Среда, 14 апреля 2021

Пружанскія школьнікі прынялі ўдзел у вучэбна-трэніровачных зборах па ваенна-патрыятычнай падрыхтоўцы “Пераможца”

418

10-ы наш пружанскі батальён

Менавіта так ахрысцілі свой зборны атрад навучэнцы з сярэдніх школ № 3 і № 5, якія нядаўна прайшлі пяцідзённыя вучэбна-трэніровачныя зборы па ваенна-патрыятычнай падрыхтоўцы “Пераможца”. Сертыфікаты “маладога байца” атрымала 14 юнакоў і 2 дзяўчыны.
Заняткі 10-й змены юнармейцаў праходзілі на базе маладзёжнага патрыятычнага цэнтра, размешчанага на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Юнармейцы ўжо вярнуліся на месца “дыслакацыі” і з задавальненнем падзяліліся з журналістамі сваімі ўражаннямі.


— Наш побыт і рэжым дня былі максімальна набліжаны да рэальных армейскіх будняў, — распавяла, у прыватнасці Кацярына Зялевіч. — Вялікія пакоі “казарменнага” тыпу, металічныя ложкі, бясконцыя заняткі на вуліцы (маршыроўка, арыентаванне на мясцовасці, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, лазертаг, рукапашны бой) дапамаглі нам адчуць сябе сапраўднымі салдатамі. Вядома, было цяжэй, чым мы меркавалі, але смачнае трохразовае збалансаванае харчаванне і, шчыра кажучы, паблажлівае стаўленне да нас, дзяўчат, надавалі сілы і ўздымалі настрой. Ва ўсякім выпадку, ніхто з нас не пашкадаваў, што ўвязаўся ў гэтую ваенную “авантуру”. Паказальна, што большасць хлопцаў, якія плануюць паступаць у Ваенную акадэмію, толькі ўмацаваліся ў сваім намеры. Што тут скажаш, сапраўдныя салдаты!


Безумоўна, узнялі баявы настрой юнармейцаў граматы і падзякі, якія ўручыў лепшым з лепшых начальнік збораў гвардыі палкоўнік у запасе Віктар Радомскі. У прыватнасці, за высокія паказчыкі па выкананні вучэбнай праграмы і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў былі ўзнагароджаны Кацярына Зялевіч, Аляксандр Протас і “намеснік камандзіра аддзялення” Мікіта Грамыка. Падзяку за службу атрымалі таксама “намеснік камандзіра ўзвода” Андрэй Карэтка, Віктар Шыпуль і Ульяна Жалнярчук. Асаблівыя ўзнагароды — падзячныя лісты бацькам за выдатнае выхаванне сваіх дзяцей — павезлі дахаты Арцём Дах, Андрэй Ляўчук, Мікіта Палякоў і Аляксандр Навіцкі.
Алена Зялевіч.