Суббота, 10 апреля 2021

Рэйд ДАІ: паляванне на «прывідаў»

699

Наш горад нельга назваць буйным ні па плошчы, ні па колькасці жыхароў. Але, тым не менш, загружанасць аўтамабілямі і цэнтральных вуліц, і ўязнога кальца высокая. Акрамя мясцовых аўтааматараў хапае і «транзітных», бо геаграфічна наш райцэнтр размясціўся на скрыжаванні адразу некалькіх рэспубліканскіх трас.

Гэтыя акалічнасці, відавочна, уносяць свае карэктывы ў аварыйную статыстыку. А зараз — асабліва: светлавая частка дня стала вельмі кароткай, а ў цемры рызыка дарожна-транспартнага здарэння істотна павялічваецца. Таму амаль кожны вечар нарады ДАІ раз‘язджаюць па пружанскіх вуліцах з намерам папярэдзіць аварыі.
— Вельмі важна, каб у гэты перыяд усе ўдзельнікі руху без выключэння выкарыстоўвалі святловяртальныя элементы на адзенні, на гужавых павозках, веласіпедах,— зазначае старшы дзяржаўтаінспектар Сяргей Мышкевіч.

Як сцвярджае Сяргей Міхайлавіч, пяць год таму гэта было сапраўднай праблемай: флікер меў толькі адзін пешаход з сотні. Сёння сітуацыя выправілася, хаця і далёкая ад ідэальнай. І па-ранейшаму тых, хто ігнаруе патрабаванні Правілаў дарожнага руху, дзяржаўтаінспектары называюць «прывідамі», хаця вадзіцелі нярэдка выкарыстоўваюць і больш «моцныя» словы.

Сапраўды, нават на асветленай вулічнымі ліхтарамі праезнай частцы вуліцы заўважыць веласіпедыста або пешахода, якія не маюць святловяртальных элементаў, вельмі складана. Паток святла ад фар прывучае вочы бачыць толькі ў вельмі вузкім напрамку, зацямняючы ўсё, што застаецца па-за ім. А калі дадаць сюды яшчэ і святло фар сустрэчных аўтамабіляў? У выніку вадзіцель паспявае заўважыць перашкоду толькі ў 30 метрах ад свайго аўто.

Вельмі проста падлічыць, што на прыняцце рашэння аб манеўры яму даецца ўсяго каля трох секунд (пры хуткасці 60 км у гадзіну). За такі адрэзак часу вадзіцель павінен ацаніць сітуацыю, правільна выбраць траекторыю, каб аб’ехаць перашкоду. Што азначае вялікую інерцыю, рызыку заносу і… не заўсёды добрыя наступствы.
Калі на адзенні пешахода ёсць флікер (на веласіпедзе, адпаведна, ліхтары), то гэтага ўдзельніка руху вадзіцель заўважыць на адлегласці 250-450 метраў. У выніку ў кіроўцы застанецца ажно 30 секунд на манеўр. Паўмінуты, якія выратавалі ўжо не адно жыццё.

Што мы павінны ведаць…
— Таму ў ПДР строга патрабуецца наяўнасць флікераў, — зазначае старшы дзяржаўтаінспектар Сяргей Мышкевіч. — Варта дадаць, што лепш мець не адзін святловяртальнік, а некалькі, а пешаходам выкарыстоўваць такія элементы менавіта на адзенні, а не на сумцы або шапцы. Нагадаю, што веласіпедысты павінны рухацца на двухколавым транспарце, абсталяваным белым ліхтаром спераду і чырвоным ззаду.

Патрабаванні гэтыя напісаны не для таго, каб стварыць дадатковыя складанасці, а прадыктаваны самім жыццём.
У бягучым годзе з 16 дарожна-транспартных здарэнняў сем адбылося з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў. Так на дарозе пад Ружанамі сёлета загінуў чалавек, які ў тры гадзіны ночы ляжаў на праезнай частцы. З-за адсутнасці святловяртальных элементаў вадзіцель фуры позна заўважыў перашкоду. Пацярпелага выратаваць не ўдалося.

За адсутнасць флікераў і недастатковае абсталяванне веласіпедаў у начны час прадугледжана адказнасць. У пераважнай большасці выпадкаў супрацоўнікі ДАІ не даюць штрафы, абмяжоўваючыся папярэджаннямі. За выключэннем, калі ствараецца канфліктная сітуацыя, пешаход або веласіпедыст нецвярозыя. У падобных сітуацыях штраф можа складаць ад 1 да 3 базавых велічынь, а ў выпадку знаходжання ў нецвярозым стане — ад 3 да 5 базавых велічынь.

… але не спяшаемся выконваць
Як паказвае практыка, тры чалавекі з пяці папярэджаных ужо не трапляюць у поле зроку інспектараў у другі раз.
— Калі ж нашы ўшчуванні парушальнік забывае, — гаворыць Сяргей Мышкевіч,— трапляецца другі раз, то больш ніякіх слоў — толькі штраф.
Пераканаліся мы ў гэтым адразу. Уздоўж праезнай часткі па пасёлку Сонечным ішоў пешаход, у якога на цёмным адзенні не бачна было ніводнага водбліску. Мужчына прызнаўся, што ведае пра неабходнасць выкарыстання флікераў, але зараз «чамусьці» забыўся пра гэта. Супрацоўнікі ДАІ прымацавалі на рукаў парушальніку флікер і вырашылі праверыць яго па базе. Аказалася, што Анатоль менш за год таму ўжо спыняўся «даішнікамі» менавіта за такое ж парушэнне. Тады ён атрымаў штраф, што абавязвае і на гэты раз пакараць парушальніка рублём. Што і было адлюстравана ў складзеным пратаколе, які разам з флікерам пакінулі «на памяць» мужчыне.

