Четверг, 29 июля 2021

Як даглядаць ляжачага хворага? Пра што трэба ведаць, калі ў блізкага чалавека дэменцыя? На гэтыя і іншыя важныя пытанні адказвае інструктар ТЧК Людміла Лелікоўская

327

Ва ўсім свеце паважлівае і клапатлівае стаўленне да старых, хворых і нямоглых людзей лічыцца знакам высокай культуры. Вялікую работу з гэтай нагоды выконвае Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. У тым ліку яно рыхтуе інструктараў па розных напрамках дзейнасці, адзін з якіх — аказанне першай даўрачэбнай дапамогі і догляд хворых дома. Дык як зрабіць паўнавартасным жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі? На гэтае і іншыя пытанні адказвае інструктар раённай арганізацыі таварыства Людміла Лелікоўская.


— Мы дапамагаем чалавеку з інваліднасцю рухацца самастойна, пры гэтым зніжаючы фізічную нагрузку на ўсіх удзельнікаў працэсу — падапечнага і таго, хто яму дапамагае, — расказвае Людміла Аляксандраўна. — Задача інструктара — зразумець чужыя адчуванні і дапамагчы нямогламу чалавеку навучыцца кіраваць сваім целам. Паступова такі чалавек здабывае ўпэўненасць у сваіх сілах і вызваляецца ад сіндрому “бездапаможнасці”. Ён гатовы па-новаму жыць, выкарыстоўваючы свой патэнцыял.
— Відаць, важнае значэнне ў гэтым маюць простыя чалавечыя зносіны…
— У пажылых людзей ёсць асаблівая патрэба выгаварыцца. І ім трэба даць такую магчымасць: сядзьце побач і выслухайце (хай нават у соты раз) іх аповед, згаджайцеся, рабіце выгляд, што чуеце інфармацыю ўпершыню. І вельмі хутка ўбачыце станоўчы вынік такога цярпення — эмацыйную ўстойлівасць і ўраўнаважанасць чалавека.
— Тады можна прыступаць да “практычных дзеянняў”?
— Напрыклад, калі ад інсульту пацярпеў правы бок чалавека, заахвочвайце яго есці, пісаць, расчэсвацца левай рукой. Таксама стымулюйце яго жаданне есці на кухні, за сталом, а не ў ложку. Для гэтага дапамагайце яму рухацца. Трэба выкарыстоўваць усялякія спосабы, каб матываваць хворага чалавека на рух, бо рух — гэта жыццё…
— Аднак дзеля гэтага патрэбна прастора. Як, у прыватнасці, уладкаваць жылое памяшканне для пажылога чалавека і чалавека ў інваліднай калясцы?
— Перш за ўсё, трэба забяспечыць максімум прасторы пры мінімуме мэблі. Прыбярыце дзвярныя парогі. Калі без дывана на падлозе не абысціся, то абавязкова замацуйце яго край двухбаковым скотчам або прыбіце цвікамі. Ложак павінен быць даступны з двух бакоў.
Побач з ваннай, унітазам, ракавінай, у душавой кабіне размясціце поручні. У ваннай выкарыстоўвайце дыванкі, якія не слізгаюць, устойлівую драўляную лесвічку (у дзве прыступкі, з гумовымі ножкамі) і рашотку-сядзенне з ручкамі. Прыбярыце ўсе хімічныя рэчывы, каб чалавек незнарок не пераблытаў шампунь і сродак для мыцця ванны.
На кухні павінен быць бесперашкодны пад’езд да стала і пліты. У прыхожай на бачным месцы пажадана павесіць функцыянальнае пано з кішэнямі – для расчоскі, доўгай лыжачкі для абутку, а таксама плакацік з імем чалавека, яго тэлефонам і тэлефонамі яго блізкіх і ўрача.
Калі чалавек пакутуе ад дэменцыі — страты памяці, уваходныя дзверы павінны быць зачынены, каб ён не мог самастойна выйсці на вуліцу. Дарэчы, на бачным месцы павінна вісець нядаўняя фатаграфія такога чалавека, каб у выпадку згубы можна было даць наводку пошукавікам. Таксама павінны быць зачынены вокны, а ручкі з іх зняты. У прыхожай лепш прыбраць верхняе
адзенне, каб не правакаваць такога чалавека прагуляцца.
— Дайце параду, на што трэба звяртаць увагу, калі падапечны не ўстае з ложку.
— Па-першае, для прафілактыкі трамбозу ў пажылых людзей з парушэннем кровазвароту пажадана выкарыстоўваць спецыяльныя матрацы і падушкі. Таксама рэкамендаваны кампрэсійны перавязачны матэрыял і трыкатажная бялізна.
Можна самастойна пашыць функцыянальныя падушкі з рознымі напаўняльнікамі. Якімі яны павінны быць, вырашаць вам, у залежнасці ад захворвання чалавека. Цвёрдая (з какосавым валакном і воўнай) падушка звычайна падкладваецца пад паясніцу — для расслаблення мышцаў і сагравання. Мяккая падушка-змейка (з антыстрэсавым напаўняльнікам пенкай-пясочкам) – пад шыю. Масажная (з вішнёвымі костачкамі) патрэбна для трэніроўкі пальцаў рук.
Абавязкова побач з ложкам варта размясціць невысокі столік-палічку, каб самыя неабходныя прадметы былі ў зоне даступнасці. Пастаўце туды бутэлечкі з пітной вадой, абсталяваныя трубкай для зручнага піцця.
— Людміла Аляксандраўна, нават абмежаваны ў руху чалавек жадае ўсведамляць сваю значнасць…
— Калі ў вашага падапечнага ёсць творчыя здольнасці, заахвочвайце яго да самавыяўлення: спявайце з ім караоке, малюйце, збярыце прыгожы восеньскі букет. Можна намаляваць генеалагічнае дрэва, аформіць яго сямейнымі фотаздымкамі і замацаваць на сцяне. Спосабаў шмат, галоўнае — не ленавацца і жадаць дапамагчы.
— Адным словам, не трэба шкадаваць часу, каб зрабіць жыццё сваіх родных і блізкіх больш камфортным.
— Так, усім трэба памятаць, што мы не будзем вечна маладымі. Час ляціць так хутка, што не заўважым, як самі пяройдзем у тую катэгорыю людзей, якая мае патрэбу ў дапамозе. Старыя і нямоглыя людзі павінны быць патрэбныя грамадству. Як сказаў сусветна вядомы спартсмен, чэмпіён UFC Хабіб Нурмагамедаў, які пасля смерці бацькі абвясціў пра намер завяршыць кар’еру дзеля матулі: “Калі ў вас ёсць старыя і хворыя бацькі, проста заўсёды будзьце з імі побач”.
Гутарыла Алена Зялевіч.