Четверг, 23 сентября 2021

6 снежня — Дзень юрыста

591

«Прысвячаючы сябе служэнню закону, урачыста клянуся выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, іншыя заканадаўчыя акты і міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь…» — словы з прысягі пракурорскага работніка сталі для Веранікі Манец дэвізам у рабоце.


Вераніка Эдуардаўна працуе ў органах пракуратуры не так даўно: у мінулым годзе, стаўшы дыпламаваным юрыстам, яна была прызначана на пасаду памочніка пракурора Бярозаўскага раёна, дзе працавала амаль год. Затым апынулася на Пружаншчыне.


— Непадробны інтарэс да юрыспрудэнцыі ў мяне з’явіўся падчас вучобы ў школе, — прызнаецца Вераніка Манец. — Увогуле я марыла стаць следчым.


Але планы памяняліся, калі яна паступіла ва ўніверсітэт. Калі асвойвала ў Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя А.С. Пушкіна нюансы судова-пракурорска-следчай дзейнасці, юрыспрудэнцыя настолькі зацягнула дзяўчыну, што ўсе чатыры гады навучання яна займалася яшчэ і навуковай дзейнасцю, якую, да слова, працягвае і сёння.

Акрамя таго, сёння памочнік пракурора спалучае работу яшчэ і з вучобай у магістратуры Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО».


— Ужо з першых дзён вучобы ва ўніверсітэце ў мяне была адна мэта — трапіць на работу ў органы пракуратуры. Сёння, хаця я яшчэ толькі пачынаю свой прафесійны шлях, разумею, што прыняла правільнае рашэнне.


На памочніку пракурора Пружанскага раёна ляжыць абавязак сачыць за адпаведнасцю судовых пастаноў па грамадзянскіх справах, а таксама нагляд за выкананнем заканадаўства органамі прымусовага выканання. Ёй ужо давялося падтрымліваць дзяржаўнае абвінавачванне па вялікай колькасці спраў, правесці шмат праверак па кантралюемых накірунках.


У ліку асноўных паказчыкаў эфектыўнасці сваёй работы Вераніка Манец называе аднаўленне справядлівасці, парушаных правоў і свабод грамадзян, інтарэсаў прадпрыемстваў і арганізацый.


— Сітуацыі жыццё падкідвае розныя, — расказвае пра свае працоўныя будні субяседніца. — Нядаўна, напрыклад, на асабісты прыём да пракурора звярнулася жанчына — інвалід трэцяй групы. Яна прасіла дапамагчы ёй выселіць былога мужа. Як высветлілася ў ходзе справы, мужчына не пражываў па пэўным адрасе больш за 25 гадоў, на працягу гэтага часу не прымаў ніякага ўдзелу ні ў аплаце жыллёва-камунальных паслуг, ні ў правядзенні рамонту. Мы дапамаглі жанчыне падаць адпаведную іскавую заяву, і суд яе задаволіў.

Хаця Вераніка Эдуардаўна яшчэ толькі ў пачатку свайго працоўнага шляху, яна ўжо добра ўсвядоміла, што галоўны набытак пракурорскага работніка — здольнасць забяспечваць вяршэнства права, законнасць і правапарадак, абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян, арганізацый, дзяржавы.
Падрыхтавала Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.