Клапаціцца пра бяспеку сваіх работнікаў
Аднак падчас высвятлення абставінаў стала вядома яшчэ адна акалічнасць. Мужчына ішоў дадому з працы — з адной з гаспадарак раёна.
— Якраз напярэдадні Дзяржаўтаінспекцыя накіравала ва ўсе арганізацыі Пружаншчыны запыт наконт забеспячэння работнікаў спецвопраткай,— тлумачыць старшы дзяржаўтаінспектар. — На такім адзенні абавязкова выкарыстоўваюцца святловяртальныя элементы. І мы атрымалі адказы адусюль, што работнікам выдадзена спецвопратка ў поўным аб’ёме. Але ж чамусьці бачым перад сабой работніка ў звычайнай куртцы. Значыць, заўтра будзем звязвацца з кіраўніцтвам менавіта гэтай гаспадаркі.

Гісторыі — нібы сюжэты фільма жахаў
Калі з пешаходамі і флікерамі сітуацыя паступова выпраўляецца, то з веласіпедыстамі праблем не меншае.
— Зараз самі пабачыце! — выходзячы са службовага аўто, гавораць інспектары. — І добра, калі парушальнікі раней трапяць нам на вочы, а не пад аўто.
Нявыдуманыя гісторыі гучаць, нібыта сюжэты фільмаў жахаў.
П’яныя веласіпедысты на дарозе. Некаторыя нават у цемры перавозяць дзяцей. Без ліхтароў, без самых простых святловяртальных элементаў. Такіх інспектары называюць «бессмяротнымі». Дваіх падобных мы спынілі падчас рэйда на дарозе Пружаны-Якавічы.
Спачатку ў поле зроку трапіла жанчына на веласіпедзе, якую «даішнікі» ледзь паспелі разгледзець на павароце. Транспарт аказаўся поўнасцю загружаным, нібы прычэп, але ніякіх ліхтароў на ім не было. У дадатак у руцэ гаспадыня трымала даволі дарагі прыбор. Дарэчы, набыць яго яна змагла, а вось на належнае абсталяванне веласіпеда «грошай не хапіла». Такое тлумачэнне, зразумела, прагучала несур‘ёзна, але інспектары на першы раз абмежаваліся папярэджаннем.
Якраз падчас гутаркі з гэтай веласіпедысткай міма нас праехала яшчэ адна, што літаральна вынырнула з цемры. «Стоп! Далей ужо ніхто не едзе»,— супрацоўнікі ДАІ абедзвюх веласіпедыстак прымусілі дадому дабірацца пешшу.

Разумных усё ж больш
Зразумела, далёка не ўсе веласіпедысты паводзяць сябе так безадказна. Мы пабачылі і іншыя прыклады. Напрыклад, сустрэлі на вуліцы Лазо гараджаніна, які рухаўся на «правільным» веласіпедзе. Як зазначыў Віталь, двухколавым транспартам яму нярэдка даводзіцца дабірацца дадому або на працу ў цемры.

— Так, ліхтары каштуюць пэўную суму, але жыццё даражэй. Лічу, што тут ніякіх размоў не павінна быць пра эканомію.
На вуліцы Кастрычніцкай да спецаўтамабіля падышла гараджанка. Таццяна ў цемры рухаецца на веласіпедзе толькі ў святловяртальнай камізэльцы. Яе наяўнасць не патрабуецца Правіламі дарожнага руху, а толькі рэкамендуецца. Аднак жанчына пераканана, што такія рэкамендацыі накіраваны на захаванне жыцця і здароўя людзей.
— Таму, калі брат зрабіў мне такі падарунак, ён стаў для мяне самым дарагім, бо цяпер я спакойна езджу ў цемры на веласіпедзе, не баючыся трапіць пад колы. Зразумела, і сама выконваю ўсе адпаведныя правілы руху, да чаго заклікаю і іншых.

Станьце заўважнымі ў цемры!
Супрацоўнікі ДАІ і падчас рэйдаў, і пры правядзенні прафілактычных акцый рэгулярна «ходзяць у народ», каб у чарговы раз нагадаць грамадзянам пра выкарыстанне святловяртальных элементаў у цёмны час сутак, як пра жыццёвую неабходнасць.
У гэты вечар прафгутаркі таксама ніхто не мінуў, літаральна з кожным правялі «лікбез» і запоўнілі прабелы ў веданні патрабаванняў бяспекі ноччу на дарозе. Адны дзякавалі «даішнікам», па твары іншых было бачна, што яны з нецярпеннем чакаюць заканчэння размовы.
Апошніх, а разам з імі і ўсіх чытачоў газеты хочацца заклікаць літаральна ад усяго сэрца: прыкладзіце ўсе намаганні, каб стаць заўважнымі ў цемры дзеля асабістай бяспекі! Не варта разлічваць на банальнае шанцаванне ці спадзявацца на «шостае пачуццё» вадзіцеля. І калі гэтыя словы будуць пачуты, то ўсім можна пажадаць шчаслівай дарогі.

Алег Сідарэнка