Среда, 14 апреля 2021

Суддзя Мікалай Рэпіха пайшоў на заслужаны адпачынак. Пагутарылі з юрыстам пра адказнасць і гучныя справы

605

За плячыма ў Мікалая Рэпіхі больш за сорак гадоў юрыдычнай дзейнасці, палову з якіх, дарэчы, ён працаваў на пасадзе старшыні раённага суда.


Перш чым ажыццявіць сваю дзіцячую мару стаць юрыстам, Мікалай Віктаравіч паспрабаваў сябе ў розных галінах. Пасля службы ў арміі працаўладкаваўся начальнікам радыёстанцыі Драгічынскага ДТСААФ, затым выкладаў фізкультуру ў сельскай школе. І толькі калі працаваў наладчыкам абсталявання на Белаазёрскім энергамеханічным заводзе, вырашыў усё ж атрымаць прафесію, якая так прываблівала: закончыў Калінінградскі дзяржуніверсітэт.


Першым месцам працы па спецыяльнасці стала натарыяльная кантора Пружанскага раёна.


— Вось так я, ураджэнец Драгічынскага раёна, і апынуўся на Пружаншчыне. Прыехаў сюды ў 1979 годзе ды так і застаўся, — расказвае Мікалай Віктаравіч. — Не стаць добрым юрыстам я проста не меў права: на маім шляху трапляліся толькі выдатныя калегі-настаўнікі. Адным з іх быў, напрыклад, Пётр Піліпавіч Мычко, паважаны ў горадзе чалавек, інвалід Вялікай Айчыннай вайны.
Але неўзабаве Мікалай Рэпіха развітаўся з натарыятам: на пасаду суддзі ў той час не назначалі, а выбіралі. Такім чынам і трапіў у судовую сістэму.

-Колькі спраў давялося разгледзець за ўсе гэтыя гады, сёння складана нават падлічыць. Грамадзянскія, адміністрацыйныя… Запомнілася першая крымінальная. Гэта было выязное пасяджэнне суда ў Мураве. Разглядалі справу, калі сын ударыў бацьку сякерай у плечы. Бацька, нягледзячы на сур’ёзнасць выпадку, прасіў строга сына не караць. Адказнасць той, зразумела, панёс, але ў турму яго не адправілі…
Мікалай Віктаравіч зазначае, што цікавых, рэзанансных спраў было мноства. Ад вынікаў разгляду кожнай з іх залежалі чалавечыя лёсы. І суддзя добра гэта ўсведамляў, таму, як запэўнівае сам, заўсёды ўважліва ставіўся да вывучэння ўсіх матэрыялаў. Прызнаецца, што найбольш складана было прымаць рашэнні па справах, суб‘ектамі якіх з‘яўляліся непаўналетнія.


— Бытавыя непаразуменні, адміністрацыйныя парушэнні — гэта нішто ў параўнанні з тым, калі прадметам спрэчкі з’яўляюцца дзеці. Можна дзяліць маёмасць, перадаваць зямлю ад аднаго гаспадара да іншага. Але хіба матэрыяльныя каштоўнасці могуць параўнацца са слёзамі дзяцей, якіх, быццам лялек, спрабуюць падзяліць бацькі, ці калі, наадварот, дарослыя абыякава ставяцца да лёсу сваіх дзяцей і за гэта іх пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. Складаныя і з маральнага, і з эмацыянальнага пункту гледжання выпадкі.
Яшчэ цяжэй выносіць рашэнні, калі самі непаўналетнія аказваюцца на лаўцы падсудных.

З 1985-га і па 2007 год Мікалай Рэпіха з’яўляўся старшынёй Пружанскага суда. Прызнаецца, што былі прапановы пайсці на павышэнне — у абласны суд.
— І чаму не згадзіліся?
— А навошта?! Я атрымліваў задавальненне ад таго, чым займаўся: маё месца было ў раённым судзе.

Прымаць судовыя рашэнні — вялікая адказнасць. Мікалай Віктаравіч шчыра прызнаецца, што за гады работы ў судовай сістэме і ў яго былі памылкі: не ўсе вынесеныя ім рашэнні пакідаў у сіле абласны суд. Але здаралася і такое: аспрэчаныя ў абласным судзе рашэнні пружанскага суддзі Вярхоўны Суд прызнаваў правільнымі.


— Вельмі складана даваліся рашэнні, якія прыцягвалі ўвагу грамадскасці. Яшчэ ў савецкія часы, напрыклад, давялося разглядаць справу, калі на лаўцы падсудных апынулася ўрач, у якой памерла пацыентка. Вынесці правільны — апраўдальны — прыгавор тады дапамаглі эксперты рэспубліканскага ўзроўню. Напэўна, многія старажылы памятаюць рэзанансную справу аб службовым злачынстве ва «Універмагу» ў часы дэфіцыту…


М.В.Рэпіха лічыць, што суддзя — гэта вяршыня прафесіяналізму для юрыста: выслухаўшы адваката і пракурорскага абвінавачвальніка, якія часта выступаюць з абсалютна процілеглымі пунктамі гледжання, менавіта ён павінен паставіць кропку і прыняць правільнае рашэнне.

У кастрычніку Мікалай Віктаравіч пайшоў на заслужаны адпачынак.
— І не верыцца, што ўжо споўнілася 65 гадоў — далей займаць пасаду дзяржслужачага не дазваляе заканадаўства. Ці трэба гаварыць, аддаўшы большую частку жыцця судовай сістэме, што я займаўся любімай справай? З вышыні свайго вопыту магу сказаць, што з цягам часу патрабаванні да работнікаў судовай сістэмы значна памяняліся. Яно і зразумела, змяніліся яе структура і іерархія, ідзе працэс лічбавізацыі. Павялічыліся патрабаванні і да саміх суддзяў. Але, на маю думку, нязменна адно: мала ведаць закон, трэба ўмець яго прымяняць.


У свой час мне на вочы трапілі такія вершаваныя радкі:
«Сполна испив печали
И радостей благих,
Познай себя вначале,
Чтобы познать других.
И властвовать собою
Учись, когда умён
И вознесён собою,
И властью наделён».
Яны на працягу многіх гадоў і з’яўляліся маім прафесійным крэда. У дачыненні да сябе я замяніў бы тут толькі адно слова…
Марына Вакульская.