заяўніка, сведак, зафіксаваць парушэнне, калі яно ёсць, і паведаміць пра яго ў камунальныя службы. Вывезці смецце і ачысціць тэрыторыю павінны камунальшчыкі. Але і яны не дадуць гарантыю, што ў далейшым “смецяр” не будзе працягваць складзіраваць другасную сыравіну ў неналежным месцы.

КУВП «Камунальнік»
Як растлумачыў намеснік дырэктара КУВП “Камунальнік” па ідэалагічнай і інфармацыйнай рабоце Віталь Ігаравіч Казлоў, для вырашэння падобных пытанняў неабходна звярнуцца са скаргай у камунальную службу і пакінуць заяўку. Тэхнічная брыгада выедзе на месца, агледзіць тэрыторыю і, калі будуць выяўлены парушэнні правілаў карыстання і ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў, складзе пратакол на парушальніка.
Як дадала начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела “Камунальніка” Галіна Пятроўна Гардзей, калі гаворка ідзе пра забруджванне тэрыторыі агульнага карыстання, дастаткова тэлефанавання ў дыспетчарскую службу па тэлефоне 9-29-11. Тады праблема будзе вырашацца з прыцягненнем неабходных службаў.

Юрыдычная кансультацыя
Прыцягнуць да адказнасці “смецяра” сапраўды цяжка. Аднак, як патлумачылі нам юрысты, стварэнне антысанітарных умоў вакол сябе — гэта парушэнне інтарэсаў і правоў іншых людзей.
Як адзначыла адвакат Наталля Сяргееўна Васюковіч, грамадзяне абавязаны ўтрымліваць у чысціні і парадку жылыя памяшканні, уключаючы падсобныя, не смяціць у дапаможных памяшканнях жылых дамоў і на прыдамавой тэрыторыі, выносіць смецце, цвёрдыя камунальныя адходы ў спецыяльна адведзеныя месцы. На парушальнікаў можа быць накладзены штраф да 30 базавых велічынь.
—А згодна з Жыллёвым кодэксам, грамадзяне, якія на працягу каляндарнага года тры і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі і ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў, падлягаюць высяленню ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылога памяшкання па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання або іншых зацікаўленых асоб, — кажа спецыяліст.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).