Суббота, 16 января 2021

І яшчэ раз пра тое, як трэба насіць медыцынскую маску. Калі ласка, рабіце гэта правільна!

189

Два тыдні абавязковага масачнага рэжыму пакрыху змяняюць стаўленне людзей да ўласнага здароўя. Зразумела, можна пачуць нямала сумненняў у тым, што маска выратуе ад хваробы. І нават тыя, хто ўпэўнены ў неабходнасці нашэння масак у грамадскіх месцах, не заўсёды карыстаюцца імі правільна.
“А як трэба?” – спытаюць чытачы. Нагадаць пра гэта мы папрасілі загадчыцу Пружанскай паліклінікі В.П.Барысюк.

Наколькі важна насіць маскі?
– Няма такога сродку, які б на сто працэнтаў абараніў ад нейкага віруса ці інфекцыі, – падкрэслівае Вольга Паўлаўна. – Аднак дакладна ўстаноўлена, што каранавірус распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам: ляціць ад чалавека пры чханні, кашлі ці нават размове. Кантакт здаровага чалавека з хворым на COVID-19 можа прывесці да перадачы віруса, а маска зніжае рызыку захворвання.

Каму трэба «маскіравацца»?
Калі напачатку пандэміі Сусветная арганізацыя аховы здароўя раіла надзяваць маскі толькі асобным катэгорыям людзей (пераважна хворым), то зараз рэкамендацыі значна пашырыліся. Насіць маскі проста неабходна ў месцах масавага знаходжання людзей, тым больш, падчас увядзення агульнага масачнага рэжыму.
Зразумела, што абавязкова надзяваць маскі трэба тым, чыя прафесійная дзейнасць непасрэдна звязана з людзьмі: медработнікам, прадаўцам, вадзіцелям і г.д.

Як трэба насіць маску?
– СААЗ выпрацавала канкрэтныя парады па нашэнні медыцынскіх масак, – кажа Вольга Паўлаўна.
Вось яны:
*Перад тым, як надзець маску, неабходна добра вымыць рукі з мылам. Затым патрабуецца агледзець сродак аховы ад вірусаў і інфекцый: калі на масцы няма пашкоджанняў – надзяваем, калі ёсць – бяром іншую. Звярніце ўвагу, што трымаць, надзяваць і здымаць маску трэба толькі за вушныя петлі, не дакранаючыся паверхні рукамі.
*Устаўку з дроту або шчыльны заціск неабходна размясціць уверсе. Надзяваць маску трэба знешнім афарбаваным бокам ад сябе, сагнуўшы заціск або ўстаўку па форме пераносся.
*Маска абавязкова павінна закрываць нос, рот і падбародак. Калі, дапусцім, нос знаходзіцца наверсе, то нашэнне маскі неэфектыўнае.
*Пасля двух гадзін нашэння змяніце маску. Пры гэтым памятаем, што дакранацца да яе нельга.
*Выкідваць выкарыстаную маску пажадана ў кантэйнер, які закрываецца. Зразумела, што пасля гэтага абавязкова трэба вымыць рукі і апрацаваць іх антысептыкам.

Што яшчэ варта ведаць?
– Выкарыстаная маска, па сутнасці, раўназначная сродкам асабістай гігіены. Вы ж не дазваляеце камусьці іншаму карыстацца сваёй зубной шчоткай? Гэтак жа і з маскай. Ні ў якім разе нельга перадаваць маску, якую вы ўжо насілі, другім людзям, нават калі яна шматразовая і вы яе памылі, — звяртае ўвагу ўрач.

Не варта выкарыстоўваць пашкоджаную або парваную маску, а таксама брудную. Тое, што пад маскай назапашваецца вільгаць, асабліва ў халоднае надвор’е, заканамерна. Не насіце мокрую маску, лепш замяніце яе на чыстую. Калі ў выкарыстоўваемай вамі масцы цяжка дыхаць, пашукайце ёй альтэрнатыву — з іншай тканіны.

Таксама нельга здымаць маску, калі менш чым у 1,5 метрах ад вас знаходзяцца людзі.

Памятайце, што аднаразовая маска таму так і называецца, што адразу пасля нашэння яе трэба ўтылізаваць.
—І самае галоўнае, — кажа В.П.Барысюк, — насіць маску – вельмі важна, але не варта забываць і пра іншыя меры прафілактыкі. Парады пра захаванне сацыяльнай дыстанцыі ў 1,5 метра, гігіену рук і выкарыстанне антысептыка па-ранейшаму актуальны. Выконвайце іх і будзьце здаровы!
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла.