Суббота, 16 января 2021

Знаёмцеся: Улад Чыркін і яго ганчарны свет — яркі, востры, эмацыйны

535

Памятаеце, як Рабінзон Круза сказаў, што ўсе мы
падобныя на гліну ў руках ганчара, якому ні адзін посуд не ў праве сказаць: навошта ты мяне стварыў менавіта ў такім выглядзе? Ніколі не задае падобных пытанняў Творцы і Улад Чыркін. Хлопец проста жыве і, нягледзячы на відавочныя цяжкасці, радуецца жыццю…


Улад — “асаблівы”. Але, гледзячы на тое, як па-майстэрску шчыруе над глінай, язык не паварочваецца назваць яго чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі. Хутчэй тыя з нас, хто закопвае свае таленты ў зямлю, абмежаваныя. А Улад сваю справу ведае: размінае гліну, месіць — і яна ў яго руках пераўтвараецца ў цуд.


— Гэта сапраўды цуд, — кажа кіраўнік пружанскай ганчарнай майстэрні “Бацькаўшчына” (што ў паркавым флігелі) і непасрэдны настаўнік маладога чалавека Віталь Раманоўскі. — Два гады таму, калі Улад да нас толькі прыйшоў, у яго атрымліваліся толькі грыбочкі, снегавічкі і іншыя прымітыўныя скульптурныя формы. А зараз паглядзіце, якія шэдэўры выдае! Хлопец нібы ўдыхае ў свае вырабы жыццё.


Гліна і розныя прылады для яе апрацоўкі: качалкі, стэкі, скрабкі — зрабілі сваю справу. Дапамаглі Уладу знайсці аддушыну ў гэтым свеце, далі магчымасць самавыяўляцца — у выдатных мастацкіх мініяцюрных рэльефах, кожны з якіх падобны на асобную карціну, у зграбных фігурках жывёл і казачных герояў, у тварах якіх можна ўбачыць знаёмыя рысы.


— Напэўна, Вы адразу заўважылі падабенства гэтага гнома са мной? — усміхаецца Віталь Іванавіч, а Улад, які сядзіць побач, заліваецца смехам.


Хай Улад даруе, што гаворым пра яго ў трэцяй асобе: “асабліваму” юнаку складана вымаўляць не толькі словы, але і некаторыя гукі, таму падчас нашай сустрэчы кіраўнік і выступае ў ролі суфлёра.


— Адкрыю сакрэт: знаёмства Улада з глінай адбылося значна раней, чым з нашай майстэрняй. У свой час нябожчык-тата падарыў “асабліваму” сыну печку для абпалу, сыравіну пастаўляла клапатлівая сястра, а я даваў формы для лепкі. Памятаю, Улад зрабіў мастацкае напаўненне для акварыума, ляпіў арыгінальныя шкатулкі з зааматывамі. Дарэчы, і зараз імі захапляецца. Вы зразумейце, у сілу сваіх асаблівасцей ён успрымае гэты свет ярчэй, вастрэй, больш эмацыянальна, чым асноўная большасць людзей, — сцвярджае Віталь Іванавіч.


Трэба аддаць кіраўніку належнае: у ганчарнай майстэрні створаны ўсе ўмовы, каб Улад мог разняволіцца і цалкам выказаць свой унутраны свет у сваіх вырабах. Адметна, што ў кабінеце падчас заняткаў гучыць класічная музыка, якую вельмі любіць малады чалавек і пад якую Віталь Раманоўскі ў даступнай форме прывівае яму важныя ўменні і навыкі.


— Гліна — гэта вельмі зручны трэнажор для рук, які развівае маторыку і каардынацыю рухаў. Станоўчы эфект працы з гэтым жывым матэрыялам бачны няўзброеным вокам. Паглядзіце, колькі хлопец робіць аперацый з глінай!


Сапраўды, Улад спрытна месіць гліну, дзеліць яе на розныя па аб’ёме кавалачкі, раскачвае самыя маленькія з іх у тонкія пласты і жгуцікі, потым нешта выразае і зноў лепіць. І хітра ўсміхаецца.
— Я, здаецца, здагадваюся, што ён задумаў, — кажа Віталь Іванавіч.
— Сімвал надыходзячага Новага года — белага металічнага Быка! — расцягваючы словы, з цяжкасцю вымаўляе хлопец і спрытным рухам устаўляе ў нос быку глінянае кальцо…

Працуй, Улад! Жыццё цябе апякло, як той збанок, але ты з кожным вітком ганчарнага круга становішся толькі цвярдзей i мацней. Няхай у новым годзе Бык-працаўнік стукне капытам і дастане табе з нетраў зямлі самую лепшую гліну. Табе толькі застанецца ўдыхнуць у яе свой талент. Яркіх і незабыўных уражанняў табе, майстар!

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.