Четверг, 21 июня 2018

На Пружанщине ветер дров наломал

1 365

Ураганы сёлета зачасцілі. Ледзь паспелі работнікі лясгаса разабрацца з лесапаваламі ў Зеляневіцкім і Ружанскім лясніцтвах, яшчэ шчыравала тэхніка на лесапавалах у Бярозаўцы (у гэтых трох лясніцтвах шквалістым ветрам было знішчана ў агульнай колькасці больш як 10 тысяч кубаметраў лесу), а тут на табе — новы «падарунак» прыроды. 21 ліпеня асноўны ўдар ўрагану прыйшоўся на тэрыторыю Лыскаўскага лясніцтва. Тут было начыста вынішчана 100 гектараў лесу і яшчэ каля 80 гектараў лясных угоддзяў пашкоджана выбарачна. Усяго, падлічылі спецыялісты лясгаса, належыць убраць і вывезці амаль 40 тысяч кубаметраў лесу.

Усе падраздзяленні прадпрыемства пераведзены на ўзмоцнены рэжым работы: працуюць да 19.00 гадзін вечара, з адным выхадным. Асноўныя пашкоджаныя масівы размешчаны каля аб’яздной дарогі ўздоўж Белавежскай пушчы, будаўніцтва якой павінна быць завершана ў лістападзе. Таму пастаўлена задача: увесь буралом распрацаваць менавіта да гэтага часу.

У дзясятым квартале Лыскаўскага лясніцтва, куды мы прыехалі разам з галоўным інжынерам лясгаса Віктарам Карніенкам і ляснічым Валерыем Жуком, шчыравалі чатыры трактары. На дарозе машына з гідраманіпулятарам грузіла ўжо раскрыжаваную драўніну. Лес побач выглядаў так, быццам па яму прайшліся гіганцкім дарожным катком.

— Усё здарылася літаральна за нейкія дзесяць хвілін,— расказвае Валерый Сяргеевіч.— Калі на небе паказалася чорная хмара, я ехаў па дарозе. Мусіў спы-ніцца, паставіў «УАЗ» у накірунку ветра, і ўсё роўна яго хістала, як запалкавы карабок. З’явілася яшчэ адна хмара. Двух парываў ветру хапіла для таго, каб «скасіць» столькі лесу…

Асабліва пацярпелі сасновыя дрэвастоі ўзростам 40-60 гадоў. Дзелавая драўніна адпраўляецца адразу на перапрацоўчыя прадпрыемствы ў Светлагорск і Шклоў, прадаецца насельніцтву. Балансавая ў асноўным ідзе на экспарт. За яе з лясгасам будуць разлічвацца валютай. Безумоўна, гэта прадпрыемству выгадна, таму ўвесь буралом тут мяркуюць распрацаваць сваімі сіламі. Тым больш, што тэхнікі хапае. Днямі ў найбольш пацярпелы дзясяты квартал пераведзены з Бярозаўскага лясніцтва англа-шведскі дрэваапрацоўчы камплекс «Winek», у складзе якога «Харвестар» і «Форвадэр», якія заменяць сабой добры дзясятак лесарубаў, бо самі драўніну абразаюць, рэжуць на патрэбную даўжыню, грузяць і вывозяць. Праўда, застаецца адкрытай праблема з яе адпраўкай: на чыгунцы не хапае для гэтага вагонаў: ідзе ліквідацыя наступстваў урагану, які здарыўся ў Белавежскай пушчы, і прызнаны самым моцным за апошнія 20 гадоў.

На гонкія сосны і беластволыя бярозкі, паламаныя як запалкі, немагчыма глядзець без жалю. Але ўжо будучай вясной на паляне, усеянай цяпер шчапой і сасновымі галінамі, пачнецца пасадка саджанцаў новага лесу…

На здымках: вядуцца работы ў Лыскаўскім лясніцтве.

Ганна Хадаровіч. Аляксандр Мелеш (фота).


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *